Трамп: ЗША маюць «шмат ваенных варыянтаў» дзеяньняў у Сырыі

Дональд Трамп

Злучаныя Штаты маюць «мноства варыянтаў для ваеннага адказу» на меркаваную хімічную атаку у сырыйскім горадзе Дума — заявіў увечары ў панядзелак прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Ён правёў нараду з найвышэйшым вайсковым камандаваньнем і зноў паўтарыў, што аб рашэньнях, прынятых ім у сувязі з сытуацыяй у Сырыі, ён паведаміць ведаць «вельмі хутка» — «можа быць пасьля таго, як яны будуць рэалізаваныя».

У ноч на панядзелак Трамп зноў абмеркаваў па тэлефоне з прэзыдэнтам Францыі Эмануэлем Макронам магчымы скаардынаваны адказ на хімічную атаку, адказнасьць на якую Вашынгтон ускладае на прэзыдэнта Сырыі Башара Асада і яго саюзьнікаў — Іран і Расею.

Прадстаўнік францускага ўраду заявіў, што Францыя абавязкова адкажа на прымяненьне хімічнай зброі ў Сырыі, калі гэты факт пацьвердзіцца.


Паведамленьні аб хімічнай атацы ў горадзе Дума, які утрымліваецца паўстанцамі, абмеркавала напярэдадні Рада Бясьпекі ААН. ЗША ўнесьлі праект рэзалюцыі з патрабаваньнем расьсьледаваць інцыдэнт, аднак папярэдзілі, што гатовыя дзейнічаць і без такой рэзалюцыі. Прадстаўнік Расеі папярэдзіў, што ўдар па Сырыі можа прывесьці да «цяжкіх наступстваў».

Паводле паведамленьняў і шматлікіх фота- і відэасведчаньняў, увечары 7 красавіка войскі Башара Асада атакавалі Думу пры дапамозе хімічнай зброі, загінулі дзясяткі мірных жыхароў. Улады Сырыі і Расеі, аднак, адмаўляюць сам факт атакі.