Лічбавае дасье: што ведаюць пра вас Google і Facebook

Некаторых можа зьдзівіць аб’ём дадзеных пра карыстальнікаў, якімі валодаюць тэхналягічныя гіганты.

У той час як кіраўнік Facebook Марк Цукербэрг рыхтуецца даць паказаньні ў Кангрэсе аб існуючых у яго кампаніі практыках, амэрыканцаў усё больш пачынае трывожыць, колькі інфармацыі асабістага характару зьбіраюць пра іх тэхналягічныя кампаніі.

Цукербэргу ў Кангрэсе ЗША сёньня будзе горача

Facebook паведаміў, што на гэтым тыдні пачне рассылаць апавяшчэньні 87 мільёнам чалавек, чые дадзеныя былі перададзеныя палітычнай кансалтынгавай фірме Cambridge Analytica бязь іх ведама. Сацыяльная сетка таксама ініцыявала некалькі зьменаў, каб карыстальнікам было прасьцей кантраляваць свае дадзеныя.

Хоць гэтыя і іншыя зьмены, магчыма, супакояць карыстальнікаў, яны ўсё часьцей задаюцца пытаньнем: якой пэрсанальнай інфармацыяй валодаюць такія тэхналягічныя кампаніі, як Google або Facebook, і што яны зь ёй робяць?

Абедзьве кампаніі прапануюць самыя розныя спосабы праверкі пэрсанальных дадзеных і іх выдаленьня.

Google

Некаторыя могуць зьдзівіцца, што пра іх ведае Google.

Калі ў вас уключана опцыя «Гісторыя месцазнаходжаньня», то кампанія ведае маршрут вашай учорашняй роварнай прагулкі і кавярні, у якой вы абедалі зь дзецьмі.

Google захоўвае гісторыю вашых пошукавых запытаў і гісторыю пошуку і праглядаў відэа на YouTube.

Калі вы хочаце даведацца, якія прыкладаньні маюць доступ да вашых дадзеных Google, то гэта можна праверыць па дадзенай спасылцы.

Каб даведацца ўсё, што ведае Google, прайдзіце па спасылках takeout. google. com або myaccount. google. com і націсьніце на «загрузіць усе дадзеныя» (download all data). Пасьля таго як вы пройдзеце па спасылцы «кантралюйце свой кантэнт» (control your content), вам будзе прапанавана стварыць архіў. Стварэньне архіва можа заняць некалькі гадзін — у залежнасьці ад таго, калі вы пачалі выкарыстоўваць Google.

Google абяцае, што «толькі вы можаце ўбачыць гэтыя дадзеныя» і прапануе выдаліць некаторыя фрагмэнты дадзеных або цэлыя катэгорыі, напрыклад, гісторыю пошуку. Аднак кампанія таксама папярэджвае, што выдаленьне дадзеных можа пазбавіць карыстальнікаў магчымасьці атрымліваць пэрсаналізаваную дапамогу ад прадуктаў і сэрвісаў Google ў будучыні.

Facebook

У наладах сацыяльнай сеткі (https://www. facebook.com/settings) нядаўна зьявілася новая функцыя «Спампаваць копію дадзеных» (Accessing Your Information), з дапамогай якой карыстальніку будзе прасьцей загрузіць свае дадзеныя.

У прыватнасьці, будуць скапіяваныя вашыя запісы, фатаграфіі і відэа, а таксама ўсе паведамленьні і чаты. Загружаны файл таксама зьмяшчае інтарэсы і іншыя тэмы, якія могуць выкарыстоўваць рэклямадаўцы для рассыланьня таргетаванай рэкламы. Файл таксама будзе ўключаць усіх рэклямадаўцаў, якія валодаюць кантактнай інфармацыяй карыстальніка. Акрамя таго, карыстальнікі могуць паглядзець сьпіс іншых прыкладаньняў, да якіх яны атрымлівалі доступ з дапамогай акаўнта Facebook.

Калі карыстальнік пачне выдаляць свой рахунак, Facebook пакажа фатаграфіі знаёмых яму людзей з напамінам, што яны «будуць сумаваць» па ім.

Калі карыстальнікі ўбачаць сваё лічбавае дасье, яны, верагодна, зададуцца пытаньнем: навошта зьбіраецца гэтая інфармацыя, і ці трэба стварыць новыя межы.

Нядаўняе апытаньне, праведзенае ў ЗША, паказала, што 41 працэнт амэрыканцаў лічыць, што Facebook выконвае законы, якія тычацца прыватнага жыцьця. Але яшчэ больш людзі давяраюць канкурэнтам Facebook — кампаніі Amazon (66 адсоткаў) і бацькоўскай кампаніі Google — Alphabet (62 адсоткі).