Суд Маскоўскага раёну Менску аштрафаваў Вячаслава Касінерава на 25 базавых велічынь (612 рублёў 50 капеек) за ўдзел у пікеце ў падтрымку дэкрыміналізацыі марыхуаны.
Судзьдзя Тацяна Матыль прызнала Касінерава вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і аштрафавала паводле першай часткі адміністрацыйнага артыкула 23.34.
Супраць Касінерава сьведчыў міліцыянт з кіраўніцтва Маскоўскага РУУС Менску, які сказаў, што пазнаў яго на здымку, хоць «чалавек, падобны да Касінерава», хаваў твар. Затрымалі Касінерава 3 красавіка на вуліцы, мінулую ноч ён правёў у турме на Акрэсьціна.
Таксама 3 красавіка затрымалі і іншых удзельнікаў пікету Пятра Маркелава і Алеся Таўстыку. Пятра Маркелава асудзілі на 25 базавых велічынь (612,5 рубля), Алеся Таўстыку — на 15 базавых (367,75 рубля).
2 красавіка насупраць Дома ўраду ў Менску прайшоў пікет за дэкрыміналізацыю марыхуаны і іншых кантраляваных рэчываў. Пікет быў прымеркаваны да пачатку вясновай сэсіі Палаты прадстаўнікоў. Удзельнікі акцыі накіравалі туды зварот, дзе нагадалі пра запатрабаванасьць рэформы артыкула 328 Крымінальнага кодэксу.
Крымінальны артыкул 328 «Незаконнае абарачэньне наркатычных сродкаў» прадугледжвае пазбаўленьне ці абмежаваньне волі з максымальным тэрмінам да 20 гадоў. Па інфармацыі руху «Маці 328», на сёньняшні дзень у месцах пазбаўленьня волі адбываюць пакараньні паводле крымінальнага артыкула 328 каля 15 тысяч чалавек.
Пэтыцыя за дэкрыміналізацыю лёгкіх наркотыкаў на партале petitions.by сабрала больш за 1400 подпісаў. Паводле Пятра Маркелава, на папяровых носьбітах сабралі больш за 600 подпісаў. У пэтыцыі прапануецца ўвесьці азначэньне малой колькасьці для кожнага зь лёгкіх наркотыкаў і адмяніць крымінальную адказнасьць за абарачэньне «кантраляваных рэчываў» у малой колькасьці.
Актывіст Legalize Belarus: «Змагацца супраць наркотыкаў — гэта папулізм»