Чытачка Барысік: Для мяне не існуе паняцьцяў ночы і дня

Тацяна Барысік

Штотыдзень у рубрыцы «Варта» мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае пісьменьніца Тацяна Барысік.

Якія кнігі вы чытаеце цяпер?

Эйлет Ўолдман, «Доўгі моцны сон».

Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?

Людміла Андзілеўка, «Паляваньне на музу»; Марыка Коікэ, «Без акампанэмэнту».

Застацца сабой

Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?

Здараецца па-рознаму. Знаёмае прозьвішча любімага аўтара, мая асабістая зацікаўленасьць тэмаю, рэгіёнам напісаньня твору. Часам проста бяру ў рукі кнігу зь бібліятэчнай паліцы, праглядаю тэкст па дыяганалі на некалькіх старонках, чытаю кароткі агляд, раблю свой выбар. Спрэчкі і супрацьлеглыя думкі ў крытычных артыкулах таксама выклікаюць жаданьне прачытаць кнігу. Пазнака аб атрыманьні прэміі ці ўзнагароды аўтарам у маіх вачах сьведчаць на карысьць кнігі. Бывае, абменьваюся кнігамі з сябрамі, што маюць падобныя густы ў літаратуры.

Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…

Што ўскраіны Расейскай імпэрыі не былі такімі адсталымі, як нам у школе даводзілі. У пачатку мінулага стагодзьдзя берагавыя чукчы цудоўна валодалі ангельскай мовай, гандлявалі з Амэрыкай і нават наведвалі місіянэрскія школы, а шараговыя жыхары абхаскага Сухумі да вайны ведалі і маглі размаўляць на 3–4 мовах.

Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?

«Ганну Карэніну» Льва Талстога.

Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?

У мяне так багата любімых аўтараў, што калі паставіць на мэце пералічыць усіх, дык гэта пэўна зойме не адзін дзень працы і некалькі старонак тэксту. Часам здараецца так, што некаторыя кнігі аднаго і таго ж пісьменьніка выклікаюць у мяне розную рэакцыю, асабліва, калі аўтар працуе ў розных жанрах. Назаву тых, каго ўзгадала адразу: Джон Кутзэе, Мэір Шалеў, Харукі Муракамі, Чарлз Мунгошы, Павал Санаеў, Сьвятлана Вікарый, Аксана Забужка, Ігар Губерман, Уладзімер Арлоў, Андрэй Федарэнка, Алена Брава, Зьміцер Бартосік, Пятро Васючэнка, Сьвятлана Алексіевіч, Людміла Андзілеўка, Леанід Галубовіч, Георгій Ліхтаровіч.

Беларусь як Афрыка, або Бачу сваё

Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?

Зборнік апавяданьняў Карэла Чапэка, старонкі з аповесьцяў Фазіля Іскандэра.

А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?

Хацелася б, але апошнім часам замест сьлёз, як рэакцыя на навакольны сьвет, усё часьцей прыходзіць цяжкая змрочная туга і стома. Гэта горай. Але гэта, мусіць, праблема ўнутранага стану, а не літаратуры.

А так, канешне, сьлёзы наварочваліся пасьля чытаньня «Нядзельнай раніцы ля басэйна ў Кігалі» Жыля Куртманша і «Сіраты» Янкі Сіпакова.

Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?

Такое здараецца рэдка. Звычайна прычынаю таму бывае ня сам твор, а мой памылковы выбар, калі высьвятляецца, што знайшла зусім ня тое, што шукала. Варта адзначыць — абраныя мною творы сучаснай беларускай літаратуры амаль ніколі не расчароўвалі.

Раздражняюць спробы сучасных рэміксаў у кіно і літаратуры. Усе гэтыя «старыя казкі на новы лад», літаральнае перанясеньне сюжэтаў знакамітых клясычных твораў на сучасную глебу нават з падобнымі па гучаньні імёнамі галоўных герояў. Абы-як пераказаныя сюжэты савецкіх мультфільмаў.

Раззлавала дзіцячая кніга Альбэрта Іванова — адна з сэрыі шматлікіх аповесьцяў пра прыгоды знакамітых Хомы і Сусьліка, здаецца «Вялікая таямніца Хомы і Сусьліка», што гадоў дзесяць таму выйшла. Ці то жаданьне грашовага прыбытку, ці то псыхічная неадэкватнасьць стваральнікаў кнігі сталася прычынаю таму, але на старонках кнігі для дзяцей малодшага школьнага ўзросту мульцяшныя грызуны, не саромеючыся ў выразах, распавядаюць пра адзін з газавых канфліктаў Расеі і Ўкраіны, плачуць над лёсам рускай бярозы ва Ўкраіне, просяць прывезьці «хахляцкага сала», агучваюць шавіністычныя стэрэатыпы аб замежніках, жарты пра цёшчу і крадзеж з вайсковага складу. Здаецца, гэткія творы прызначаныя хутчэй для адстаўных вайскоўцаў, чым, як сказана ў анатацыі, для малодшых школьнікаў.

Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?

