Нямеччына ня дасьць згоды на запуск газаправода «Паўночны паток — 2» з Расеі ў Заходнюю Эўропу, калі ня будуць забясьпечаны інтарэсы Ўкраіны як краіны-транзытэра расейскага газу. Пра гэта заявіла канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель пасьля перамоваў з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам ў Бэрліне.
Паводле Мэркель, хаця «Паўночны паток — 2» Няммеччына разглядае перадусім як эканамічны праект, ёсьць пэўныя «палітычныя меркаваньні», зьвязаныя з ім, і перш за ўсё неабходнасьць не ўшчаміць інтарэсаў Украіны пасьля яго запуску.
Украіна раней заклікала Нямеччыну адмовіцца ад будаўніцтва «Паўночнага патоку — 2». Супраць выступае таксама шэраг краін Эўразьвязу і Злучаныя Штаты, паказваючы на тое, што Расея можа выкарыстаць залежнасьць ЭЗ ад паставак газу для палітычнага ціску. Кіраўнік «Газпрому» Аляксей Мілер раней заявіў, што пасьля запуску газаправодаў «Паўночны паток — 2» і «Турэцкі паток» транзыт расійскага газу праз Украіну можа скараціцца ў разы.
Мэркель і Парашэнка абмеркавалі пэрспэктывы ўводу міжнародных міратворцаў у зону канфлікту ў Данбасе. Паводле Парашэнкі, міратворцы павінны кантраляваць расейска-ўкраінскую мяжу.
Пятро Парашэнка таксама заявіў, што Ўкраіна сьледам за Злучанымі Штатамі увядзе санкцыі супраць шэрагу расейскіх алігархаў, у тым ліку супраць Алега Дзерыпаскі.