Кітайскі экспарт у ЗША аб’ёмам 100 мільярдаў даляраў можа стаць аб’ектам павышаных мытаў, абвясьціў у чацьвер увечары прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Гэтыя мыты могуць быць уведзеныя ў дадатак да 25-адсоткавага мыта на 50 мільярдаў даляраў кітайскіх тавараў, аб якіх Вашынгтон абвясьціў у аўторак.
Такім чынам прэзыдэнт ЗША адрэагаваў на крок у адказ Пэкіну, які прыгразіў увядзеньнем павышанага мыта супраць такога ж аб’ёму амэрыканскага імпарту. Прычым галоўным аб’ектам мыта павінна была стаць амэрыканская сельскагаспадарчая прадукцыя з штатаў, большасьць жыхароў якіх прагаласавалі за Дональда Трампа на прэзыдэнцкіх выбарах.
Дональд Трамп прывёў «несправядлівы адказ» Кітаю як нагоду для патэнцыйных дадатковых гандлёвых тарыфаў. Як заявіў Белы дом, першапачатковае рашэньне было прынята на падставе дбайнага аналізу фактаў, у той час як рашэньне Кітаю было беспадстаўным.
Першапачатковае рашэньне Белага дома справакавала падзеньне курсаў акцый на амэрыканскіх фінансавых рынках, пасьля чаго некалькі прадстаўнікоў адміністрацыі заявілі, што пагроза ўвядзеньня мыта зьяўляецца толькі аргумэнтам на перамовах аб адкрыцьці рынкаў Кітаю для амэрыканскіх тавараў і надзейнай абароне амэрыканскай інтэлектуальнай уласнасьці. У выпадку посьпеху перамоваў мыта ўводзіцца ня будзе.
Адказ Пэкіна і рэакцыя на яго прэзыдэнта Трампа, на думку экспэртаў, павышае верагоднасьць гандлёвай вайны паміж дзьвюма краінамі зь першай і другой па маштабах эканомікамі ў сьвеце. На Нью-Ёркскай фондавай біржы ў чацьвер увечары рэзка ўпалі ф’ючэрсы.