Пальчыс зьбірае грошы на сайт 1863x.com праз краўдфандынг

Эдуарт Пальчыс падчас абароны Курапатаў, сакавік 2017 году

Стваральнік сайту 1863x.com Эдуард Пальчыс запусьціў краўдфандынг па падпісцы на пляцоўцы Talaka.org. З дапамогай краўд-плятформы ўдзельнікі кампаніі змогуць штомесяц аўтаматычна пералічваць грошы на вядзеньне сайту.

У камэнтары Свабодзе блогер сказаў, што вынікі краўдфандынгу вызначаць ці будзе сайт існаваць далей.

«Я жыву не за гранты, толькі за грошы чытачоў. Калі блог ня будзе патрэбны, мне прыйдзецца шукаць працу. Дзьве справы рабіць адначасова цяжка. Ня тое, каб цалкам закрыю (сайт — РС), але гэта будзе абмежаваная дзейнасьць», — сказаў Эдуард Пальчыс.

Праект 1863x.com пачынаўся ў 2014 годзе, калі блогер меў сталую працу. Пальчыс запэўнівае, што ад таго часу дзейнасьць выйшла за межы сайту — ён пачаў грамадзкую дзейнасьць, а якасьць артыкулаў стала лепшай.

У апісаньні краўдфандынгу на «Талацэ» гаворыцца пра ранейшую дзейнасьць 1863x.com: абарона Курапатаў, разьвіцьцё тэлеграм-супольнасьці Беларусі, інфармацыйная кампанія ў гонар 500-годзьдзя Скарынаўскай Бібліі і назіраньне за вучэньнямі Захад, арганізацыя сьвяткаваньня 100-годзьдзя незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Далейшая дзейнасьць апісваецца ў агульных тэрмінах: зьмена фармату сайту ў бок лонгрыдаў і расьсьледаваньняў, стварэньне відэакантэнту, кампаніі супраць цэнзуры ў інтэрнэце, правядзеньне масавых мерапрыемстваў.

«Я не хачу "паліць" ідэі. Там, дзе ўжо штосьці заплянаваў, улады пачалі гуляць на апярэджаньне», — патлумачыў Пальчыс.