Цягам 19–26 красавіка ў Менску пройдзе ўжо чацьвёрты па ліку фэстываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае зьзяньне». Дырэктарка і прадусарка кінафоруму Воля Чайкоўская расказала Свабодзе, ці цяжка арганізаваць у Беларусі культурную падзею нацыянальнага маштабу.
Сталічныя гледачы пабачаць найноўшыя мастацкія і дакумэнтальныя фільмы аўтараў з Даніі, Ісьляндыі, Латвіі, Літвы, Нарвэгіі, Фарэраў, Фінляндыі, Швэцыі, Эстоніі. Агулам — 18 фільмаў з 9 краін рэгіёну, практычна ўсе маюць беларускія субтытры. Бонусам — стужка «Дарога» ад самой Волі Чайкоўскай.
Беларускі кінарынак: няма канкурэнцыі, затое ёсьць калябарацыя
— Тры папярэднія кампаніі паказалі, што глядацкая цікавасьць да «Паўночнага зьзяньня» часам нават ажыятажная. А якая ўвага з боку дзяржаўных структураў — Міністэрства культуры, «Беларусьфільму», «Кінавідэапракату»?
— Пачну з таго, што «Кінавідэапракат» — наш партнэр чатыры гады запар. Мы ладзім паказы ў кінатэатры «Мір», які ўваходзіць у сетку «КиноМинска» Менгарвыканкаму. Гэта нашы партнэры, суарганізатары. Пашчасьціла працаваць з дырэктаркай кінатэатру Тацянай Карнялюк — дарэчы, адной зь гераінь нашага постэра і крэатыўнага роліка. Вельмі шмат нам дапамагае.
На кінастудыі «Беларусьфільм» сёлета пройдзе адмысловы майстар-кляс. Яго правядзе швэдзкая рэжысэрка Каця Вік, якая ў якасьці кастынг-дырэктаркі, прадусаркі і другой рэжысэркі працавала з уладальнікамі Канскай пальмавай галінкі, Бэрлінскага залатога льва і намінантамі на «Оскара» Роем Андэрсанам і Рубэнам Эстлундам. Яна прыяжджае з дэбютным фільмам «Былая жонка».
Як і кожны год, запрасіла на адкрыцьцё новага міністра культуры. Ранейшы летась сам ня быў, але прысутнічалі іншыя супрацоўнікі ведамства. У Дзяржрэгістры атрымліваю ўзроставыя катэгорыі. Таму супраца ёсьць.
Відэаролік чацьвёртага фэстывалю «Паўночнае зьзяньне»:
— Ёсьць афіцыйны «Лістапад», фэстываль фільмаў аб правах чалавека Watch Docs Belarus, конкурс кароткамэтражак, зьнятых на мабільныя тэлефоны. Гэта канкурэнты ці партнэры па агульнай справе?
— Пра нейкую канкурэнцыю ў Беларусі пакуль гаварыць складана — у нас вельмі малы рынак, слабая фэстывальная інфраструктура. Хутчэй, наадварот, існуе своеасаблівая калябарацыя — прынамсі, з майго боку заўжды ёсьць спроба супрацоўніцтва.
Я ведаю, што «Паўночнае зьзяньне» падтрымлівае Таня Гацура-Яворская, якая арганізуе Watch Docs Belarus — нават на ўзроўні рэпостаў, рэкамэндацый у сацсетках, што і калі паглядзець. Дый «Лістапад» таксама — якраз напярэдадні яны перасунулі дату сустрэчы з рэжысэрам Андрэем Кудзіненкам, каб не супадала з адкрыцьцём нашага фэстывалю. Таму ўсё выдатна: усе любяць нас, і мы любім усіх таксама (сьмяецца).
Выбраць найлепшае: маніторынг фэстываляў, скандынаўскі ліст чаканьня
— Сталае прадстаўніцтва на «Паўночным зьзяньні» — краіны Паўночнай Эўропы і Балтыі. Але калі адхіліцца ад зададзенай лініі, не сакрэт, што асобныя дасьледчыкі да балтаў адносяць і беларусаў. Дык ці ня можа Беларусь быць паўнавартаснай удзельніцай, а ня толькі на ўзроўні бонусу — як у выпадку з вашым фільмам «Дарога»...
