Сярод тых, хто трапіў пад санкцыі — мільярдэры Алег Дзерыпаска, Віктар Вексельберг, Сулейман Керымаў, Ігар Ратэнберг і Кірыл Шамалаў, кіраўнік банку ВТБ Аляксей Косьцін, кіраўнік кампаніі «Газпром» Аляксей Мілер, сакратар Савета бясьпекі Расеі Мікалай Патрушаў, камандуючы Расгвардыіяй Віктар Золатаў, губэрнатар Курскай вобласьці генэрал Аляксей Дзюмін, былы кіраўнік службы зьнешняй выведкі Міхаіл Фрадкоў, памочнікі прэзыдэнта Расеі Сяргей Фурсенка і Яўген Школаў, кіраўнік МУС Расеі Ўладзімір Калакольцаў, дэпутаты Дзярждумы Канстанцін Касачоў і Андрэй Скоч, кіраўнік Раскамнагляду Аляксандар Жараў. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні Міністэрства фінансаў ЗША.
«Расейскі ўрад рабіў шкоднасныя дзеяньні па ўсім сьвеце, уключаючы акупацыю Крыма, распальваньне гвалту на ўсходзе Ўкраіны, забесьпячэньне рэжыму Асада зброяй — у той час, як ён бамбаваў уласных грамадзян, спробы падрыву заходніх дэмакратый і зламысную кібэрактыўнасьць», — гаворыцца ў заяве міністра фінансаў ЗША Стыва Мнучына.
Санкцыі ўведзеныя ў адпаведнасьці з законам аб супрацьстаяньні праціўнікам Амэрыкі, прынятым Кангрэсам у мінулым годзе.
Сярод юрыдычных асоб, супраць якіх уведзеныя санкцыі — аграхолдынг «Кубань», кампаніі Алега Дзерыпаскі «Базовый элемент» і «En + Group», «Газпром. Бурение», страхавая кампанія «Ренова» і «Рособоронэкспорт».