Чым падобныя і чым адрозьніваюцца Аляксандар Лукашэнка і Ігар Дадон

Карыкатура на Ігара Дадона з намёкам на цара Дадона з «Казкі пра залатога пеўніка» Пушкіна

Пачаўся афіцыйны візыт кіраўніка Беларусі ў Малдову. Падчас візыту маюць адбыцца перамовы з прэзыдэнтам Малдовы Ігарам Дадонам. Чым адрозьніваецца, а чым падобны да Аляксандра Лукашэнкі прэзыдэнт Малдовы. Цытаты і факты.

Эканаміст, як і Лукашэнка

Доктар эканамічных навук. Тры вышэйшыя адукацыі:

  • эканамічны факультэт Дзяржаўнага аграрнага унівэрсытэту
  • факультэт мэнэджмэнту Малдоўскай акадэміі эканамічных ведаў
  • факультэт эканамічнага права Міжнароднага інстытуту мэнэджмэнту

Гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва паміж дзьвюма краінамі

Вопыт Ігара Дадона

  • Пачаў працаваць у 1997 годзе на Фондавай біржы Малдовы
  • 2001–2005 — чалец рады дырэктараў «Нацыянальнага дэпазытарыя каштоўных папераў»
  • 2002–2005 — прэзыдэнт біржавога камітэту пры таварнай біржы Малдовы, чалец арбітражнай камісіі пры фондавай біржы Малдовы


Міністар

  • 2005–2006, намесьнік міністра эканомікі і гандлю
  • 2006–2008, міністар эканомікі і гандлю
  • 2008–2009, першы віцэ-прэм’ер, міністар эканомікі і гандлю


Дэпутат, як і Лукашэнка

  • 2009 і 2010 — дэпутат парлямэнту ад кампартыі
  • 2014 — дэпутат парлямэнту ад партыі сацыялістаў

Ігар Дадон, як лідэр партыі сацыялістаў, у студыі Радыё Свабода ў Кішынэве

Апазыцыянэр і партыйны лідэр

2011 — выйшаў з фракцыі кампартыі, узначаліў партыю сацыялістаў.

2014 — партыя сацыялістаў перамагла на выбарах. Партыйная фракцыя — у апазыцыі да правацэнтрысцкага кааліцыйнага ўраду.

Бунтар

У студзені 2016 году каардынаваў дзеяньні пратэстнага руху. Быў адным з прадстаўнікоў пратэстоўцаў на перамовах з прадстаўнікамі ўраду і кіроўнай большасьці ў парлямэнце.


Прэзыдэнт

У лістападзе 2016 абраны прэзыдэнтам. Дадон стаў трэцім ўсенародна абраным прэзыдэнтам Малдовы (пасьля Мірчы Сьнегура і Пэтру Лучынскага). Пасьля выбараў Дадон выйшаў са складу партыі сацыялістаў.

Асабістае жыцьцё — падобна і не падобна да Лукашэнкі

  • Жонка Ігара Дадона — Галіна, жанатыя з 1999 году
  • Трое сыноў, малодшы — Нікаляе


Захапленьні

  • Рыбалка і паляваньне. Старшыня Фэдэрацыі шахмат Малдовы
  • Адпачынак зь сям’ёй — горналыжныя курорты ў Альпах, курорты на Кіпры

Ігар Дадон і Кірсан Ілюмжынаў


Памяняў сьцяг і мову, але ня так, як Лукашэнка

Пасьля абраньня прэзыдэнтам Дадона з будынку адміністрацыі прэзыдэнта Малдовы быў зьняты сьцяг Эўразьвязу, які вісеў побач з малдоўскім.

Назва мовы на афіцыйным сайце прэзыдэнта Малдовы была зьмененая з румынскай на малдоўскую. Пры гэтым, паводле пастановы Канстытуцыйнага суду, дзяржаўная мова Рэспублікі Малдова называецца румынскай, як было ў тэксьце Дэклярацыі аб незалежнасьці.

Рэфэрэндум, але не такі, як у Лукашэнкі

24 верасьня правядзе кансультацыйны рэфэрэндум у чатырох пытаньнях:

  • пашырэньне паўнамоцтваў прэзыдэнта
  • скарачэньне колькасьці дэпутатаў парлямэнту
  • закон аб вяртаньні грамадзянам Малдовы выведзенага з банкаў мільярда даляраў
  • выкладаньне гісторыі Малдовы (а не гісторыі румынаў) у школах краіны

За адзінства краіны

Першая сустрэча лідэраў Малдовы і Прыднястроўя за 8 гадоў.

У 2017 годзе Дадон двойчы сустрэўся з лідэрам непрызнанай Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі Вадзімам Краснасельскім.

