У Горадні знойдзены скарб — 60 залатых рэчаў

Ілюстрыцыйнае фота.

Сярод знойдзенага 14 красавіка скарбу на даху старога горадзенскага дому больш чым 20 залатых манэт часоў Расейскай імпэрыі і міжваеннага часу, залатыя зьліткі, залатыя ланцужкі, залатыя пярсьцёнкі, часткі залатога мэдаля, зубных пратэзаў. Першапачаткова скарб ацэнены прыблізна ў 15 тысяч даляраў.

Скарб знайшоў будаўнік падчас разборкі старога дома.

Паводле навуковага супрацоўніка Гарадзенскага гісторыка-археалягічнага музэя​ Яна Лялевіча, усе рэчы знаходзіліся ў бляшаным пудэлку ад тытуню з надпісам на польскай мове.

«Гэта найбольш каштоўны скарб, які апошнім часам знаходзілі ў Горадні, — сказаў Свабодзе Ян Лялевіч. — Я практычна перакананы, што больш 60 рэчаў, якія знаходзіліся ў пудэлку, залатыя. Іх вага складае больш за 400 грамаў».

Лялевіч кажа, што ў гарадзкіх умовах цяпер знайсьці падобны скарб — рэдкасьць. Часьцей такое здараецца у вёсках альбо на хутарах ці проста ў полі. Навуковец тлумачыць гэта тым, што ў горадзе больш дынамічна разьбіралі старую забудову і скарбы ўжо даўно пазнаходзілі.

Скарб знайшлі ў доме на вуліцы Працоўнай, якая належыць да так званага габрэйскага раёну горада.

Паводле Лялевіча, цяжка меркаваць, каму могла належаць знаходка, але ў міжваенны час яна магла б скласьці цэлы маёнтак.

Навуковец дапускае, што скарб маглі закласьці падчас Другой сусьветнай вайны, і не выключае, што ён будзе прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасьцю.