Камісія: прычынай крушэньня Ту-154 пад Смаленскам быў выбух

У Польшчы праходзяць жалобныя мерапрыемствы, прысьвечаныя восьмай гадавіны катастрофы самалёта Ту-154 пад Смаленскам, у якой загінулі прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі і іншыя чальцы кіраўніцтва краіны.

У сераду павінна быць апублікаваная афіцыйная справаздача тэхнічнай камісіі, якая расьсьледуе прычыны трагедыі. Напярэдадні кіраўнік камісіі Антоні Мацярэвіч заявіў у эфіры нацыянальнага тэлебачаньня, што прычынай катастрофы стаў выбух на борце самалёта, які адбыўся яшчэ да яго сутыкненьня зь зямлёй. Чакаецца, што ў сераду будуць прадстаўлены доказы на карысьць гэтай вэрсіі.

Сярод прыхільнікаў кіруючай партыі «Права і справядлівасьць» і яе лідэра Яраслава Качыньскага — брата загінулага прэзыдэнта — нямала тых, хто лічыць, што прычынай катастрофы стаў тэракт, накіраваны супраць польскага кіраўніцтва. Апанэнты настойваюць на высновах, якія былі зробленыя камісіяй па расьсьледаваньні трагедыі па «гарачых сьлядах» — яна прыйшла да высновы, што самалёт разбурыўся ў выніку сутыкненьня з дрэвамі ў тумане, а выбуху на борце не было.