У Беларусі засталося 16,5 тысячы вязьняў канцлягераў, гета, а таксама тых, каго прымусова вывезьлі на працу ў Нямеччыну. Наймаладзейшым зь іх цяпер больш за 75 гадоў. На працягу доўгіх гадоў гэтыя людзі цярпелі ўціск і не расказвалі пра перажытае.
11 красавіка — Міжнародны дзень вызваленьня вязьняў фашысцкіх канцлягераў. У Беларусі традыцыйна праходзяць афіцыйныя імпрэзы да гэтага дня. На іх нямала гаворыцца пра пакуты, якія зьведалі нявольнікі канцлягераў. Тое, аднак, што ў 2007 годзе гэтых людзей пазбавілі большасьці льготаў, ня згадваецца. Маўчаць на мітынгах і пра адсутнасьць адмысловага закону, які гарантаваў бы былым вязьням іхныя правы.
Між тым прыняты ў 1992 годзе закон «Аб вэтэранах» у льготах прыраўноўваў былых вязьняў нацызму да ўдзельнікаў вайны. Праз 15 гадоў іх пазбавілі бясплатных лекаў, бясплатнага праезду ў гарадзкім і прыгарадным транспарце і адной паездкі на год па Беларусі. Недаступнай для іх стала 50-адсоткавая зьніжка на аплату камунальных паслуг ды кватэрнага тэлефона.
Цяпер вязьні нацызму могуць разьлічваць на невялікую надбаўку да пэнсіі, на пазачарговае абслугоўваньне ў паліклініцы ды шпіталі, а таксама на непрацяглы адпачынак да 14 сутак без захаваньня заробку ды на бязвыплатную перадачу ў маёмасьць займаных імі памяшканьняў да 20 квадратных мэтраў.
Вяскоўцы спагадліва ставіліся да тых, хто зьведаў нацысцкую няволю
Па вайне на працягу сарака гадоў такія, як 77-гадовы жыхар Магілёва Іван Мартынаў і яго сям’я, заставаліся на грамадзкай узбочыне, па-за ўвагаю ўладаў. Многія сутыкнуліся зь перашкодамі ў атрыманьні вышэйшай адукацыі ды ў працаўладкаваньні. Савецкае кіраўніцтва адмовілася ад кампэнсацыі вязьням нацызму, якую была абавязаная выплочваць Нямеччына. На запыт пра колькасьць пацярпелых ад няволі Сталін адказаў: «У нас няма ваеннапалонных, а ёсьць здраднікі».
Іван Мартынаў нарадзіўся ў канцлягеры праз паўгода, як пачалася вайна. Ягоная цяжарная маці разам з двухгадовай дачкой трапілі ў лягер, які 23 чэрвеня 1941 году арганізавалі нацысты ля літоўскай вёскі Дзімітравас.
Паводле суразмоўцы, доўгі час гісторыя ўласнага нявольніцтва для яго самога была таямніцай. Маці не рызыкавала гаварыць на гэтую тэму з сынам, бо баялася наступстваў.
«Калі ўсё ж даводзілася ўспамінаць, яна дужа плакала, — апавядае Іван Іванавіч. — Дужа дзякавала літоўскім сялянам, якія ўратавалі нас ад голаду. Неяк, паглядзеўшы савецкі фільм „Памятай імя сваё“, мама мне сказала, што гэтая стужка нібы пра мой лёс».
Сям’я Мартынавых апынулася ў Літве, бо бацька служыў на мяжы. Ён трапіў у нямецкі палон параненым, калі разам з саслужыўцамі выходзіў у Пскоўскай вобласьці з акружэньня. Зь няволі яго вызвалілі амэрыканцы. Сям’я Мартынавых вярнулася на радзіму ў вёску Петухоўку, што ў Чавускім раёне.
Вёска ўратавала сям’ю ад таго, што цярпелі вязьні канцлягераў у гарадах. Вяскоўцы, кажа Мартынаў, са спагадаю ставіліся да таго, што давялося перажыць землякам, бо самі жылі пад акупацыяй нацыстаў.
Перажытае ў лягеры наклала адбітак на паводзіны Івана Іванавіча. Яго дагэтуль палохаюць тыя, хто гаворыць яму з-за сьпіны, а ў юнацтве няпроста было кантактаваць зь людзьмі.
У Івана Іванавіча выдатная памяць і матэматычныя здольнасьці, якія, па ягоных словах, пачалі выяўляцца дужа рана. На год раней ён пайшоў у школу.
«Калі я пачаў разьбірацца ў нелягічных сваіх паводзінах, то зразумеў, што перажытае ў лягеры абвастрыла разумовыя здольнасьці», — падзяліўся назіраньнямі суразмоўца.
«Мяркую, што вывучэньне мэдыкамі паводзінаў вязьняў нацызму магло б цяпер прыдацца ў працы зь людзьмі, якія пабывалі ў экстрэмальных умовах, але такія магчымасьці былі змарнаваныя ўладай», — дадаў ён.