Ігар Дадон і Вадзім Краснасельскі

​Адна з маіх галоўных мэтаў — гэта аб’яднаньне краіны. У Малдовы няма будучыні без Прыднястроўя, а ў Прыднястроўя няма яго без Малдовы. Калі нехта з левага берага кажа, што мы ніколі ня будзем разам, я пытаюся: хочаце ва Ўкраіну? Вы павінны выбраць, дарагія прыднястроўцы. Незалежнасьці ня будзе ніколі. Статусу як суб’екта Расейскай Фэдэрацыі ня будзе, толькі аб’яднаньне ў рамках адзінай дзяржавы. Мы знойдзем формулу. Давайце абмяркоўваць.

Карыкатура на Ігара Дадона



Спачатку Масква

Віншаваньне Ігару Дадону ад Уладзіміра Пуціна і Дзьмітрыя Мядзьведзева

Першы візыт прэзыдэнта Малдовы ў Расею за апошнія 9 гадоў.

Першы замежны візыт прэзыдэнта Дадона быў у Маскву (студзень 2017).

Дадон быў адным зь нямногіх замежных лідэраў, якія стаялі побач з Пуціным на сьвяткаваньні ў Маскве Дня Перамогі 9 траўня 2017 году.

«Хачу, каб Малдова была, як Беларусь», — прэзыдэнт Дадон перад сустрэчай з Лукашэнкам

ЦЫТАТЫ ІГАРА ДАДОНА

«Я — прамалдоўскі палітык»

Я лічу, што ў нас шмат праблем, якія трэба вырашаць разам з Расеяй, гэта праўда. Але пры гэтым я не прарасейскі, не празаходні, а прамалдоўскі палітык, прыхільнік нашай дзяржаўнасьці. Я лічу, што самае галоўнае — выконваць інтарэсы ўласнай краіны. Мая «прарасейскасьць» — клішэ, якое спрабуюць укараніць у сьвядомасьць грамадзянаў мае палітычныя апанэнты.


4 рэчы, якія не зьяўляюцца прадметам перамоваў для Дадона

Нашая дзяржаўнасьць, захаваньне Малдовы, не аб’яднаньне зь нейкімі краінамі.

Наш нэўтралітэт, NATO — катэгарычна непрымальнае.

Ігар Дадон з намесьніцай генэральнага сакратара NATO Роўз Гетэмюлер.

Наша праваслаўе. Каштоўнасьці эўрапейскія, якія спрабуюць нам рознымі шляхамі накінуць, нам гэтага не трэба.

Ігар Дадон ля царквы ў Бэндэрах

Нашае стратэгічнае партнэрства з нашымі сябрамі з Расеі.

Бліжэй да Эўразійскага саюзу

3 красавіка 2017 Дадон падпісаў мэмарандум аб супрацоўніцтве Малдовы з Эўразійскім эканамічным саюзам (ЭАЭС). 14 красавіка на саміце ЭАЭС Малдове быў нададзены статус краіны-назіральніка ў саюзе

«Што тычыцца ЭАЭС, я выйшаў з прапановай падпісаць рамачнае пагадненьне. І я думаю, што ў бліжэйшы час мы яго падпішам. Але гэтае пагадненьне не супярэчыць дамове аб асацыяцыі з Эўразьвязам. Я думаю, мы правядзем рэфэрэндум па геапалітычным вэктары пасьля парлямэнцкіх выбараў... Я лічу, што Малдова больш выйграе ад інтэграцыі ў ЭАЭС. Гэта мая пазыцыя як грамадзяніна рэспублікі Малдова».

Пра Расею

Сяброўства паміж Малдовай і Расеяй непарушнае, як бы гэта камусьці не падабалася, а малдаване і рускія заўсёды будуць разам, таму што так запавет нам пакінулі нашы продкі. Расея — наш векавы, добры сябар і галоўны стратэгічны партнэр.

Мы заўсёды будзем шанаваць Пушкіна — несьмяротны сымбаль нашай шматвяковай сувязі з Расеяй. Ля ягонага помніка ў Кішынэве заўсёды будуць жывыя кветкі. Пакуль мы верныя нашым караням, у Малдовы, і ў Расеі ёсьць будучыня.

Карыкатура на Ігара Дадона


Я прапанаваў правесьці трохбаковыя перамовы з удзелам Расеі і ЭЗ. У нас ёсьць пагадненьне аб свабодным гандлі і з адным бокам, і з другім, але паміж Расеяй і ЭЗ дзейнічае санкцыйны рэжым, а цярпім ад гэтага мы — маленькая краіна.

Пра Эўразьвяз

Апошнія гады нас вельмі актыўна спрабуюць пераконваць, што адзіны выбар — гэта ЭЗ, падпісаньне пагадненьня аб асацыяцыі, але простыя людзі вельмі часта задаюць сабе пытаньне: а навошта сьпяшацца на цягнік, які губляе вагоны?

***

Упершыню гэтая публікацыя зьявілася на сайце Свабоды 13 ліпеня 2017 году.