Прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў прапанаваў «навесьці парадак»: замяніць назвы вуліц Астаны на лічбы.
Прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў, абмяркоўваючы падрыхтоўку да сьвяткаваньня 20-годзьдзя Астаны, новай сталіцы краіны, прапанаваў радыкальна зьмяніць сыстэму найменьня вуліц у горадзе. Як аказалася, у любімым горадзе прэзыдэнта Казахстану ёсьць вуліцы, названыя ў гонар людзей, пра якіх Назарбаеў нават ня чуў.
«Мухамэдханаў — хто гэта?» — пацікавіўся Назарбаеў ў намесьніка акіма Астаны. (Каюм Мухамэдханаў — казаскі вучоны, тэкстоляг, пісьменьнік — РС).
«Ён заснавальнік абаязнаўства, адзін зь вядомых акадэмікаў», — адказаў Ермек Аманшаеў. Прэзыдэнта адказ не задаволіў:
«Абаязнаўства, ауэзазнаўства, яшчэ нейкае знаўства... ім усім будзеш даваць вуліцы Астаны? — спытаўся ён. — Якое ён мае дачыненьне да Астаны?»
«Пераназавіце вуліцы, названыя ў гонар людзей, якія ня маюць дачыненьня да Астаны. Вядома, нічога добрага няма мяняць зноў вуліцы і блытаць людзей. Але навядзіце парадак. Я яшчэ раз кажу, назавіце нумарам вуліцу і ўсё», — настойліва рэкамэндаваў прэзыдэнт.
У Астане сёньня ёсьць вуліцы названыя ў гонар першага прэзыдэнта Азэрбайджану Гейдара Аліева, караля Ярданіі Хусэйна, эгіпецкага пісьменьніка Таха Хусэйна і караля Савудаўскай Арабіі — Фахд бен Абдул Азіза, а таксама многіх іншых палітыкаў і навукоўцаў. Ідэю замяніць іх назвы на лічбы многія не ўхваляюць:
«Яму трэба, каб людзі памяталі толькі гісторыю, калі ён кіраваў, толькі зьвязанае зь яго імем. А нічога іншага — каб людзі нават успомніць не маглі, — тлумачыць прапанову Назарбаева Уаліха Кайсараў, экс-дэпутат сэнату парлямэнту Казахстану. — Гэта вельмі дрэнна для кіраўніка дзяржавы. Гэта нізкі ўчынак».
Нядаўна адразу ў некалькіх гарадах Казахстану галоўныя вуліцы былі названыя ў гонар Нурсултана Назарбаева. Адной зь перайменаваных была вуліца Фурманава ў Алма-Аце: менавіта на ёй знаходзіцца ўезд на тэрыторыю рэзыдэнцыі прэзыдэнта.