За тыдзень у Беларусь спрабавалі ўвезьці больш за паўтоны гашышу

Ілюстрацыйнае фота

18 красавіка беларускія памежнікі знайшлі хованку з 318 кг гашышу ў аўтамабілі. Гэта ўжо чацьвёртая спроба кантрабанды гашышу за апошні тыдзень — агулам на мяжы канфіскавалі 560 кг гэтага наркотыку.

Паводле БелаПАН, здарэньне адбылося на мяжы з адной з краін Эўразьвязу, якой менавіта — не называецца.

Пласьціны гашышу знаходзіліся ў адмыслова абсталяваным тайніку. Заведзеныя крымінальныя справы паводле другой і трэцяй частак артыкула 328 «Незаконнае абарачэньне наркатычных сродкаў і псыхатропных рэчываў». За такое злачынства пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.

11 красавіка ў пункце пропуску «Дамачава» памежнікі затрымалі жыхара Берасьцейскай вобласьці, які спрабаваў правезьці праз польска-беларускую мяжу 92 кг гашышу.

13 красавіка супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў затрымалі жыхара расейскага Калінінграду, які спрабаваў увезьці ў Беларусь 36 кг гашышу.

14 красавіка ў пункце пропуску «Кузьніца» польскія памежнікі затрымалі грамадзяніна Расеі, які хацеў правезьці праз польска-беларускую мяжу 114 кг гашышу.

Паводле інфармацыі галоўнага ўпраўленьня па наркакантролі і супрацьдзеяньні гандлю людзьмі МУС, унутры Беларусі за 2017 год канфіскавалі 404 кг гашышу.