Перад Радуніцай Вольскі прадставіў новую вэрсію гіта «Лёгкія-лёгкія». ВІДЭА

Павел Трыпуць, Павел Мамонаў, Лявон Вольскі, Алесь-Францішак Мышкевіч

Гурт Volski прадставіў новую вэрсію песьні «Лёгкія-лёгкія», прымеркаваную да старту туру па Беларусі. Першы канцэрт — 14 красавіка ў Гомлі.

Новую вэрсію «Лёгкія-лёгкія» запісалі ў Вільні з нарвэскім саўндпрадусарам Снорэ Бэргерудам, які запісваў альбомы Вольскага «Грамадазнаўства» (2014) і «Псыхасаматыка» (2016).

«„Лёгкія-лёгкія“ — адна з галоўных песень майго жыцьця. Яна вельмі асабістая, але, як высьветлілася праз гады, эмоцыі, закладзеныя ў ёй, блізкія вялікай колькасьці людзей. Ня так даўно мы з прадусарам Снорэ і бубначом Сіндрэ запісалі новую вэрсію. Менавіта так яна цяпер гучыць на нашых канцэртах», — кажа Вольскі.

У праграме туру лепшыя песьні N.R.M., «Мроі» і сольных альбомаў Вольскага ў электрычным гучаньні.

Гурт Volski складаюць Лявон Вольскі (вакал, гітара), Павал Трыпуць (гітара), Алесь-Францішак Мышкевіч (бас), Павал Мамонаў (бубны). У дыскаграфіі гурту альбомы «Грамадазнаўства» (2014) і «Псыхасаматыка» (2016). У рэпэртуары — песьні ранейшых калектываў з удзелам Лявона Вольскага.