Працоўная група, у склад якой увайшлі нерэгулярныя і рэгулярныя перавозчыкі, а таксама прадстаўнікі Міністэрства транспарту і камунікацый, 6 красавіка правяла першае пасяджэньне ў Менску.
Група, сфармаваная Радай па разьвіцьці прадпрымальніцтва, павінна распрацаваць рэкамэндацыі для Савету міністраў, каб вырашыць пытаньне далейшай працы міжгародніх маршрутак.
Пасяджэньне цягнулася каля чатырох гадзін, бакі абмяняліся сваімі пазыцыямі, сказаў карэспандэнту Свабоды ўдзельнік пасяджэньня, сябра Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва, эканаміст Яраслаў Раманчук.
«Урад настойвае на тым, каб нічога не мяняць. Рэгуляршчыкі таксама
Урад настойвае на тым, каб нічога не мяняць
кажуць, што нічога мяняць ня трэба. А нерэгулярныя кажуць, што гэта дыскрымінацыя і парушэньне правоў канкурэнцыі. І што абвінавачаньні, выстаўленыя нерэгулярным перавозчыкам, беспадстаўныя. Таму трэба памяняць рэжым так, каб разьвіваць розныя мадэлі бізнэсу. А ня толькі тую, якая адпавядае густам міністэрства і рэгулярных перавозчыкаў», — сказаў Яраслаў Раманчук.
Паводле эканаміста, пасьля выходных на наступным пасяджэньні будзе зроблена спроба зьвесьці бакі «да нейкага кансэнсусу».
«Іх пазыцыя канструктыўная і народная»
Яраслаў Раманчук лічыць, што трэба «ліквідаваць канфлікт інтарэсаў, каб дзяржава была не заказчыкам, а пастаўшчыком камэрцыйных транспартных паслугаў».
«Трэба даць магчымасьць кожнаму апэратару ствараць дзяржаўныя і прыватныя дыспэтчарскія пункты. Няма патрэбы даваць часовую манаполію для рэгуляршчыкаў на тыя маршруты і гнаць нерэгулярных. Трэба не задушыць канкурэнцыю, якая сёньня ёсьць, а трэба яе стымуляваць», — лічыць эканаміст.
Таксама нерэгулярныя перавозчыкі абгрунтавалі сваю канцэпцыю сацыяльных маршрутаў.
«Іх пазыцыя канструктыўная і народная. А пазыцыя міністэрства і рэгуляршчыкаў, якія зь ім дамовіліся, бо яны заадно, — проста блякаваць гэты сэгмэнт рынку і ўзяць яго сабе», — сказаў Яраслаў Раманчук.
Пакуль ідзе перамоўны працэс, нерэгулярныя перавозчыкі працягваюць працаваць на ранейшых умовах.
У Адміністрацыю прэзыдэнта занесьлі 81 тысячу подпісаў
У Менску ў Бізнэс-саюзе прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага 29 сакавіка адбыўся сход уладальнікаў прыватных міжгародніх маршрутак «нерэгулярных зносін». Яны ўтварылі працоўную групу, якая павінна да 23 красавіка прадставіць ва ўрад прапановы наконт вырашэньня пытаньняў «нерэгулярных» перавозак.
Яны таксама аднесьлі ў Адміністрацыю прэзыдэнта 81 тысячу подпісаў, каб ім пакінулі ранейшыя ўмовы працы.
Мінтранс: «Рынак ажывае»
15 сакавіка начальнік упраўленьня аўтамабільнага і гарадзкога пасажырскага транспарту Міністэрства транспарту і камунікацый Сяргей Дубіна сказаў, што міжгароднія маршрутныя таксі ў Беларусі аднаўляюць сваю працу.
«Рынак ажывае, цяпер заключана 25 дамоваў зь перавозчыкамі, якія раней працавалі як „нерэгуляршчыкі“. Згодна з гэтымі дамовамі 135 машын змогуць працаваць на маршрутах: хтосьці зь іх ужо ажыцьцяўляе перавозкі, хтосьці пачне бліжэйшым часам», — сказаў Сяргей Дубіна.
«Улады пайшлі на некаторыя саступкі». Чаму аднаўляюць працу міжгароднія маршруткі
Сутнасьць праблемы
26 лютага ўступіў у сілу прэзыдэнцкі дэкрэт № 7 «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва», які разам з абноўленым законам «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках» цалкам зьмяняе сытуацыю на рынку міжгародніх маршрутак.
Некаторыя кампаніі па перавозцы пасажыраў на маршрутных таксі прыпынілі працу.
Паводле новага закону дзейнасьць прыватных міжгародніх маршрутак аднесеная да «рэгулярных пасажырскіх перавозак». Раней яны, як і таксісты, лічыліся нерэгулярнымі перавозчыкамі.
Мінтранс пра зьмены ў законе аб аўтаперавозках: «Выціскаць з рынку прыватнікаў не зьбіраемся»
Цяпер перавозчыкі мусяць:
- заключыць дамовы на ажыцьцяўленьне рэгулярных перавозак зь «Менаблпасажыртрансам» (або з адпаведнымі структурамі ў іншых абласьцях) — перайсьці да адзінага апэратара «Менаблаўтатранс»;
- забіраць пасажыраў толькі ў вызначаных месцах (на вакзалах);
- езьдзіць па вызначаным маршруце;
- спыняцца толькі на канкрэтных прыпынках; распрацаваць расклад, інтэрвалы руху транспартных сродкаў;
- вызначыць колькасьць рэйсаў па маршруце; плаціць за паслугі апэратару аўтамабільных перавозак і аўтавакзалу.
Перавозчыкам, якія ня выканаюць гэтых патрабаваньняў, пагражаюць санкцыі — штрафы і нават канфіскацыя транспартнага сродку.
Аўтары пэтыцый: Мінтранс манапалізуе пасажырскія перавозкі
Амаль 16 тысяч чалавек падпісаліся на сайце petitions.by пад зваротам за ўнясеньне паправак у абноўлены закон «Аб аўтамабільных перавозках», які ўступіў у сілу 23 лютага. Аўтары звароту заяўляюць, што Міністэрства транспарту і камунікацый сваімі ініцыятывамі імкнецца манапалізаваць пасажырскія перавозкі, пазбавіўшы працы індывідуальных прадпрымальнікаў, якія працуюць па «нерэгулярных напрамках». Маршрутчыкі лічаць, што дзеяньні міністэрства прывядуць да каляпсу пасажырскіх перавозак.
Аналягічную пэтыцыю на сайце change.org падпісалі больш за 11 600 наведнікаў.
Яшчэ адну пэтыцыю на сайце petitions.by, якою патрабуюць унесьці ў закон папраўкі, якія б «не перашкаджалі працаваць», падтрымалі подпісамі амаль 1800 карыстальнікаў інтэрнэту.