Аргкамітэт «Чарнобыльскага шляху-2018» абвясьціў 9 красавіка збор сродкаў на падрыхтоўку і правядзеньне акцыі 26 красавіка.
Арганізатары адмовіліся ад краўдфандынгу
Арганізатары заклікаюць пераводзіць грошы на картку «Прыёрбанку», аформленую на імя намесьніка старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Аляксея Сігаева.
Паводле сябра аргкамітэту Дзьмітрыя Кучука, аргкамітэт адмовіўся ад ідэі ствараць краўдфандынг-кампанію «Чарнобыльскага шляху» на краўд-плятформах.
«Мы запытвалі інфармацыю, пакуль што гэта на стадыі перамоваў, але наўрад ці яны захочуць разьмяшчаць на сваіх плятформах гэтую інфармацыю», — сказаў Свабодзе Дзьмітры Кучук.
Як паведамілі Радыё Свабода арганізатары акцыі Павал Севярынец і Анастасія Дарафеева (старшыня партыі «Зялёныя»), краўдфандынг быў адной з працоўных вэрсій па арганізацыі збору сродкаў, але пляцоўкі Talaka.org і Ulej.by нібыта асьцерагаюцца разьмяшчаць праекты палітычных кампаній.
На пытаньне, ці зьвязваліся арганізатары з прадстаўнікамі краўд-пляцовак, Анастасія Дарафеева адказваць адмовілася, бо арганізатары акцыі «адышлі ад гэтага працэсу» — прынятае рашэньне зьбіраць грошы на картку фізычнай асобы.
Мэнэджары праектаў ulej.by і talaka.org сказалі Свабодзе, што арганізатары «Чарнобыльскага шляху» зь імі ня зьвязваліся.
«З намі ня зьвязваліся, але мы ня супраць такога праекту абсалютна», — сказала Свабодзе праектны кансультант Talaka.org Алена Кашэўская.
Куды пойдуць сабраныя сродкі?
Паводле Паўла Севярынца, сабраныя грошы пойдуць на выраб улётак, стэндаў і банэраў, зьнічкі, аплату паслуг хуткай дапамогі падчас акцыі і ўсталяваньне вялікага экрана на месцы правядзеньня акцыі.
Арганізатары хочуць арандаваць вялікі экран, каб усталяваць яго на пляцоўцы каля Акадэміі навук. Мяркуецца, што на экране будуць трансьляваць мітынг і відэаролікі пра экалягічныя праблемы.
«Калі мы атрымаем дазвол на мітынг, гэты экран будзе там», — сказаў Севярынец.
Выраб улётак — гэта «мэтавыя рэчы», сказаў Севярынец. Паводле яго, улёткі — гэта традыцыйны спосаб піяру акцыі, які дагэтуль працуе ў Менску. З досьведу палітыка, тысяча распаўсюджаных з рук улётак дае некалькі дзясяткаў удзельнікаў і дзесяць тэлефанаваньняў. Палова тэлефанаваньняў звычайна нэгатыўныя, астатнія 50% тэлефануюць ня толькі каб далучыцца да акцыі, але і каб прычыніцца да актыўнай працы.
«Добрая кампанія ўключае ў сябе ўсе мэтавыя групы. Ёсьць людзі, якія ня ходзяць у інтэрнэт, але прыходзяць на такія акцыі. Таму рэкляма будзе і ў інтэрнэце: калі ў нас будзе дазвол, мы будзем разьмяшчаць інфармацыю праз сацсеткі».
Пасьля размовы са Свабодай Павал Севярынец абнавіў свой пост у фэйсбуку і дадаў, што сабраныя грошы пойдуць таксама і на рэкляму ў сацсетках.
Досьвед #БНР100: краўд-пляцоўкі не адмовілі
У студзені-сакавіку на краўд-плятформе talaka.org зьбіралі сродкі на сьвяткаваньне 100 год незалежнасьці БНР у Менску, дазволенае ўладамі. Гэты краўдфандынг стаў самым маштабным у Беларусі па колькасьці ўдзельнікаў — да кампаніі на «Талацэ» далучыліся 1025 чалавек, якія агулам ахвяравалі 36 860 рублёў. Зьбіралі грошы і іншымі шляхамі.
У студзені краўд-пляцоўка Ulej.by выдаліла пратэставую кампанію супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем. Грамадзкія арганізацыі «За Вела-Берасьце» і «Час Зямлі» хацелі сабраць 500 рублёў (архіўная копія), якія мелі намер патраціць на «ўдасканаленьне практыкі правядзеньня грамадзкіх слуханьняў». Прадстаўнікі ulej.by заявілі, што закрыцьцё праекту зьвязанае з заявай пракуратуры Берасьцейскага раёну аб недапушчальнасьці заклікаў да несанкцыянаваных сходаў.
* * *
2 красавіка арганізатары «Чарнобыльскага шляху — 2018» падалі заяўку на правядзеньне акцыі ў Менскі гарвыканкам: збор а 18-й гадзіне 26 красавіка на пляцоўцы каля Акадэміі навук, да 19.00 — мітынг на прыступках Акадэміі навук, з 19.00 да 20.30 — шэсьце па праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Сурганава да Чарнобыльскай капліцы ў парку Дружбы народаў. На момант публікацыі адказу Менгарвыканкаму няма.