Украінская кампанія «Укртатнафта», якая належыць украінскаму бізнэсоўцу Ігару Каламойскаму, патрабуе ад Міністэрства эканамічнага разьвіцьця і гандлю Ўкраіны абмежаваць прысутнасьць беларускіх нафтапрадуктаў.
У адмысловай заяве з гэтай нагоды, кампанія «Укртатнафта» спасылаецца на Энэргетычную стратэгію Ўкраіны, згодна зь якой ня менш за 50 адсоткаў патрэбаў унутранага рынку ў нафтапрадуктах экалягічнай клясы, не ніжэйшай за Euro 5, мае складаць паліва ўкраінскай вытворчасьці. Пры гэтым беларускія нафтапрадукты разглядаюцца ў адным шэрагу з расейскімі і абмежаваньні на іх пастаўкі прапануюцца пад лёзунгам «забесьпячэньня энэрганезалежнасьці ад Расеі».
Пад лёзунгам энэрганезалежнасьці
Паводле кампаніі «Укртатнафта», якая ўваходзіць у склад групы «Прыват» Ігара Каламойскага, імклівы рост імпарту нафтапрадуктаў за апошнія 12 гадоў выклікаў спыненьне дзейнасьці большасьці ўкраінскіх нафтаперапрацоўчых заводаў.
Група «Прыват» валодае трыма ўкраінскімі НПЗ — Надварнянскім (Івана-Франкоўская вобласьць), Драгобыцкім (Львоўская вобласьць) і найбуйнейшым ва Ўкраіне Крэменчуцкім нафтаперапрацоўчым заводам у Палтаўскай вобласьці. Пры гэтым толькі апошні — Крэменчуцкі НПЗ — зусім нядаўна, у 2016 годзе, асвоіў вытворчасьць паліва ў адпаведнасьці са стандартам Euro 5. Але вярнуць пазыцыі на сваім рынку прадпрыемствы ня могуць, таму і зьвярнуліся па дзяржаўную падтрымку ў выглядзе антыдэмпінгавага расьсьледаваньня з далейшым увядзеньнем квотаў на пастаўкі нафтапрадуктаў ва Ўкраіну.
У прыватнасьці, з 1 траўня прапануецца абмежаваць увоз нафтапрадуктаў зь Беларусі і Расеі на ўзроўні 50 % (прыкладна 90 тысяч тон у месяц бэнзіну і 250 тысяч тон дызпаліва), а зь 1 ліпеня — 30 % (75 тысяч тон на месяц бэнзіну і 200 тысяч тон дызельнага паліва). Зь 1 кастрычніка пастаўкі нафтапрадуктаў зь Беларусі і Расеі не павінны ўжо перавышаць 30 % (55 тысяч тон бэнзіну і 150 тысяч тон дызпаліва).
З усіх паставак, якія будуць ажыцьцяўляцца звыш вызначаных квотаў, «Укртатнафта» прапануе спаганяць павялічаныя мытныя падаткі — 29,3% ад мытнай вартасьці бэнзінаў і 30,7% — дызпаліва.
Украінская геаграфія паставак нафтапрадуктаў
Украіна набывае нафтапрадукты ў некалькіх краінах. Найбольш — у Беларусі, Расеі і Літве.
Паводле ацэнак спэцыялістаў, цяпер частка нафтапрадуктаў з-за мяжы складае ва Ўкраіне ад 60 да 80 адсоткаў, прычым Беларусь тут лідэр у пастаўках паліва — 3,678 млн тон за год. З Расеі пастаўляецца 2,462 млн тон, зь Літвы — 849,645 тысячы тон.
У агульным гандлі Беларусі з Украінаю аб’ёмы паставак вуглевадародаў розных відаў складаюць ці не палову ў грашовым вымярэньні. Згодна з афіцыйнаю статыстыкаю Ўкраіны, летась з 3,205 мільярда даляраў беларускага экспарту частка нафтапрадуктаў склала 1,823 мільярда даляраў. З Расеі Ўкраіна паставіла гэтай прадукцыі на 1,263 мільярда даляраў, а зь Літвы — на 679,8 мільёна (для Літвы пастаўка нафтапрадуктаў ва Ўкраіну таксама ёсьць асновай узаемнага гандлю, нават большай, чым для Беларусі ў адсоткавым вымярэньні).
Беларусь пакуль не хвалюецца
Беларускі бок спакойна рэагуе на ініцыятыву кампаніі Ігара Каламойскага. Па-першае, папярэдняя спроба «Укртатнафты» абмежаваць беларускіх канкурэнтаў у 2012 годзе пры дапамозе антыдэмпінгавага расьсьледаваньня была няўдалай. Міжведамасная камісія ў міжнародным гандлі адхіліла аналягічную заяву. Па-другое, усе разумеюць, што абмежаваньне замежных паставак можа выклікаць паліўны крызіс. Менавіта на гэтыя абставіны і спадзяецца беларускі бок.
«На ўзроўні гандлёвых дачыненьняў гэта не адаб’ецца, бо ўсё вызначае спажывец. Ад такіх абмежаваньняў Украіна зробіць горш толькі свайму спажыўцу. Дарэчы, у нас у амбасадзе заўсёды пытаюцца, дзе прадаецца беларускі бэнзін. Бо попыт вызначае абʼёмы паставак на рынак. Калі проста ўзяць і абмежаваць, паменшыцца абʼём паставак на канкрэтны рынак і такім чынам павялічыцца кошт на паліва», — сказаў у інтэрвію Свабодзе амбасадар Беларусі ва Ўкраіне Ігар Сокал.
