Сэзон вясновага паляваньня ў Беларусі праходзіць па новых правілах, зацьверджаных прэзыдэнцкім указам № 112 «Аб паляваньні і вядзеньні паляўнічай гаспадаркі», які падпісаны 21 сакавіка. Эколягі кажуць, што гэтыя зьмены могуць нанесьці шкоду прыродзе.
«Ці ня два месяцы можна паляваць у любыя дні»
Паводле дырэктара грамадзкай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны», арнітоляга Аляксандра Вінчэўскага, вяртаецца сытуацыя пяцігадовай даўнасьці, калі таксама дазвалялася двухмесячнае веснавое паляваньне. Хоць тады можна было адстрэльваць менш відаў птушак.
![Аляксандар Вінчэўскі](https://gdb.rferl.org/9A32EF8A-FFFC-436C-9827-0B6E64D51C7A_w1080_h608_s.jpg)
Аляксандар Вінчэўскі
«Цяпер беларусам дазволілі страляць практычна ўсе выходныя цягам двух месяцаў, зь сярэдзіны сакавіка да сярэдзіны траўня. А калі замежны грамадзянін ці беларус купляе паляўнічы тур, то практычна два месяцы можа паляваць у любыя дні», — кажа спэцыяліст.
Паводле яго, у Беларусі дазволена паляваць увесну на чатыры віды гусей і на 9 відаў самцоў качак. Але паляўнічыя вельмі дрэнна ведаюць, чым гэтыя віды адрозьніваюцца.
«Страляюць таксама самак і віды, якія зьнікаюць — напрыклад, гэта белавокі нырок ці гусь-піскулька, якіх каля сотні пар засталося ў цэлай Эўропе. Дзяржаўная статыстка вядзецца проста па гусях і качках, няма нейкага адрозьніваньня па відах».
«Можаш сто птушак застрэліць у дзень, а можаш тысячу»
Дырэктар «Аховы птушак Бацькаўшчыны» зьвяртае ўвагу і на тое, што няма мэханізму рэгуляваньня колькасьці застрэленых птушак.
«Ты можаш сто птушак застрэліць за дзень увесну, а можаш тысячу. І гэта ў той час, калі птушкі размнажаюцца. Практычна да канца красавіка ў паловы качак яйкі ёсьць, у некаторых ужо птушаняты зьяўляюцца. У шэрых гусей ужо напрыканцы красавіка вылупліваюцца гусяняты. А па нашым законе можна нават гэтых гусянят страляць», — кажа Аляксандар Вінчэўскі.
Паводле яго, у качак можна страляць толькі самцоў (але паляўнічыя таксама памыляюцца), а ў гусей — і самцоў, і самак, «хоць вядома, што пары ў гусей утвараюцца на ўсё жыцьцё».
Веснавое паляваньне часткова дазволенае толькі ў Расеі і на Мальце
Экспэрт кажа, што веснавое паляваньне дазволенае толькі ў Расеі, але абмежаванае дзесяцьцю днямі. Таксама на Мальце яно ўведзена на адзін від: увесну можна страляць перапёлку. Эўразьвяз з гэтай краінай судзіцца.
Аляксандар Вінчэўскі зьвяртае ўвагу і на тое, што ў Беларусі дазволена ўжываць электронныя вабікі, якія забароненыя ў Эўропе. Яны эфэктыўна прывабліваюць птушак і дазваляюць больш забіць. Таксама дазваляецца страляць з паўаўтаматычных стрэльбаў і паляваць на гусей і качак у маскіровачным строі.
«Некаторыя паляўнічыя кажуць, што такіх дрэнных правілаў для прыроды яшчэ не было ў Беларусі», — падсумоўвае Аляксандар Вінчэўскі.
«Калі птушак страляць увесну, то іх больш ня стане»
Прадстаўляючы новы ўказ, першы намесьнік міністра лясной гаспадаркі Аляксандар Кулік сказаў журналістам, што «новыя правілы больш лібэральныя і спрошчаныя». Як ставіцца да такога лібэралізму Аляксандар Вінчэўскі?
«Ганарыцца тым, што забіваньню прыроды мы даем больш свабоды, думаю, ня варта. Я нават шукаў у даведніках, што азначае „лібэралізм“. Там гаворыцца пра палітычныя і эканамічныя свабоды. А пра паляўнічыя свабоды там нічога няма. Яны тлумачаць гэта эканомікай — маўляў, замежныя паляўнічыя выратуюць беларускую эканоміку».
Аляксандар Вінчэўскі
Кіраўнік «Аховы птушак Бацькаўшчыны» заўважае, што цяпер нават колькасьць звычайных відаў качак, такіх як крыжанка, зьніжаецца па ўсёй Эўропе і ў Беларусі.
«Дакладна ўсе чыньнікі гэтага працэсу невядомыя. Але веснавое паляваньне, безумоўна, адзін зь іх. Гэта зразумела ўсім, апроч паляўнічых і Міністэрства лясной гаспадаркі», — кажа ён.
Арнітоляг адзначае: сярод «паляўнічых» птушак ёсьць чырвонагаловы нырок, колькасьць якога катастрафічна зьніжаецца.
