«Меўся адказваць перад Лукашэнкам». Што кажуць землякі кіраўніка аграхолдынгу на Шклоўшчыне, які павесіўся

Магіла Дзьмітрыя Васілеўскага

На Шклоўшчыне скончыў жыцьцё самагубствам 45-гадовы кіраўнік аграпрамысловага холдынгу «Купалаўскае» Дзьмітры Васілеўскі. На гэтай пасадзе ён прабыў два месяцы. Дзеля дырэктарства ў холдынгу яго з прычыны вытворчай неабходнасьці зьнялі са старшынёўства ў Дрыбінскім райвыканкаме.

Стварыць аб’яднаньне з трох буйных гаспадарак Шклоўскага раёну прапанаваў у 2016 годзе Аляксандар Лукашэнка. Праз год кіраўнік дзяржавы выдаў указ «Аб стварэньні гаспадарчага таварыства» і холдынг «Купалаўскі» быў зарэгістраваны.

На радзіме Дзьмітрыя Васілеўскага лічаць, што прычыны яго самагубства варта шукаць у дзейнасьці на пасадзе кіраўніка холдынгу.

«Чаму ў цябе тут усё сыплецца і валіцца?»

Родная вёска Дзьмітрыя Васілеўскага — Фашчаўка за сорак кілямэтраў ад Магілёва.​

Аграгарадок з насельніцтвам 600 чалавек і 270 дварамі — цэнтральная сядзіба акцыянэрнага таварыства «Экспэрымэнтальная база „Спартак“».

Сямейны дом Васілеўскіх у Фашчаўцы не вылучаецца сярод суседніх тыпавых катэджаў.

Фашчаўка

31 сакавіка Дзьмітрыя Васілеўскага знайшлі павешаным у лесе за дзесяць кілямэтраў ад Фашчаўкі. Напярэдадні нічога не прадвяшчала бяды. Пахавалі нябожчыка 2 красавіка. Разьвітацца сабраліся аднавяскоўцы, калегі, кіраўніцтва раёну і вобласьці.

На дарозе ад ягонага дома яшчэ засталіся ляжаць яловыя лапкі і гвазьдзікі. Пахавалі нябожчыка побач з бацькам на старых вясковых могілках, над якімі ўзвышаецца дзесяцімэтровы пастамэнт з драўлянай, моцна пашкоджанай прыродай скульптурай сьвятога Сымпліцыяна. Пра месца вечнага спачыну Дзьмітры Васілеўскі наказаў у адной зь дзьвюх запісак, пакінутых сям’і. Прасіў нікога ў сваёй сьмерці не вінаваціць.

Дзьмітры Васілеўскі, архіўнае фота

Удава Натальля Васілеўская адмовілася сустракацца з журналістамі і гаварыць зь імі пра мужа. У тэлефоннай гутарцы жанчына сказала нам: «Людзі, якія да яго добра ставіліся, ведаюць, якім ён быў чалавекам, але гэтыя словы яго назад ня вернуць і мне нічога добрага ня зробяць».

У інтэрвію TUT.BY ​Натальля Васілеўская мужава самагубства зьвязала зь ягонай працоўнай дзейнасьцю: «Усе наўкола начальнікі, а адказвае ён адзін».

«Усе ад яго нечага патрабавалі: старшыня райвыканкаму, начальнік камітэту сельскай гаспадаркі, губэрнатар, міністэрства. Казалі: „Да нас прыяжджае ў траўні прэзыдэнт. Чаму ў цябе тут усё сыплецца і валіцца?“ А чаму валіцца? Там таго аграхолдынгу — стос папер, тры абшарпаныя пустыя кабінэты ў сельсавеце і два чалавекі ў штаце», — выказала думку ўдава кіраўніка аграхолдынгу.

Дом сям’і Васілеўскіх

Паводле яе, мужу, каб пераадолець праблемы з станаўленьнем холдынгу, прапаноўвалі пераймаць досьвед пасьпяховага гаспадараньня ў таварыстве «Спартак», які «ён дзесяць гадоў падымаў з каленяў».

«Ён жа ў такі замес трапіў з гэтым холдынгам»

Пра тое, што прычыны самагубства кіраўніка аграхолдынгу варта шукаць у яго працоўнай дзейнасьці, расказалі нам і некаторыя жыхары Фашчаўкі. Сваіх імёнаў яны папрасілі не называць.

«Ён жа ў такі замес трапіў з гэтым холдынгам, што яму можна толькі спачуваць», — казаў адзін зь ягоных землякоў.

«Апошні час ён выглядаў панурым, — працягваў суразмоўца. — Яго зрэдку бачылі ў Фашчаўцы. Прападаў усё ў Гарадзішчы, там ягоны кабінэт быў. Спрабаваў выцягнуць тое, што пакуль ня мела пэўных абрысаў. І, відаць, усе ад яго патрабавалі выніку. Вось і ня вытрымаў...».

