Беларускі лыжнік Сяргей Далідовіч заявіў аб завяршэньні прафэсійнай кар’еры

Сяргей Далідовіч

Беларускі лыжнік Сяргей Далідовіч паведаміў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» пра тое, што завяршае прафэсійную кар’еру.

8 красавіка ў Ханты-Мансійску Сяргей Далідовіч заняў 4-е месца ў гонцы «Югорскі маратон».

«Яшчэ адна гонка скончаная — прыехаў чацьвёртым! Першая пяцёрка маратону ў Ханты-Мансійску:

1. Аляксандар Бальшуноў
2. Рауль Шакірзянаў
3. Аляксандар Лёгкі
4. Сяргей Далідовіч
5. Яўген Дзяменцьеў

Дакладней, прафэсійная кар’ера скончаная! Прыемна скончыць у такой кампаніі моцных спартоўцаў! Эмоцый пакуль няма, але накоцяць потым, думаю. Патокам хлынуць. Спадзяюся, спраўлюся з гэтым ціскам! Усім дзякуй за падтрымку, рэальна адчуваў яе! Усё!!!» — напісаў Сяргей Далідовіч.

Сяргей Далідовіч

18 траўня Сяргею Далідовічу споўніцца 45 гадоў. Ён — адзіны лыжнік у беларускай гісторыі, які браў удзел у 7 Алімпійскіх гульнях (1994-2018), а таксама ў 12 запар чэмпіянатах сьвету (1995-2017).

У Кубку сьвету Сяргей Далідовіч дэбютаваў у 1993 годзе, а ў сакавіку 2001 году атрымаў сваю першую і адзіную перамогу на этапе Кубку. Найлепшым дасягненьнем Далідовіча ў агульным выніковым заліку Кубка сьвету зьяўляецца 31-е месца ў сэзоне 2000/2001.

Найлепшы вынік на Алімпійскіх гульнях ён паказаў у Сочы ў 2014 годзе, ва ўзросьце 40 гадоў заняўшы 5-е месца ў мас-старце на 50 км.

Найепшы вынік на чэмпіянатах сьвету — 4-е месца ў скіятлоне на 30 км у 2011 годзе ў Голмэнколене. На тым жа чэмпіянаце сьвету Сяргей Далідовіч у мас-старце на 50 км ішоў у групе лідэраў і прэтэндаваў на прызавое месца, але за некалькі соцень мэтраў да фінішу упаў і зламаў палку, у выніку чаго фінішаваў толькі 10-м.

Каб падрыхтавацца да Алімпіяды-2018 у Пхёнчхане (сёмай у ягонай кар’еры), Сяргей Далідовіч аб’явіў збор сродкаў праз краўдфандынг, паколькі улетку чыноўнікі паставілі на ім крыж і адмовілі ў фінансаваньні. Але пасьля ўсё ж атрымаў дзяржаўнае фінансаваньне.

Незадоўга да Алімпіяды ў Пхёнчхане, пасьля дыскваліфікацыі расейскіх лыжнікаў, Далідовіч ледзь не атрымаў мэдаль Гульняў у Сочы. Праўда, у канцы студзеня CAS апраўдаў расейцаў і вярнуў ім адабраныя ўзнагароды.

На жаль, на Алімпіядзе ў Пхёнчхане праз праблемы са здароўем Сяргей Далідовіч датэрмінова завяршыў выступы. Вярнуўшыся ў Менск, ён папрасіў прабачэньня ў тых, хто за яго перажываў. Спартовец таксама выказаў гатоўнасьць вярнуць грошы ўсім ахвотным з тых, хто ўдзельнічаў у краўдфандынгавай кампаніі.

Перад ад'ездам у Паўднёвую Карэю Далідовіч даў вялікае інтэрвію Радыё Свабода, у якім акрэсьліў сваю пазыцыю ў дачыненьні працэсаў у грамадзтве. Сярод іншага выказаў спадзяваньне, што ягоныя дзеці будуць большымі беларусамі ў сваёй краіне, чым старэйшае пакаленьне.

«Я спадзяюся, што мае дзеці, якія вывучаюць беларускую, будуць яе чуць ня толькі ў школе, — мяркуе ён. — Я дзьвюма рукамі за тое, каб мова гучала шырэй і больш. Сёньня нават улады ў гэтым сэнсе пачынаюць нейкія зрухі. Вядома, каб вызначыліся адразу пасьля развалу Саюзу, як толькі разьдзяліліся, каб была ўцямная лінія паводзінаў, за чвэрць стагодзьдзя ўсё ўтрэслася б. Цяпер перабудавацца складаней, знойдуцца незадаволеныя — прывыклі, ня трэба навязваць. Зноў сутыкненьне, канфлікты. Таму я прыхільнік таго, каб разуменьне прыйшло само, людзі зрабілі выбар сьвядома. Асабіста я гатовы».

Лыжня Далідовіча. Сёмая Алімпіяда насуперак функцыянэрам ад спорту