«Вязьні нацызму азмрочваюць ідэалы перамогі»
Іван Мартынаў сутыкнуўся з наступствамі замоўчваньня праўды пра вязьняў нацызму, калі ў яго было сумоўе на прарэктарскую працу ў Магілёўскі пэдагагічны інстытут. У 1988 годзе яго апытваў інструктар райкаму і, пачуўшы, што прэтэндэнт на пасаду нарадзіўся ў канцлягеры, спалохаўся.
«Ён ня ведаў, што казаць, як рэагаваць на мае словы. Стаў прасіць, каб я больш пра гэта нікому не казаў, бо ў мяне будуць праз гэта праблемы», — згадаў суразмоўца.
Іван Мартынаў зьвязвае маўчаньне пра вязьняў нацызму ў Савецкім Саюзе з тым, што такая катэгорыя людзей нібыта магла азмрочыць ідэалы перамогі ў вайне. Нямногія франтавікі, паводле яго, бачылі тых, хто прайшоў нацысцкую няволю, таму такіх вязьняў і для ўдзельнікаў вайны не існавала.
«Хіба дзеці вінаватыя, што яны трапілі ў канцлягер? Яны ж ня могуць за сябе адказваць. Дык дзе ж справядлівасьць? Чаму нас дагэтуль, можна сказаць, ігнаруюць?» — абураецца ён.
Беларускае грамадзтва, працягвае ён, павярхоўна ведае, хто такія вязьні нацызму. На яго думку, бяз праўды пра іх гісторыя Другой усясьветнай вайны будзе няпоўнай, а яе ўрокі не асэнсаваныя.
У 2004 годзе, напярэдадні 60-годзьдзя вызваленьня ад нацыстаў Беларусі, на адной з нарадаў у аблвыканкаме ён паспрабаваў данесьці чыноўнікам свой погляд, але дагаварыць яму не далі.
«Мяне ўпікнулі, што я чытаю лекцыю і выступаю не па сутнасьці і, ня даўшы скончыць выступу, сагналі са сцэны», — прыгадаў суразмоўца.
На ягоную думку, скасаваньне льготаў былым вязьням нацызму было выклікана тым, што яны атрымалі кампэнсацыю зь Нямеччыны.
«Нехта ва ўладзе палічыў, што гэтай кампэнсацыі нам даволі», — падкрэсьліў ён.
«Ільготы былым вязьням нацызму, магчыма, пашыраць у 2019 годзе»
Старшыня Беларускай асацыяцыі былых непаўналетніх вязьняў фашызму Ніна Лыч таксама зьведала нацысцкую няволю.
У 1943 годзе яе з маці і братам вывезьлі ў канцлягер. Малодшы брат у няволі памёр, маці згарэла ў печы Асьвенціму. Сама Ніна Антонаўна пабывала ў чатырох лягерах: «пятым чыгуначным палку», які арганізавалі нацысты ў Віцебску, Асьвенціме, лягеры для забору крыві ў Быдгошчы, а таксама лягеры ў Канстанцінаве на тэрыторыі Польшчы.
Ніна Лыч была сярод стваральнікаў у 1988 годзе ў Кіеве Саюзу былых малалетніх вязьняў канцлягераў. Асноўная яго мэта — абарона інтарэсаў дзяцей, якія перанесьлі выпрабаваньні вайной.
«Мы зьвярнуліся да савецкага ўраду, каб палепшаць умовы існаваньня гэтай катэгорыі дзяцей вайны. Але нам адказалі, што такой катэгорыі людзей у СССР няма. Ад таго часу мы і пачалі даказваць, што такія людзі ёсьць. Тады была палітыка замоўчваньня. Дзяржава, відаць, лічыла, што такая катэгорыя людзей лішняя для яе», — мяркуе Ніна Антонаўна.
Яна кажа, што зь Беларусі вывезьлі блізу 400 тысяч чалавек, але дадае: «Хто лічыў гэтых людзей? А яшчэ — хто падлічваў, колькі вярнуліся?»
Паводле Ніны Лыч, цяпер рабочая група, створаная ўрадам, распрацоўвае папраўкі ў закон «Аб вэтэранах». У новай рэдакцыі былыя вязьні канцлягераў будуць прыраўнаваныя да ўдзельнікаў вайны і для іх будуць пашыраныя льготы з улікам эканамічнай сытуацыі ў краіне. У падрыхтоўцы задзейнічаныя і былыя вязьні нацысцкай няволі. Чакаецца, што новую рэдакцыю закону зацьвердзяць у 2019 годзе.
Паводле архіўных дакумэнтаў, на тэрыторыі Нямеччыны і акупаваных ёю краінах было арганізавана болей за 14 тысяч канцлягераў. За Другую ўсясьветную вайну празь іх прайшлі 18 мільёнаў чалавек, звыш 11 мільёнаў зь якіх загінулі. Кожнае пятае зьнішчанае жыцьцё было дзіцячым.