— Насамрэч гэтай дыскусіі ўжо некалькі гадоў. На жаль, пакуль не хапае размаху, якасных працаў, каб фармаваць беларускую праграму. Ёсьць фэстывалі нішавага кіно, дзе больш паблажліва ставяцца да хранамэтражу, якасьці, рознага іншага — як прыклад, Cinema Perpetuum Mobile. Клясныя хлопцы, робяць сваю справу, але займаюць пэўную нішу. У мяне крыху іншае разуменьне таго, што павінна ўваходзіць у «Паўночнае зьзяньне». Пакуль я ня бачу, як увесьці туды беларускі кантэнт.
Беларуская праграма збольшага закрытая нацыянальным «Лістападам», конкурсам смартфільмаў. Зь іншага боку, пляцоўкай для нэтворкінгу паміж мясцовымі кінэматаграфістамі пакліканая стаць індустрыйная плятформа на нашым фэстывалі. Яна якраз і прадугледжаная, каб творцаў аб’ядноўваць, зьбіраць для абмену ведамі, завядзеньня кантактаў. Паколькі кінаадукацыя ў Беларусі на досыць слабым узроўні, любыя імпрэзы, з гэтым зьвязаныя, будуць карысныя. Менавіта праз такую плятформу спрабую нашу кінакам’юніці нейкім чынам кансалідаваць.
— Выходзіць, што ўсе фільмы на фэстываль вы адбіраеце асабіста, так? Наведалі ўжо кожную краіну-ўдзельніцу?
— Так, выбіраю асабіста. Аб’ехала пакуль ня ўсё, хоць намагацца варта (сьмяецца). Зусім не абавязкова, каб адабраць фільм, трэба недзе быць. Пераважна гэта робіцца на кінафэстывалях — у Бэрліне, Вэнэцыі, Канах. У Хэльсынкі вялікі форум, сёлета была ў Гётэборгу, гэта самы буйны скандынаўска-балтыйскі кінарынак, там прадстаўленая ўся квінтэсэнцыя рэгіёну.
Вядома, пажадана ўсё ведаць дасканала і зарыентавацца непасрэдна на месцы. Таму ў мае dream destinations некаторыя з гэтых краін яшчэ ўваходзяць. У прыватнасьці, пляную зьезьдзіць у Капэнгаген і Осла, там яшчэ не бывала. Таксама мая мара — Фарэрскія астравы, якія ў гэтым годзе ўпершыню далучыліся да «Паўночнага зьзяньня».
Прыярытэты лякалізацыі: зразумелыя праблемы і беларускія субтытры
— Ці адбываюцца ў падобным фармаце фэстывалі ў саміх краінах Паўночнай Эўропы і Балтыі?
— І так, і не. Ва ўсіх гэтых дзяржавах крэатыўныя творчыя складнікі ў чалавеку закладаюцца і падтрымліваюцца ад самага дзяцінства. І натуральна, што ладзяцца свае фэстывалі. Напрыклад, DocPoint у Хэльсынкі ці найбуйнейшы рэгіянальны форум у Гётэборгу, пра які я ўжо казала. Там працы з усяго сьвету, але акцэнт усё ж на краінах Паўночнай Эўропы і Балтыі. У нарвэскім Хаўгэсундзе таксама, хоць гэта больш тычыцца тэлерынку, у Тромсё зьбіраюцца кінадакумэнталісты. У Літве, Латвіі і Эстоніі свае фэстывалі. Напрыклад, талінскі Black Nights два гады таму атрымаў катэгорыю «А». То бок цяпер ён стаіць у адным пачэсным шэрагу з Бэрлінам, Вэнэцыяй, Канамі.
Па-за межамі рэгіёну фэстываляў з такім жа фокусам, як «Паўночнае зьзяньне», няшмат.
— Так разумею, што прынцыповы момант фэстывалю — беларусізацыя фільмаў. Прынамсі, большая частка мае беларускія субтытры.
— Практычна ўсе стужкі зь беларускімі субтытрамі, за выключэньнем, мабыць, трох. Гэта абумоўлена перадусім тэхнічнымі нюансамі, але і грашовымі таксама. Напрыклад, эстонская драма «Канец ланцужка» будзе з расейскімі субтытрамі. У Эстоніі вялікая колькасьць расейскамоўных, і яны свае фільмы адпачатку суправаджаюць расейскімі і ангельскімі субтытрамі.