Дарога на могілкі, на якіх пахавалі Васілеўскага

Старшыня Фашчаўскага сельсавету Рыгор Крупенька кажа, што яго зь Дзьмітрыем Васілеўскім зьвязвала шматгадовае сяброўства. Аб прычынах самагубства гаварыць ня стаў. Згадаў толькі, што «гэта быў выдатны чалавек, цудоўны сем’янін і руплівы гаспадар». Па словах суразмоўцы, Васілеўскі вывеў таварыства «Спартак» у перадавікі.

«У яго ж ёсьць мэдаль ад прэзыдэнта „За працоўныя заслугі“, — адзначыў ён. — І холдынг бы падняў. Яму падабалася брацца за ўсё новае, каб усё варушылася вакол, але часам перападала яму і гузакі меў, але ў каго іх няма на новым месцы. Ён шмат што плянаваў»...

Крупенька прызнаецца, што сьмерць Васілеўскага шакавала яго.

«Я ня мог паверыць, што зь ім адбылося, хоць мне давялося пабываць на месцы, дзе ён скончыў жыцьцё, пакуль яго не забралі адтуль», — кажа суразмоўца.

«З прычыны вытворчай неабходнасьці»

Узнагароду «За працоўныя заслугі» Дзьмітрыю Васілеўскаму ўручылі ў 2013 годзе. У 2014-м ён атрымаў спэцыяльную прэмію Шклоўскага райвыканкаму «Чалавек году» ў намінацыі «Вытворчая дзейнасьць».

У 2016-м Васілеўскага паставілі старшынём Дрыбінскага райвыканкаму, а праз два гады «з прычыны вытворчай неабходнасьці» зьнялі і прызначылі кіраўніком аграпрамысловага холдынгу «Купалаўскае».

Вясковая сталоўка. Будынак адрамантавалі, калі Васілеўскі кіраваў гаспадаркай у Фашчаўцы

Кар’еру аграрніка Дзьмітры Васілеўскі пачаў з пасадаў намесьніка старшыні і старшыні Фашчаўскага сельсавету. Адпрацаваўшы ад 2002 да 2007 году ў намесьніках дырэктара акцыянэрнага таварыства «Ніва», што ў тым жа Шклоўскім раёне, яго прызначылі кіраваць экспэрымэнтальнай базай «Спартак».

«Ён жа, як дырэктарам быў, дык саўгас падняў. Не хачу сказаць, што да яго тут быў развал, але ён навёў парадак. Ён жа мужыком простым быў. Гаваркім. Вясёлым. Хваткім», — даводзіў яшчэ адзін жыхар Фашчаўкі.

«А потым яго ў Дрыбін ад нас забралі, — працягваў ён. — Там, у яго, відаць, нешта не атрымалася, і яго сюды зноў вярнулі, але ўжо генэральным дырэктарам аб’яднаньня з трох калгасаў. Але там і папрацаваць не пасьпеў. Толькі два месяцы як прызначылі. Ён жа 30 сакавіка адзначыў 45-годзьдзе, а 31-га павесіўся».

Разьвітацца з Васілеўскім прыйшлі сотні вяскоўцаў

На разьвітаньне з Васілеўскім, расказалі вяскоўцы, прыйшлі сотні людзей.

«Усе плакалі і ніхто ня мог паверыць, што чалавек мог з сабою зрабіць такое», — адзначыў яшчэ адзін суразмоўца, які ў Фашчаўцы жыве трыццаць гадоў.

«Ён добры чалавек, і людзі да яго цягнуліся. Я як прыйшоў працаваць, дык мне ён даў новы дом. Заробкі былі тады добрыя, і ўсе беглі ў „Спартак“. Але, па шчырасьці, заробкі пачалі падаць ужо і пры ім, бо, часы надышлі цяжкія», — прызнаўся ён.

Машыны двор акцыянэрнага таварыства «Спартак»

Фашчаўка — адна зь вёсак так званага каталіцкага анкляву на Шклоўшчыне. Некалі тут быў і свой касьцёл, які разбурылі ў 1960-я гады, і на ягоным месцы цяпер узвышаецца крыж. Замест касьцёла каталікі паставілі сабе капліцу. Мясцовае жыхарства, асабліва пажылыя людзі, трымаецца рэлігійных традыцыяў сваіх продкаў.

«Добры чалавек Васілеўскі. Нічога кепскага сказаць пра яго не магу, але нешта ж набраў ён сабе ў галаву. Мо па працы што было. Усе так кажуць», — гаварыла пра сьмерць земляка пажылая жанчына. Яна пазнаёмілася з Васілеўскім, калі ён рабіў старшынём сельсавету. Тады жыла яна ў іншай вёсцы.