Экспэрты: Каламойскі хоча манаполіі
Украінскія экспэрты перакананыя, што кампанія Ігара Каламойскага, прапануючы абмежаваньні пад лёзунгам «забясьпечыць энэрганезалежнасьць ад Расеі», на справе спрабуе ўстанавіць манаполію на рынку.
«Абмежаваньне імпарту дазволіць групе „Прыват“ заняць да 50 % рынку дызпаліва і амаль 100 % рынку бэнзіну. Фактычна гэта манаполія. Што гэта „абяцае“ спажыўцам, тлумачыць ня трэба — імпартнае мыта дадасьць 5 грыўняў да кошту паліва на кожным літры», — адзначыў дырэктар Кансалтынгавай групы «А-95» Сяргей Куюн.
Апроч таго, мяркуе экспэрт, нават калі Крэменчугскі НПЗ будзе загружаны цалкам і будзе перапрацоўваць каля 7 мільёнаў тон нафты, то ў пікавы для спажываньня восеньскі сэзон наўрад ці ўдасца пазьбегнуць дэфіцыту.
Найбольш заклапочаныя патрабаваньнямі Ігара Каламойскага прадпрыемствы горна-мэталюргічнага комплексу, які спажывае да 8 адсоткаў дызэльнага паліва.
«Нашы страты прамыя і ўскосныя складуць больш як 2,5 мільярда грыўняў, а наступствы адчуе кожны грамадзянін праз новы віток інфляцыі, дэвальвацыі і гэтак далей. Мы лічым, што для таго, каб задаволіць амбіцыі аднаго з вытворцаў, нават калі гэта цэлая галіна, яно таго відавочна ня вартае. Калі хочаце гэтай галіне дапамагчы — ёсьць незьлічоная колькасьць іншых мэханізмаў аж да наўпроставай дзяржаўнай падтрымкі, але гэта не павінна быць за кошт іншых галін і насельніцтва», — заявіў кіраўнік Фэдэрацыі мэталюргаў Украіны Сяргей Беленькі.
Супярэчыць правілам WTO
На думку прэзыдэнта Нафтагазавай асацыяцыі Ўкраіны Дзьмітрыя Куліка, ініцыятывы «Укртатнафты» выклічуць дэфіцыт паліва і зьнішчаць усю дывэрсыфікаваную сыстэму паставак нафтапрадуктаў на ўкраінскі рынак.
«Сёньня мы атрымліваем паліва з 10 напрамкаў і забыліся, што такое крызіс. Увядзеньне абмежаваньняў прывядзе да павышэньня цэнаў для ўсіх спажыўцоў і запусьціць ланцужок інфляцыі», — перакананы ён.
Юрысты таксама засьцерагаюць улады ад парушэньня міжнародных абавязаньняў Украіны ў межах Усясьветнай гандлёвай арганізацыі.
«У 2013 годзе мы ўвялі абмежаваньне на імпарт легкавых аўтамабіляў, а Японія гэтае рашэньне аспрэчыла. У выніку мы вымушаныя былі скасаваць іх. Зараз мы можам наступіць на тыя ж граблі. Але тады мы былі параўнальна „маладым“ сябрам Усясьветнай гандлёвай арганізацыі (WTO), і нас маглі зразумець і дараваць нам, але калі мы паўторым гэта, то нас могуць расцаніць як злоснага парушальніка міжнародных правілаў гандлю», — кажа прадстаўніца адной зь юрыдычных кампаній Украіны Анжэла Махінава.
У чаканьні разьвязкі
Канчатковае рашэньне — пачынаць ці не антыдэмпінгавае расьсьледаваньне — Міжведамасная камісія ў міжнародным гандлі мае ўхваліць да 23 красавіка. Галоўная небясьпека тоіцца ў тым, што нават калі вынікі расьсьледаваньня будуць не на карысьць кампаніі Каламойскага, то на момант ягонага правядзеньня ўсё роўна будуць абвешчаныя папярэднія абмежавальныя захады.
У Міністэрстве эканамічнага разьвіцьця і гандлю Ўкраіны пакуль адмаўляюцца камэнтаваць магчымыя пэрспэктывы рэакцыі на заяву «Укртатнафты».
«Пасьля атрыманьня адпаведнай заявы Міжведамасная камісія ў міжнародным гандлі прымае рашэньне аб адкрыцьці ці немэтазгоднасьці адкрыцьця спэцыяльнага расьсьледаваньня. У выпадку, калі будзе пачатая такая працэдура, інфармацыю пра гэта апублікуюць у газэце «Урядовий кур’єр», — сказалі Свабодзе ў міністэрстве.
Згодна з заканадаўствам Украіны, тэрмін правядзеньня антыдэмпінгавага расьсьледаваньня не павінен перавышаць 270 дзён, а пры надзвычайных абставінах ён можа быць падоўжаны да 330 дзён.
«Калі павелічэньне абʼёму імпарту ва Ўкраіну адбываецца ў такіх памерах ці на такіх умовах, што прычыняецца або існуе пагроза прычыненьня значнай шкоды, то ў мэтах абароны рынку камісія можа ўхваліць рашэньне аб прымяненьні спэцыяльных захадаў у выглядзе ўвядзеньня рэжыму кватаваньня імпарту або шляхам устанаўленьня спэцыяльнага мыта на тавар, які ёсьць абʼектам гэтага расьсьледаваньня», — падкрэсьлілі ў Міністэрстве эканамічнага разьвіцьця і гандлю Ўкраіны.