«Ты што, адмыслова не фарбуесься?», — упершыню я пачула гэтае пытаньне, здаецца, ад маці, калі аднойчы прыехала да яе на выходныя. Пазьней мне ня раз даводзілася адказваць на аналягічныя пытаньні сябровак, сяброў і проста знаёмых людзей. Але ў тыя дні, калі на маім твары ёсьць дэкаратыўная касмэтыка, чамусьці ніхто не пытаецца, ці адмыслова я фарбуюся.
Тое, што грамадзтва мае даволі жорсткія патрабаваньні да вобразу жанчын (і гаворка не толькі пра зьнешнасьць) — не навіна. Але сацыяльныя чаканьні зайшлі настолькі далёка, што ў некаторых аспэктах усё дагары нагамі. Нядзеяньне лічыцца дзеяньнем і наадварот.
Нядзеяньне лічыцца дзеяньнем і наадварот.
Наяўнасьць макіяжу на жаночым твары лічыцца ня проста натуральным станам рэчаў, а сытуацыяй «па змоўчаньні». Нам не даводзіцца тлумачыць, навошта мы фарбуем вейкі ці вусны, бо гэтыя дзеяньні лічацца цалкам натуральнымі. Дзівоснай падаецца адсутнасьць макіяжу.
Вось вы бачылі хоць адзін матэрыял у СМІ, прысьвечаны таму, што на вокладцы новага часопіса кіназорка зьнялася з нафарбаванымі вачыма? Мы можам абмяркоўваць асаблівасьці макіяжу: казаць, што ён амалоджвае ці старыць вобраз, пасуе ці не пасуе асобна ўзятай жанчыне, адпавядае ці не адпавядае сытуацыі. Але ўбачыць, каб хтосьці ставіў пад сумнеў неабходнасьць макіяжу як такога, амаль нерэальна.
Убачыць, каб хтосьці ставіў пад сумнеў неабходнасьць макіяжу як такога, амаль нерэальна.
Нешта падобнае адбываецца і з выдаленьнем так званых нежаданых валасоў: калі вы апублікуеце фатаздымак, на якім будзе жанчына ў кароткіх шортах і з паголенымі нагамі, у камэнтарах да яго будуць абмеркаваньні чаго заўгодна — ды хоць і неабходнасьці скасаваць візавы рэжым з Эўразвязам — але ніхто ня зьверне ўвагі на тое, што на нагах няма валасоў. Калі ж на аналягічным фота ў жанчыны будуць недэпіляваныя ногі, гэта назавуць выклікам грамадзкасьці, жаданьнем «штосьці даказаць» і «выпінаньнем».
Гэта як гетэрасэксуальныя пары паказваюць здымкі з адпачынку, каб «падзяліцца радасьцю», а гомасэксуальныя — каб «размахваць сваёй гомасэксуальнасьцю».
У нейкі момант адбываецца падмена паняцьцяў, і адсутнасьць дзеяньня аб’яўляецца актыўным дзеяньнем і робіцца фактычна палітычнай заявай. Сёньня няголеныя падпахі і ненафарбаваныя вейкі зьяўляюцца маніфэстам, і гэтае асабістае становіцца палітычным нават тады, калі мы гэтага не хочам.
Каб не нараджаць і не выходзіць замуж, ня трэба ніякіх прычынаў.
Пытаньні «ты што, адмыслова не выходзіш замуж?» і «ты што, адмыслова не нараджаеш?» — з той жа вобласьці. Так, нараджэньне дзяцей — гэта натуральная і прадугледжаная прыродай зьява, але па змоўчаньні ва ўсіх нас дзяцей няма, і актыўныя дзеяньні патрэбныя акурат для таго, каб яны зьявіліся. Каб не нараджаць і не выходзіць замуж, ня трэба ніякіх прычынаў, як ня трэба іх і для таго, каб не рабіць татуіровак ці не абразаць валасоў.
Мне не патрэбныя прычыны, каб не станавіцца мамай, — у мяне проста няма дастаткова прычын, каб ёй стаць. І калі я не фарбуюся і ня ўкладваю валасы перад тым, як выйсьці з кватэры, — я не «шукаю ўвагі» і не «даказваю штосьці навакольным».
Мне здаецца, нам варта крыху разгрузіць асабістае ад палітычнага, каб аднойчы ня выявілася, што і дыханьне — гэта таксама «дэманстрацыя». Бо часам валасы — гэта проста валасы.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.