Паколькі бюджэт фэстывалю не гумовы, даводзіцца эканоміць на працы перакладчыкаў і тых, хто непасрэдна займаецца інкарпарацыяй субтытраў у выяву.
Ролік пад слоган «Зьмяні вугал зроку»:
— Сёлетняя тэма і слоган кінафоруму — «Зьмяні вугал зроку» (Change the angle). Адпаведнае і візуальнае суправаджэньне: постэры зь перакуленымі партрэтамі герояў, арт-ролікі, два дзясяткі люстэркаў, усталяваных у Менску камандай фэстывалю...
— Сапраўды, кожны год у нас розныя слоганы, гэтым разам — «Зьмяні вугал зроку». Гэта вельмі важны мэсыдж «Паўночнага зьзяньня», своеасаблівы заклік да таго, каб навучыцца глядзець на сытуацыю іншымі вачыма. У нейкім сэнсе падтрымаць знакаміты падыход: калі ня можаш зьмяніць сытуацыю, зьмяні стаўленьне да яе.
Гэты слоган перадусім дапамагае выйсьці з замкнёнага кола. Толькі тады можна зірнуць на сьвет максымальна аб’ектыўнымі вачыма, пазбавіцца стэрэатыпаў. Уласна кажучы, праграма фэстывалю на гэтым і грунтуецца: у падтрымку гендэрнай і сэксуальнай роўнасьці, крэатыўных падыходаў і рашэньняў, за роўнасьць культураў, расаў і г. д.
— Дык а што з тымі люстэркамі будзе — пасьля фэстывалю дэмантуюць?
— Будуць вісець. Гэта наша крэатыўная акцыя сумесна з суполкай HutkaSmachna. Сапраўды, іх больш за 20 па ўсім Менску. Звычайна іх вывешвалі на рагу — «для зьмены вугла зроку». І празрыстыя налепкі з самім слоганам — у падтрымку праекту.
Шлях да кіно: праз курсавыя, газэту, кінаклюб, ролікі-ілюстрацыі
— Наколькі ведаю, захапленьне кіно ў вас праявілася яшчэ на журфаку БДУ. Пасьля — агляды на старонках газэты «Звязда», кінаклюбы ў кінатэатры «Ракета». Фактычна лёс быў перадвызначаны?
— Думаю, нейкім чынам заўсёды інтуітыўна адчувала, што буду займацца мастацтвам. Але каб замахнуцца на арганізацыю кінафэстываляў, — не, канечне. Хоць кіно цікавілася пастаянна. І дыплёмная праца была пра кінакрытыку, і курсавыя працы, прысьвечаныя Антаніёні, Пазаліні, Таркоўскаму. Мне гэта было блізка і цікава.
Плюс першая кніга вершаў «ЛУПА» (вершы ўсё яшчэ працягваю пісаць) суправаджалася своеасаблівым відэаартам, 20-хвілінным ролікам — ілюстрацыяй да маіх тэкстаў. То бок ужо тады была спроба працаваць ня толькі ў якасьці глядачкі, але і чалавека, які займаецца вытворчасьцю відэапрадукту.
— Могуць у пэрспэктыве інтарэсы сягнуць далей — ад прадусарства да рэжысуры?
— Думаю і пра гэта, усё магчыма (сьмяецца).
— На пачатку году прадусаваны вамі фільм «Дарога» расейскага рэжысэра Дзьмітрыя Калашнікава быў у шырокім пракаце ў ЗША — больш як у 30 гарадах. Якія вынікі?
— Калі дакладней — 35 гарадоў... Сусьветная прэм’ера адбылася на кінафэстывалі IDFA Amsterdam, а ў пачатку 2017-га на фэстывалі True/False была прэм’ера амэрыканская, тады езьдзіў Дзіма Калашнікаў. А пасьля яшчэ быў паказ у Нью-Ёрку на Rooftop Film, у якасьці пляцоўкі — дах хмарачоса ў цэнтры Мангэтана.