Так званыя жаночыя раманы, трылеры, навуковую фантастыку.

Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?

Аддаю перавагу паперы, шкадую грошай на гаджэты, бо ня ўсюды магу імі карыстацца, і свае вочы. Але калі нешта моцна зацікавіць, дык магу і ноўтбук уключыўшы пачытаць.

Звычайна, калі гэта раман ці аповесьць, дык чытаю адну кнігу, паралельна зь ёю магу хіба што чытаць вершы пад настрой ці нешта невялікае па аб’ёме, што трапілася на вочы ў пэрыядычных выданьнях ці іх электроннай вэрсіі.

Чытаю, як маю вольны час. Працую пазьменна, таму жыву ў сваім рытме: для мяне не існуе паняцьцяў ночы і дня, дзяржаўных сьвятаў і ўік-эндаў.

Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?

Ведаю даволі прыблізна. Дакладна магу вызначыць месцазнаходжаньне кнігі толькі вялікага фармату, бо не на кожную паліцу яе паставіш. Кнігі парадкую, расстаўляючы іх на кніжных паліцах, як усе астатнія людзі. Каталёгаў не вяду.

Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?

Кніга Сьцяпана Шчыпачова «Паўлік Марозаў» у перакладзе з расейскай Сяргея Дзяргая.

Цяперашнім сьветам некаторых знаёмых наогул дзівіць наяўнасьць любых кніг у кватэры.

Вакольны сьвет і яго героі — Апіўнікі, Лятарэйнікі, Увішнікі, Дзікі-людажэры, Бадзюлі...

Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?

Мне пашчасьціла. Кнігі дораць часта. Найлепшыя падарункі: зборы твораў Антона Чэхава, Васіля Быкава, «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касьцюшкі» Уладзімера Арлова і Паўла Татарнікава.

Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?

У дарослым веку кніжных герояў, у адрозьненьне ад рэальных людзей, цаню не за маральнасьць іхніх учынкаў, а хутчэй за паўнату і пазнавальнасьць вобразаў, за праўдзівую рэакцыю на навакольны сьвет. Народныя мсьціўцы з аднайменнага апавяданьня Васіля Быкава, Махновачка з «Дзікага лугу» Андрэя Федарэнкі, Самсон Самасуй, Гарабха з аповесьці Чарлза Мунгошы «Мы чакаем дажджу».

Што да антыгерояў, дык страшэнна раздражняла ў юнацтве Зося Тварыцкая з рамана «Трэцяе пакаленьне» Кузьмы Чорнага. Я ніяк не магла ўцяміць, чаму настаўнікі і крытыка бачаць у гэткай гультаяватай, легкадумнай, непрактычнай кабеце станоўчы вобраз. Лявон Бушмар Кузьмы Чорнага выклікаў куды большую павагу, бо быў працавіты, ашчадны і жыў сам па сабе сваім розумам, толькі вось чамусьці сабе жонак выбіраць ня ўмеў.

Калі ацэньваць герояў як жывых людзей, дык не хацелася б мець за сваякоў ці калег па працы Дзяніску з аповесьці Івана Буніна «Вёска» і бедную Эмілію з «Кірмашу пыхі» Ўільяма Тэкерэя.

Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?

Чытала шмат, усё што пад руку трапляла. Прычым, прыгодніцкая літаратура прызначаная для падлеткаў, мяне не захапляла, было адчуваньне нейкай штучнасьці і хлусьні.

У памяці засталіся аповесьці Алены Васілевіч, пераказы прыгодаў Хаджы Насрэдзіна, «Цудоўнае падарожжа Нільса з дзікімі гусямі», зборнік беларускіх народных казак, вершаваная гумарэска з часопіса «Здароўе» пра знахарку бабку Савішну, прыгоды бравага салдата Швэйка.

Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?

Джон Кутзэе, «Жыцьцё і час Міхаэла К».

Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?

Памару пра немагчымае: Сяргея Даўлатава, Вінцэнта Дуніна- Марцінкевіча, Мэіра Шалева.

Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?

Нікога. Навошта? Разумнаму чалавеку ня варта марнаваць талент, а ня надта разумны няхай чым іншым зоймецца. Мае прыгоды не настолькі цікавыя і адметныя, каб распавядаць пра іх на ўвесь сьвет. Ёсьць багата сучасьнікаў, таго вартых.

Што вы перачытваеце?

Творы Васіля Быкава, Антона Чэхава, вершы Ўладзіміра Высоцкага.
Двойчы ў розным узросьце перачытвала «Бравага салдата Швэйка» Яраслава Гашака, «Імгненьне на ветры» Андрэ Брынка. Ну і канешне, ледзьве не штодня, інструкцыю да мікрахвалёўкі, бо ня надта здольная да тэхнікі.

Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?

Чалавек плянуе, а чорт руйнуе. З тае пары, як закончыла ВНУ, цешуся тым, што маю час і магчымасьць чытаць тое, што захачу ў дадзены момант, а ня тое, што загадаюць. Таму дакладных плянаў па чытаньні складаць не люблю.

Вёска, жорсткая і бязьлітасная