У Азэрбайджане ў дзень датэрміновых выбараў прэзыдэнта заблякавалі сайт Радыё Свабода

Улады Азэрбайджану працягваюць блякаваньне доступу жыхароў краіны да сайта азэрбайджанскай службы Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода ў час, калі 11 красавіка ў краіне праходзяць пазачарговыя прэзыдэнцкія выбары.

Томас Кент

«Наша праца заключаецца ў тым, каб забясьпечыць незалежнае асьвятленьне навін для народа Азэрбайджану — не ў апошнюю чаргу ў сувязі з такімі важнымі падзеямі, як прэзыдэнцкія выбары. Гэтая забарона перашкаджае нашай місіі, пазбаўляе азэрбайджанцаў свабоды доступу да інфармацыі і парушае міжнародныя абавязальніцтвы ўраду паважаць ролю свабоднай прэсы», — заявіў прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Томас Кент.

«Камітэт абароны журналістаў», які базуецца ў Нью-Ёрку, паказаў 6 красавіка, што ўлады Азэрбайджану ачысьцілі палітычны ляндшафт «практычна ад усіх фармальных шляхоў выказваньня іншадумства» напярэдадні выбараў.

Забарона доўжыцца з траўня 2017 году, калі суд у Баку на запыт генэральнага пракурора заблякаваў сайт азэрбайджанскай службы Радыё Свабода і іншыя праекты, як такія, што «ўяўляюць пагрозу» нацыянальнай бясьпецы Азэрбайджану і спрыяюць «гвалту, нянавісьці ці экстрэмізму, парушаюць прыватнае жыцьцё або ўяўляюць сабой паклёп».

Англамоўны сайт RFE / RL пэрыядычна заблякаваны ў Азэрбайджане са студзеня 2018 году.

Нягледзячы на закрыцьцё традыцыйных каналаў інфармаваньня ў інтэрнэце, азэрбайджанская служба Радыё Свабода працягвае функцыянаваць як важная крыніца навінаў празь відэахостынгі і сацыяльныя сеткі. У 2017 годзе служба атрымала амаль 90 мільёнаў праглядаў відэа на сваіх каналах YouTube і Facebook і падтрымлівае актыўную прысутнасьць у Instagram, Twitter і «Одноклассниках».

Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода распаўсюджвае інфармацыю на розных плятформах (інтэрнэт, радыё, тэлебачаньне, відэа) для аўдыторыі ў 23 краінах Усходняй і Паўднёва-Ўсходняй Эўропы, Каўказу, Цэнтральнай Азіі і Блізкага Ўсходу на 25 мовах.