Дэлегацыя міжнародных прафсаюзаў прыедзе ў Беларусь, каб «зьняць напружанасьць»

Генадзь Фядыніч у офісе незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП). Архіўнае фота

18 красавіка ў Менск прыедуць прадстаўнікі Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў і сталыя партнэры беларускага незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) па міжнародным аб’яднаньні прафсаюзаў прамысловых рабочых сьвету IndustriALL. Пра гэта Свабодзе 13 красавіка паведаміў старшыня РЭП Генадзь Фядыніч.

Паводле яго, у першы дзень знаходжаньня ў Беларусі чальцы дэлегацыі правядуць сустрэчы ў міністэрствах працы і замежных спраў. Увечары яны праводзяць прэсавую канфэрэнцыю. 19 красавіка ў плянах дэлегацыі сустрэчы з актывам усіх незалежных прафсаюзаў Беларусі.

Старшыня РЭП спадзяецца, што прыезд міжнародных партнэраў дапаможа зьняць напружанасьць, якая існуе цяпер і ў незалежных прафсаюзах, і ў грамадзтве наагул. Гэта тычыцца выкананьня беларускімі ўладамі рэкамэндацыяў Міжнароднай арганізацыі працы. Найперш прывядзеньня шэрагу беларускіх законаў у адпаведнасьць зь Міжнароднай канвэнцыяй працы.

Фядыніч: прыцягнем увагу да «справы прафсаюзаў»

Старшыня РЭП кажа Свабодзе, што прыезд міжнародных партнэраў — гэта і яшчэ адна магчымасьць прыцягнуць увагу да так званай «справы прафсаюзаў».

«Я лічу, што яна цалкам сфабрыкаваная. І мне не зразумела, чаму яе дагэтуль не спыняюць. Няўжо ў краіне няма больш важных спраў, чым наша?!» — кажа Фядыніч.

Паводле яго, ніякіх новых дакумэнтаў са Сьледчага камітэту ён не атрымліваў. Сьледчыя апыталі ўжо больш за 550 чалавек. Нягледзячы на вялікі ціск на шараговых сябраў РЭП, заявы аб выхадзе з прафсаюзу пакуль напісалі толькі двое, паведаміў Фядыніч.

З гісторыі «справы прафсаюзу РЭП»

Кіраўніка прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча і прафсаюзнага бухгальтара Ігара Комліка затрымалі 2 жніўня 2017 году, на іх завялі крымінальную справу аб нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. У той жа дзень пасьля ператрусаў у офісах РЭП Фядыніча вызвалілі, а Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка. Перад вызваленьнем з-пад варты 2 кастрычніка ў яго, як і ў Фядыніча, узялі падпіску аб нявыезьдзе, а справу працягнулі яшчэ на 3 месяцы. Апошні раз справу працягнулі да 1 траўня 2018 году.