Намётавы гарадок пратэставага руху «Мой крок» на плошчы Францыі ў Ерэване разабраны, рух адноўлены. Увечары 17 красавіка паліцыя вызваліла праезную частку ад барыкадаў. Пра гэта паведамляюць армянскія СМІ.
Праспэкт Баграмяна два дні быў перакрыты сілавікамі ў сувязі з масавымі акцыямі апазыцыі, але сёньня ён адкрыты для транспарту. У гэтым раёне разьмешчаны будынкі парлямэнту і рэзыдэнцыя былога прэзыдэнта, а цяпер прэм’ер-міністра. Вадамёты і іншая спэцтэхніка адведзеныя ў месцы пастаяннай дыслякацыі, гаворыцца ў прэс-рэлізе паліцыі.
Напярэдадні лідэр руху «Мой крок», дэпутат парлямэнту Нікол Пашыньян заклікаў сваіх прыхільнікаў вярнуцца дадому. Пры гэтым ён заявіў, што «аксамітная рэвалюцыя» працягнецца, і заклікаў ствараць адмысловыя камітэты для далейшага супраціву. Сярод іншага не выключаецца блякаваньне дзяржаўных ведамстваў і перакрыцьцё вуліц у Ерэване і трасаў, якія вядуць у сталіцу.
Цягам двух дзён, паводле паведамленьняў армянскай службы Радыё Свабода, у выніку сутычак з паліцыяй затрымалі каля паўсотні чалавек.
Падставай да хваляваньняў стала абраньне на пасаду прэм'ер-міністра Армэніі былога прэзыдэнта Сэржа Саргсьяна. Апазыцыя абвінавачвае яго ў тым, што ён падмануў народ, трэці раз стаўшы кіраўніком краіны — у выніку канстытуцыйнай рэформы ўся паўната ўлады перайшла да прэм’ера.
Саргсьян быў на пасадзе прэзыдэнта апошнія 10 гадоў, тэрмін ягоных паўнамоцтваў скончыўся. І тады ўлады ініцыявалі заканадаўчую рэвізію.
9 красавіка на пасаду заступіў чацьвёрты па ліку прэзыдэнт Армэніі Армэн Саркісьян. Аднак, паводле прынятага ў 2015 годзе рашэньня аб зьменах у Канстытуцыі, ягоныя паўнамоцтвы істотна зьменшаныя — краіна перайшла да парлямэнцкай формы праўленьня.
Тым часам, як перадае армянская служба Радыё Свабода, людзі зноў пачалі выходзіць на вуліцу -- актывісты спрабуюць паралізаваць рух транспарту ў Ерэване.