«Геапалітычным тролем» у свой час амэрыканскае выданьне The Washington Post назвала міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова. 6 красавіка ён прыбыў у Менск для ўдзелу у сустрэчы міністраў замежных справаў СНД.
Раней прэзыдэнты Расеі пасьля абраньня і пераабраньня першы замежны візыт рабілі ў Беларусь. Сёлета гэтая традыцыя была парушаная — Уладзімір Пуцін пасьля пераабраньня паехаў у Турэччыну. Замест Пуціна ў Менск едзе Лаўроў, прычым на шматбаковую сустрэчу.
Аднак ня выключана, што падчас візыту ў Беларусь Лаўроў сустрэнецца з прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам. У двухбаковых адносінах назапасілася нямала вострых пытаньняў — працяг малочнай «вайны», візыт міністра замежных справаў Уладзімера Макея ў Вялікабрытанію ў разгар яе канфлікту з Расеяй праз «справу Скрыпаля», легальнае сьвяткаваньне ў Беларусі сотай гадавіны БНР, якое выклікала рэзкую крытыку ў некаторых расейскіх СМІ.
Сяргей Лаўроў — адзін з галоўных архітэктараў і выканаўцаў агрэсіўнай зьнешняй палітыкі сучаснай Расеі.
Нагадаем некаторыя факты зь біяграфіі расейскага міністра і ягоныя яскравыя выказваньні, якія нярэдка выходзілі за межы дыпляматычнага этыкету, і адпавядалі яго іміджу троля.
Лаўроў у фактах
Самы доўгатрывалы кіраўнік расейскага МЗС у постсавецкай гісторыі — з 2004 году.
Афіцыйна не паведамляецца, хто быў бацька цяперашняга кіраўніка МЗС РФ. Паводле некаторых зьвестак, гэта быў армянін з Тбілісі, а Сяргей Лаўроў узяў прозьвішча сваёй маці Калерыі Лаўровай, якая працавала ў міністэрстве зьнешняга гандлю СССР.
У 2005 годзе ў Ерэване, адказваючы на пытаньне аб тым, ці дапамагаюць яму ў працы ягоныя армянскія карані, Лаўроў адказаў, што «карані ў мяне ўвогуле грузінскія — мой бацька з Тбілісі, а вось кроў сапраўды армянская».
Працаваў за мяжой толькі ў дзьвюх краінах — у Шры Ланцы і ў ЗША. У Шры Ланцы у 1972-1976 гадах ён працаваў пасьля сканчэньня Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных адносінаў, у ЗША — у 1981-1988 гадах у сталым прадстаўніцтве СССР пры ААН, і у 1994-2004 гадах — сталым прадстаўніком РФ пры ААН.
Валодае трыма замежнымі мовамі: ангельскай (свабодна), а таксама францускай і сынгальскай.
Летась выдаў кнігу «Мы — ветлівыя людзі. Развагі аб зьнешняй палітыцы».
Дачка — Кацярына — нарадзілася і вырасла ў Нью-Ёрку, скончыла Калюмбійскі унівэрсытэт у ЗША, дзе вывучала паліталёгію, і магістратуру па эканоміцы ў Лёндане; цяпер жыве ў Маскве, пэўны час была дырэктарам расейскага аддзяленьня аўкцыённага дому Christie’s.
Зацяты курэц. На пасадзе сталага прадстаўніка РФ пры ААН ігнараваў забарону на паленьне ў штаб-кватэры ААН, якую ўвёў тагачасны генэральны сакратар гэтай арганізацыі Кофі Анан. Лаўроў тады заявіў: «Гэты дом належыць усім чальцам ААН, і яе генэральны сакратар — усяго толькі наёмны мэнэджар».
Піша вершы, аўтар гімну Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных адносінаў (МГИМО)
Захапляецца рафтынгам, сплаўляецца на плытах па горных рэках Алтаю разам з сябрамі, выпускнікамі МГИМО 1972-1974 гадоў.
Сяргей Лаўроў у цытатах
«Калі кожны адкрыта выказвае свой пункт гледжаньня — гэта таксама прыкмета блізкага саюзьніцтва».
(Сказана пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка ў 2014 годзе назваў «глупай і бязмозглай» расейскую палітыку абмежаваньня імпарту харчаваньня з Беларусі).
«Мы нікога не прымушаем, нікога не шантажуем, не пагражаем... Мы — ветлівыя людзі».
(На сустрэчы з маладымі дыпляматамі краінаў СНД).
«Калі будуць апускаць жалезную заслону, могуць сабе што-небудзь прышчаміць».
«У палітыцы ёсьць такое правіла: трэба бачыць тое, што табе выгадна, і не заўважаць таго, што табе не выгадна».
«Дэбілы, бл... ь!»
(На прэсавай канфэрэнцыі з кіраўніком МЗС Саудаўскай Арабіі на адрас журналістаў).
«Who are you to fucking lecture me !? (Хто вы такі, каб, бл.. ь, вучыць мяне?!)
(У размове з кіраўніком МЗС Вялікабрытаніі Дэвідам Мілібэндам).
«I do not want to use four-letter words. (Я не хачу выкарыстоўваць слова з чатырох літар)».
(У адказ на пытаньне аб датычнасьці Расеі да ўзлому перапіскі кіраўніцтва Дэмакратычнай партыі ЗША, устойлівы ангельскі эўфэмізм «f-word» ці «Four-letter word» — адсылае да нецэнзурнай лаянкі па-ангельску).
«Ангельская — не мая родная мова, але, выкарыстоўваючы вашую ж тэрміналёгію, у вашыя прэзыдэнцкія выбары было ўцягнута так шмат pussies з абодвух бакоў, што я палічу за лепшае не камэнтаваць».
(Сказана ў адказ на пытаньне журналісткі CNN, якая нагадала пра справу Pussy Riot і спытала, што Лаўроў думае пра грубыя выказваньні Дональда Трампа пра жанчын, pussy — простамоўнае слова, якое азначае жаночы полавы орган).
«Мне ня плацяць за тое, каб я быў аптымістам».
«Выбачайце, што нашая краіна знаходзіцца сярод вашых ваенных базаў.
«Верыць, як сказаў паэт і дыплямат, можна толькі ў Расею, а СССР ён не меў на ўвазе. Таму я веру ў Расею.