Ад мясцовых уладаў аршанцы патрабуюць толькі месца.
Жыхары Воршы, якія маюць пасьведчаньні аб пасьмяротнай рэабілітацыі сваіх расстраляных у 1930-я сваякоў, накіравалі лісты ў райвыканкам. Яны пішуць, што гатовыя ўшанаваць памяць бязьвінна забітых сваякоў за ўласныя грошы, яны ня просяць аніякай дапамогі ад дзяржавы, апрача вызначэньня месца, дзе зрабіць гэта можна будзе афіцыйна.
Савецкі камбінат сьмерці
Кампанію вызначэньня афіцыйных месцаў для жалобы ініцыяваў Ігар Станкевіч — ураджэнец Воршы, дасьледнік, які вярнуў зь небыцьця імёны некалькі дзясяткаў закатаваных НКВД сваякоў. На старонцы «Кобыляки. Расстреляны в Орше» ён выклаў узор звароту да ўладаў.
Ігар Станкевіч кажа, што ў Воршы былі расстраляныя тысячы людзей.
«Іх імёны можна знайсьці ў розных адкрытых крыніцах — прыкладам, у арганізацыі „Мэмарыял“. Са сьведчаньняў відавочцаў, з матэрыялаў СМІ мне вядома, што расстрэлы адбываліся і на Кабыляцкай гары, і ў лесе каля Магілёўскай шашы, у аршанскай турме — былым езуіцкім калегіюме», — кажа дасьледнік.
У канцы 1980-х месца ўшанаваньня ахвяр сталінізму пад Воршай было. Урочышча Кабыляцкая гара было афіцыйна прызнанае месцам масавых расстрэлаў, і там на распараджэньне аршанскіх уладаў нават паставілі помнік-валун з мэмарыяльнай дошкай. Аднак вандалы скралі шыльду, а мясцовыя ўлады паступова адмовіліся ад клопату пра ўшанаваньне памяці расстраляных.
Даглядаць гэтае месца стала справай грамадзкіх актывістаў, якія пэрыядычна прыбіраюць там і зьбіраюцца па памінальных днях разам са сваякамі бязьвінна забітых.
У канцы сакавіка ў Воршы прайшла сустрэча сваякоў рэпрэсаваных, якія абмяркоўвалі пэрспэктывы добраўпарадкаваньня на Кабыляцкай гары: замену крыжоў каля помніка, разьмяшчэньне таблічак з імёнамі ахвяраў. Прагучала прапанова адзначыць і яшчэ адно вядомае «расстрэльнае месца» — пакласьці мэмарыяльны камень у Харкаўскім лесе каля Магілёўскай шашы. Высьветлілася, што ў Воршы ёсьць шмат ахвотных дапамагчы ў справе ўшанаваньня памяці рэпрэсаваных — у тым ліку і матэрыяльна, грашыма або бясплатным вырабам мэмарыяльных сымбаляў.