Нэрвова-паралітычнае рэчыва «Навічок», прымененае ў Солсбэры супраць былога супрацоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі, было распрацавана ў лябараторыі ў закрытым горадзе Шыханы ў Саратаўскай вобласьці. Гэта сьцьвярджае брытанская газэта The Times.
Па дадзеных выданьня, гэтыя зьвесткі прадстаўнікі брытанскай выведкі агучылі на брыфінгу, па вынікам якога заходнія краіны ў знак салідарнасьці зь Вялікабрытаніяй, заявіўшы ў датычнасьці Расеі да атручваньня Скрыпаля, выслалі больш за 100 расейскіх дыпляматаў.
Брытанская выведка лічыць, што на гэтым аб’екце ў Саратаўскай вобласьці на працягу апошніх дзесяцігодзьдзяў праводзіліся выпрабаваньні эфэктыўнасьці прымяненьня «Навічка» для ўчыненьня «кропкавых забойстваў». Выяўленыя ў Шыханах запасы занадта малыя для таго, каб іх выкарыстоўваць на полі бою, піша газэта.
Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія былі шпіталізаваныя 4 сакавіка ў брытанскім Солсбэры. Брытанскія ўлады абвінавацілі Расею ў датычнасьці да хімічнай атакі ў Солсбэры на той падставе, што Скрыпалі былі атручаныя баявым атрутным рэчывам «Навічок», распрацаваным у СССР.