Цяпер ніхто ад нас у Штатах ня быў, звычайны пракат. Добрыя водгукі, амэрыканцы клясна рэагуюць. Такі кантэнт для іх незвычайны і экзатычны, ацанілі рэжысэрскі падыход. Вядома, нямала супярэчлівых меркаваньняў, але ў цэлым усе разумеюць, што гэта праца з так званым фаўнд-футадж (знойдзеная стужка) — мантажны від кінэматографу.
Апроч таго, было добрае паблісіці, выдатна спрацаваў амэрыканскі дыстрыбутар Oscilloscope Pictures: зрабілі інтэрвію з Калашнікавым, а рэцэнзій было, мабыць, штук сто — ад New York Times і The Washington Post да менш вядомых газэт і часопісаў.
Зорныя хэдлайнэры: майстар-клясы, канцэрты-лекцыі, дыскусіі
— Цяпер што тычыцца вядомых гасьцей — пра швэдзкую рэжысэрку Кацю Вік ужо згадалі. Хто яшчэ сярод «фронтмэнаў» фэстывалю?
— Праграма насычаная. І мая асабістая радасьць, што акцэнт зроблены на дакумэнтальнае кіно: з 18 стужак — 8 дакумэнтальных. Безумоўна, гэта зьвязана і з тым, што я сама прадусірую дакумэнтальнае кіно і хочацца самыя лепшыя працы паказаць у Беларусі.
Ганаровы госьць — нарвэскі пісьменьнік, сцэнарыст, кінакрытык Эрленд Лу. Зь ім дзьве сустрэчы: 18 красавіка адкрытая размова ў прасторы Event Space, і на наступны дзень — для абмежаванага кола ў рэстаране Ember гатэлю Double Tree by Hilton Minsk. Ён цікавіцца Беларусьсю, і я жартавала, што пасьля іранічнага раману «Самая лепшая краіна ў сьвеце» пра Фінляндыю зьявіцца працяг, але пра Беларусь (сьмяецца). Хацеў бы сустрэцца са Сьвятланай Алексіевіч, але ўсё няпэўна.
Таксама будзе папулярны рэжысэр з Латвіі Віестурс Каірыш, які працуе і як тэатральны рэжысэр, і як рэжысэр опэрных пастановак. 23 красавіка ён правядзе майстар-кляс у Акадэміі мастацтваў, а таксама прэзэнтуе сваю гістарычную драму «Хронікі Мэлані» пра дэпартацыю 1941 году ў Сыбір 40 тысяч жыхароў краін Балтыі.
Яшчэ адзін госьць — эстонскі рэжысэр Прыіт Пяясуке. Ён пакажа сваю ігравую стужку «Канец ланцужка», а на майстар-клясе 24 красавіка ў Акадэміі мастацтваў раскажа, як сабраць грошы на поўнамэтражны індзі-фільм шляхам краўдфандынгу.
Заплянаваны шэраг дыскусій. 24 красавіка ў абмеркаваньні дацкага дакумэнтальнага фільму «Вэнэра» адразу пасьля паказу возьме ўдзел прадусарка Кірстын Барфод. 26-га пройдзе закрытае мерапрыемства ў Moonlightroom пра скандынаўскі дызайн і параўнаньне зь беларускім. Ну, і дзьве музычныя падзеі: канцэрт-лекцыя мастацкай кіраўніцы камэрнага калектыву Bon Voyage Вольгі Перагуд і выступ фінскай арганісткі Юліі Тамінэн у касьцёле Сьвятога Роха. Прагучаць шэдэўры ўсясьветнага кінэматографу.
* * *
Упершыню фэстываль «Паўночнае зьзяньне» быў арганізаваны ў 2015 годзе і ладзіцца дагэтуль пры падтрымцы офіса Савету міністраў Паўночнаэўрапейскіх краін у Літве. На мове кіно арганізатары імкнуцца распавесьці пра адметнасьці жыцьця і мэнталітэту жыхароў пяці краін Паўночнай Эўропы і трох балтыйскіх. Кінафэст таксама служыць пляцоўкай для практычнага абмену досьведам і новымі ідэямі паміж прафэсіяналамі і аматарамі ў сфэры кіно.
Усе паказы чацьвёртага па ліку «Паўночнага зьзяньня» адбудуцца ў менскім кінатэатры «Мір». Квіткі каштуюць 6-7 рублёў, іх можна набыць у касе кінатэатру і на ByCard.
Праграма і час сэансаў тут.