«Хоць бы пашкадаваў жонку, дзяцей. Мне як сказалі, што ён з сабою зрабіў, дык мне ажно кепска стала. Ня трэба на сябе, дзетачка, накладаць рук», — падсумавала кабета.

Супэргаспадарка, якую стваралі з ініцыятывы Лукашэнкі

Ідэю стварыць на Шклоўшчыне комплексную вытворчую інтэграваную структуру зь некалькіх тутэйшых гаспадарак агучыў у 2016 годзе Аляксандар Лукашэнка. Аграхолдынг, на думку кіраўніка дзяржавы, меўся аб’яднаць чатыры акцыянэрныя таварыствы: «Амкадор-Шклоў», «Вялікія Славені», «Новагарадзішчанскае» ды «Новае Юбілейнае» (у 2017 годзе яго далучылі да «Амкадора-Шклоў». — РС). У 2017 кіраўнік Беларусі выдаў указ «Аб стварэньні гаспадарчага таварыства», паводле якога і паўстаў высокатэхналягічны аргахолдынг.

92 % акцыяў зарэгістраванага ў тым жа годзе таварыства «Купалаўскае» завалодалі структуры бізнэсоўца Аляксандра Шакуціна. Восем адсоткаў мае ў распараджэньні Шклоўскі райвыканкам.

На прыкладзе «Купалаўскага» Лукашэнка хацеў паказаць, якім мае быць гаспадарка ХХІ стагодзьдзя. У пэрспэктыве, не выключаў кіраўнік дзяржавы, аграхолдынг мог аб’яднацца зь яшчэ адным сельскагаспадарчым гігантам Шклоўшчыны — таварыствам «Александрыйскае».

Аграхолдынг «Купалаўскае» меўся спэцыялізавацца на мясамалочнай жывёлагадоўлі, а таксама на вытворчасьці сельскагаспадарчых культур.

«За вынікі меўся адказваць перад Лукашэнкам»

Кандыдат эканамічных навук Пётра Мігурскі, якому даводзілася кіраваць сельгаспрадпрыемстам, ня быў знаёмы зь Дзьмітрыем Васілеўскім, але адсочваў эканамічную сытуацыю на Шклоўшчыне. Ён адзначае, што нябожчык быў добрым, пазнавальным кіраўніком-аграрнікам, таму яго і прызначылі кіраваць новай структурай.

Пётра Мігурскі

Разам з тым, як заўважыў экспэрт, прынцыповасьць у пытаньнях справаздачнасьці магла стаць прычынаю таго, што яму не ўдалося доўга затрымацца на пасадзе кіраўніка Дрыбінскага райвыканкаму. Ён дапускае, што Васілеўскі стараўся пазьбягаць прыпісак у справаздачнасьці.

«Вядома ж, цалкам пазьбегчы іх немагчыма ў цяперашніх умовах гаспадараньня, але, паколькі ў нас усё вызначаюць надоі малака, а пахваліцца высокімі ў яго не было магчымасьці, то зьявілася думка ў вышэйшага кіраўніцтва, што ён не спраўляецца з абавязкамі кіраўніка раёну», — мяркуе Пётра Мігурскі.

Фашчаўка

Гаворачы пра аграхолдынг, эканаміст заяўляе, што ён існаваў толькі на паперы і яго пэрспэктывы былі няпэўнымі, паколькі кіраўнікі гаспадарак, якія ўваходзілі ў аб’яднаньне, мелі свае задачы і дзяліцца ўладаю ды паўнамоцтвамі з Васілеўскім не хацелі. Акрамя таго, дадаў Мігурскі, гаспадаркі холдынгу мелі розны арганізацыйна-прававы статус, празь які ім было няпроста інтэгравацца ў новую структуру.

«А адказваць за вынікі перад Лукашэнкам, які зьбіраўся на Шклоўшчыну ў траўні, меўся адзін Васілеўскі. А Шклоўскі райвыканкам і Магілёўскі аблвыканкам былі нібыта і ні пры чым», — сказаў Мігурскі.

На яго думку, Васілеўскаму даводзілася дзейнічаць не як кіраўніку буйнога аб’яднаньня, а як у звычайным калгасе. Ён дапускае, што між гаспадаркамі холдынгу адсутнічала неабходная каардынацыя дзейнасьці.

Крыж на месцы Фашчаўскага касьцёла

«Відаць, Васілеўскі недаацаніў магчымасьці сваёй пасады. Ён спрабаваў усё замкнуць на сабе, бо сумаваў па працы ў полі, хацеў быць бліжэй да вытворчасьці. І выйшла тое, што выйшла», — падсумаваў Пётра Мігурскі.

Ці знайшлі замену Дзьмітрыю Васілеўскаму, нам высьветліць не ўдалося. Па факце ягонай сьмерці праводзіцца праверка. У Сьледчым камітэце пакуль устрымліваюцца ад камэнтароў.