Рада Бясьпекі ААН праводзіць адкрытае пасяджэньне ў справе аб атручваньні ў брытанскім горадзе Солсбэры былога агента ГРУ Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі.
Сталая прадстаўніца Вялікай Брытаніі пры ААН Карэн Пірс патлумачыла адмову дзяліцца вынікамі расьсьледаваньня з Расеяй тым, што «Масква спрабуе падарваць аўтарытэт міжнародных арганізацый у пытаньнях кантролю хімічнай зброяй». Паводле яе, Брытаніі «няма чаго хаваць, але ёсьць чаго баяцца ад Расеі».
Пірс падкрэсьліла, што Лёндан не сумняваецца ў вінаватасьці Расеі. Як адзначыла Карэн Пірс, фраза «highly likely» (вельмі верагодна) была выкарыстаная толькі таму, што выносіць канчатковае абвінавачаньне можа толькі суд. Таксама брытанская прадстаўніца паведаміла, што ў расьсьледаваньні задзейнічаныя больш за 250 дэтэктываў і спэцыялістаў. За месяц з моманту атручваньня Скрыпаля і ягонай дачкі было прагледжана 5 тысяч гадзінаў запісу камэраў назіраньня, больш за 1300 рэчыўных доказаў, дапытаныя каля 500 сьведак.
Пасьля Вялікай Брытаніі выступілі Злучаныя Штаты. Сталая прадстаўніца ЗША выказала падтрымку Лёндана. Паводле Нікі Гэйлі, нельга дапусьціць, каб выкарыстаньне хімічнай зброі стала нормай. Брытанію таксама падтрымалі прадстаўнікі Францыі і Швэцыі.
Расея абвінавачваньні ў атручваньні Сяргея Скрыпаля і яго дачкі адмаўляе. Па словах сталага прадстаўніка Расеі пры ААН Васіля Нябензі, расейскае паходжаньне яду не пацьверджанае. Абвінавачваньні заходніх краінаў ён назваў спробай дыскрэдытаваць Маскву.
«Мы сказалі нашым брытанскім калегам, што яны гуляюць з агнём і пашкадуюць аб гэтым», — сказаў Нябензя на пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН.
Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія былі шпіталізаваныя 4 сакавіка ў брытанскім Солсбэры. Брытанскія ўлады абвінавацілі Расею ў датычнасьці да хімічнай атакі ў Солсбэры на той падставе, што Скрыпалі былі атручаныя баявым атрутным рэчывам «Навічок», распрацаваным у СССР.
14 сакавіка пра высылку 23 расейскіх дыпляматаў заявіла прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй. На знак салідарнасьці зь Лёнданам такія ж захады зрабілі больш за 20 краінаў сьвету. Міністэрства замежных справаў Расеі абвясьціла аб «люстраных мерах» у дачыненьні да 23 дзяржаваў, якія выслалі расейскіх дыпляматаў.
Скрыпаль быў асуджаны ў Расеі праз абвінавачаньне ў шпіянажы на карысьць Вялікай Брытаніі. У 2010 годзе яго абмянялі на расейскіх агентаў, выкрытых у ЗША. За некалькі дзён да атручваньня былы афіцэр ГРУ паведамляў брытанскай паліцыі, што асьцерагаецца за сваё жыцьцё.