Сьледчы камітэт заявіў пра раскрыцьцё карупцыйнай справы: дырэктар ААТ «Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод» атрымаў 140 тысяч даляраў за забесьпячэньне перамогі рэзыдэнтаў Ізраілю і Нямеччыны ў конкурсах, якія праводзіла яго прадпрыемства.
Пасьля гэтага кіраўнік прадпрыемства заключыў зь імі дамовы на пастаўку мэталаапрацоўчага абсталяваньня, кошт якога перавысіў 3,5 мільёна даляраў.
Грашовыя ўзнагароды, так званыя адкаты, экс-дырэктар атрымліваў з 2009 па 2015 гады ад прадстаўнікоў замежных кампаній у Менску і на тэрыторыі Расеі. Супраць яго, як паведаміў Сьледчы камітэт, скончана расьсьледаваньне крымінальнай справы за атрыманьне хабару ў буйным памеры і злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі. Крымінальная справа перададзена ў пракуратуру для накіраваньня ў суд.
Згадваецца таксама, што падчас ператрусу дома ў дырэктара знайшлі частку хабару — звыш 35 тысяч даляраў. На грошы, ювэлірныя вырабы, нерухомасьць агульным коштам 100 тысяч даляраў накладзены арышт.
Маторабудаўнічы завод у Жыткавічах — горадаўтваральнае прадпрыемства, дзе працуе каля паўтысячы чалавек. За савецкім часам тут выпускалі рухавікі для крылатых ракет і дэталі для авіяцыйнай прамысловасьці.
Цяпер прадпрыемства вырабляе вузлы і дэталі для менскіх трактарнага і аўтамабільнага заводаў, заводу колавых цягачоў, ААТ «Гомсельмаш», «Амкадора», пастаўляе сваю прадукцыю на экспарт для шэрагу прадпрыемстваў Расеі, Эгіпту, Пакістану. Каля дзясятка авіяцыйных прадпрыемстваў Беларусі і Расеі супрацоўнічаюць з Жыткавіцкім маторабудаўнічым заводам — набываюць тут запчасткі ды рамантуюць тэхніку.