Алімпійская чэмпіёнка Вольга Корбут у расейскай тэлеперадачы абвінаваціла свайго былога трэнэра Рэнальда Кныша ў згвалтаваньні. Як гэты звычайна бывае, большасьць абвінавачваньням ня верыць. Жанчыну ў адказ вінавацяць у самапіяры і кажуць, што калі яна ня мае доказаў, дык няма чаго і ўздымаць гэтую тэму.
Але ў абарону Кныша выказваюцца не толькі людзі, якія лічаць, што знакаміты трэнэр ня мог такога зрабіць. Ёсьць і тыя, хто гатовы паверыць у згвалтаваньне, аднак загадзя ўсё выбачае за заслугі чалавека перад грамадзтвам.
Ёсьць і тыя, хто гатовы паверыць у згвалтаваньне, аднак загадзя ўсё выбачае за заслугі чалавека перад грамадзтвам.
«Затое які ён таленавіты!», «Як шмат ён зрабіў для грамадзтва!» — рэплікі такога кшталту можна пабачыць і пачуць кожны раз, калі ў публічнай прасторы зьяўляецца абвінавачваньне на адрас вядомай ці ўмоўна значнай для грамадзтва асобы. Калі сантэхнік распускае рукі ў дачыненьні да кліенткі, наўрад ці некаму прыйдзе да галавы казаць у ягонае апраўданьне: «Але ж ён столькі сем’яў выратаваў ад затапленьня фэкаліямі!»
У такіх выпадках усім відавочна, што прафэсійная дзейнасьць чалавека ніяк ня можа апраўдваць злачынстваў. Але чамусьці ня ўсім гэта відавочна, калі гаворка ідзе пра актораў, музыкаў, рэжысэраў, спартоўцаў ці прадстаўнікоў іншых прафэсій, якія лічацца важнымі для добрага іміджу дзяржавы ці грамадзтва.
А якая нацыі справа да згвалчанай жанчыны? Адной болей, адной меней.
Кнігу прачытаюць тысячы, калі не мільёны людзей, фільм пакажуць на міжнародных фэстывалях, залатымі мэдалямі будуць ганарыцца нашчадкі. А якая нацыі справа да згвалчанай жанчыны? Адной болей, адной меней.
У перадачы, дзе Вольга Корбут абвінаваціла свайго былога трэнэра, ніхто не заклікаў нават да таго, каб «разабрацца ў сытуацыі». Усё зьвялося да «можа, нешта там і было, але паглядзіце, як шмат добрага для ўсіх нас зрабіў гэты чалавек!». Шмат такіх словаў можна было сустрэць і калі галівудзкія акторкі пачалі даволі масава абвінавачваць калегаў і кіраўніцтва у дамаганьнях і згвалтаваньнях.
Гэта яскравы пасыл усім тым, хто гадамі баіцца ці саромеецца распавесьці пра перажыты гвалт: маўчыце, вам усё адно ніхто ня будзе спачуваць, іншых жанчын ніхто не паспрабуе абараніць.
Частка грамадзтва гатова прабачыць што заўгодна, калі паверыць, што гэта кампэнсавана заслугамі.
І ў гэтым кантэксьце нават ня мае вялікага значэньня, ці ёсьць нейкія доказы злачынстваў і ці ёсьць давер да магчымых ахвяраў. Гэта новы ўзровень цынізму: ну ладна, было гэтае згвалтаваньне, ну і што? Здаецца, частка грамадзтва гатова прабачыць і легітымізаваць што заўгодна, калі паверыць, што гэтае «што заўгодна» дастаткова кампэнсавана заслугамі: доктарскай дысэртацыяй, добрым фільмам, алімпійскім мэдалём у вучаніцы.
Ідэя аб тым, што чымсьці малым можна ахвяраваць дзеля нечага вялікага, увогуле ня новая. Але няўжо добры фільм ці лішні алімпійскі мэдаль у агульным рэйтынгу зборнай важнейшы за сэксуальную недатыкальнасьць чалавека? Здаецца, тыя, хто апраўдвае згвалтаваньні заслугамі перад грамадзтвам, проста паблыталі, дзе насамрэч «малое», а дзе — «вялікае».
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.