Грамадзкая ініцыятыва «Экспэрты ў абарону Курапатаў» прыняла заяву ў сувязі з выказваньнямі Аляксандра Лукашэнкі наконт мэмарыялізацыі ўрочышча. Тэкст надрукаваны ў газэце «Новы час».
У часе сустрэчы 10 красавіка з журналістамі дзяржаўных СМІ Аляксандар Лукашэнка загадаў апэратыўна прывесьці ў парадак Курапаты і паставіць там просты помнік — капліцу ці яшчэ нешта. «Мэмарыялаў ня трэба», — сказаў ён.
Аўтары заявы лічаць, што пасьпешлівасьць і адміністраваньне не спрыяюць справе ўшанаваньня памяці ахвяраў масавых рэпрэсій савецкага таталітарызму.
«Гэтае месца нагадвае, што, адрозна ад дэмакратыі зь яе цярпімасьцю, павагай да правоў і свабоды чалавека, дыктатура трымаецца на бяспраўі чалавека, на гвалце — у тым ліку палітычным, эканамічным і фізычным», — гаворыцца ў заяве.
Таксама адзначаецца, што цягам 30 гадоў ушанаваньне, упарадкаваньне і ахова Курапатаў адбываліся сіламі прадстаўнікоў беларускага грамадзтва, прычым, ня толькі без дапамогі дзяржаўных органаў, але і насуперак іх намаганьням прынізіць значэньне і статус памятнага месца.
Дзякуючы актывістам там паўстаў Народны мэмарыял, пішуць аўтары заявы, і гэта дае падставы патрабаваць ад дзяржавы ня толькі выкананьня яе канстытуцыйнага абавязку ахоўваць помнік, але і прызнаць прыярытэт грамадзкай думкі ва ўсіх пытаньнях, зьвязаных зь дзейнасьцю на тэрыторыі ўрочышча і вакол яго.
Тры праблемы Курапатаў
Аўтары заявы таксама зазначаюць аб праблемах Курапатаў, якія трэба вырашыць.
Найперш гаворка пра пашырэньне ахоўнай зоны мэмарыялу, якую дзяржаўныя органы паступова звужаюць і якая страціла сваю першапачатковую цэласнасьць. Па-другое, неабходна вырашыць экалягічныя праблемы, якія паўсталі перад Народным мэмарыялам, аточаным напружанымі аўтамагістралямі — МКАД і шашой Заслаўе — Калодзішчы. Па-трэцяе, забясьпечыць правядзеньне міжнароднага адкрытага конкурсу на лепшы праект мэмарыялізацыі гэтага месца.
На думку аўтараў заявы, супраца грамадзтва і ўладаў па Курапатах магчымая пры выкананьні шэрагу ўмоваў з боку дзяржавы. Сярод іх:
- адмовіцца ад палітычных рэпрэсіяў,
- адкрыць усе зьвязаныя з рэпрэсіямі архівы, у тым ліку спэцслужбаў,
- вярнуць ахоўную зону Курапатаў да стану 2003 году.
Аўтары заявы нагадваюць, што прынцыпы мэмарыялізацыі Курапатаў былі сфармуляваныя грамадзкасьцю яшчэ 25 сакавіка 2002 году. Актывісты лічаць, што выкананьне тых умоваў стала б істотным крокам для грамадзянскага паразуменьня ў краіне.
Заяву падпісалі старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, культуроляг Вацлаў Арэшка, археоляг Валянціна Вяргей, мовазнаўца Вінцук Вячорка, мастакі Генадзь Драздоў і Аляксей Марачкін, музыкі Аляксей Галіч і Зьміцер Захарэвіч, музыказнаўца Алена Кісялёва, грамадзкая дзяячка Валянціна Сьвяцкая, журналіст Марат Гаравы.