«Мы пісалі ў Акадэмію навук, і яны падтрымалі нас, што ўвесну трэба забараніць паляваньне на гэты від. Але Мінлясгас не падтрымаў гэтыя абмежаваньні, і гэты від застаўся сярод паляўнічых увесну, — кажа Аляксандар Вінчэўскі. — Калі вы пасьля сэзону паляваньня прыедзеце ў Нацыянальны парк „Прыпяцкі“, там качак ня знойдзеце. Хоць пасьля паляваньня ў траўні там усё павінна ажно кішэць».
«Фактар паляваньня не зьяўляецца вырашальным»
Начальнік аддзелу паляўнічай гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Сяргей Шастакоў не падзяляе заклапочанасьць эколягаў і арнітолягаў — маўляў, улічана думка «карыстальнікаў паляўнічых угодзьдзяў і навукоўцаў».
«На дадзены момант праводзіцца заключны этап навуковай працы адносна фактараў, якія ўплываюць на колькасьць жывёл і птушак. Таму тут усё прынята ўзважана і правільна. Мы ня кажам, што мы тут прадаём, перапрадаём невядома што. Тэрмін вясеньняга паляваньня быў 28 каляндарных дзён — і цяпер тыя ж 28 дзён. А тое, што недзе будуць выключэньні паводле заключаных дамоваў, гэта ня вельмі важна», — кажа чыноўнік.
На яго думку, на скарачэньне папуляцыі пралётнай дзічыны найперш уплывае не паляваньне, а прыродна-кліматычныя фактары.
«Мы прааналізавалі, колькі адстрэльвалі па краіне — каля 24 тысяч. Гэта такі мізэр. А на Захадзе мільёнамі страляюць гэтую дзічыну».
Ілюстрацыйнае фота
Паводле Сяргея Шастакова, навукоўцы выявілі асноўныя міграцыйныя шляхі пралёту дзічыны па тэрыторыі Беларусі.
«Стратэгічныя тэрыторыі, дзе гусь адпачывае на пралётах, у нас пад забаронай. Гэта каля трыццаці ўчасткаў на нашай тэрыторыі», — кажа ён.
Прадстаўнік Міністэрства лясной гаспадаркі тлумачыць, што на качак ці гусей у Беларусі не ўстаноўленыя нормы паляваньня, бо «яны ў нас не зьяўляюцца нармаванымі відамі паляўнічых жывёл».
«Ну няхай вам 10 гусей дазволена. Вы іх здабываеце, прывозіце дахаты — і заўтра зноў прыяжджаеце на паляваньне і зноў здабываеце. Які можа быць кантроль? І ў чым сутнасьць квотаў? Таму гэтую норму і ня ўводзілі», — кажа Сяргей Шастакоў.
Мы не глядзім на суседзяў, а адказваем за сваё
На пытаньне, чаму веснавое паляваньне забаронена практычна ва ўсіх эўрапейскіх краінах і нават у Расеі абмежавана, чыноўнік заўважае, што «мы не глядзім на суседзяў, а адказваем за сваё, падыходзім выбарачна».
«Фактар паляваньня не зьяўляецца вырашальным у вызначэньні колькасьці пралётных відаў. Да таго ж мы ня можам іх падлічыць, бо гэта дзічына ня наша, а пралётная. Наша толькі шэрая гусь, якая ў нас гнязьдзіцца».
У Беларусі дазваляюць паляваць з капканамі
Паводле Шастакова, доля даходаў ад замежнага паляўнічага турызму цяпер складае каля 40% ад усіх даходаў, атрыманых ад вядзеньня паляўнічай гаспадаркі.
Па дадзеных Міністэрства лясной гаспадаркі, паляўнічых у Беларусі каля 120 тысяч.
Што новага ў правілах паляваньня?
- Спрашчаецца працэдура атрыманьня паляўнічых угодзьдзяў (дастаткова толькі заявы, не патрэбная акрэдытацыя, тэрмін арэнды павялічваецца з 10 гадоў да 20);
- падчас веснавога паляваньня на адну гадзіну скарачаецца тэрмін забароны паляваньня (раней з 11-й гадзіны да 18-й, цяпер з 12-й);
- у паляўнічых гаспадарках можна будзе браць стрэльбу ў арэнду (гэта асабліва прывабна для замежнікаў, якія прылятаюць у Беларусь у рамках бязьвізавага рэжыму);
- скарачаецца колькасьць кантралёраў за вядзеньнем паляўнічых гаспадарак і паляваньня (застаецца толькі Дзяржаўная інспэкцыя аховы жывёльнага і расьліннага сьвету);
- пуцёўку для паляваньня можна будзе набываць праз інтэрнэт (гэтая норма ўступае ў дзеяньне не пазьней за 1 студзеня 2019 году);
- прадугледжваюцца бясплатныя пуцёўкі на паляваньне для тых, хто добраахвотна папрацуе ў лясных угодзьдзях (будзе чысьціць лес, усталёўваць гняздоўі, падкормліваць жывёлу).