Актывіста Пятра Маркелава суд Маскоўскага раёну Менску 4 красавіка аштрафаваў на 25 базавых велічынь (612,5 рублёў) за ўдзел у пікеце з патрабаваньнем легалізацыі марыхуаны.
Пікет адбыўся 2 красавіка ў Менску на плошчы Незалежнасьці. 14 актывістаў сталі перад Домам ураду зь вялікімі літарамі, зь якіх складаліся словы «Дэкрыміналізацыя» і таблічкай «328» — гэта артыкул ў Крымінальным кодэксе Беларусі, у якім прадугледжаная адказнасьць за распаўсюд наркотыкаў.
Іншы ўдзельнік пікету Алесь Таўстыка 3 красавіка быў аштрафаваны на 15 базавых велічынь (367 рублёў 75 капеек). Суд над актывістам анархісцкага руху Вячаславам Касінеравым яшчэ працягваецца. Касінераў не прызнае сябе вінаватым.
***
Крымінальны артыкул 328 «Незаконнае абарачэньне наркатычных сродкаў» прадугледжвае пазбаўленьне ці абмежаваньне волі з максымальным тэрмінам да 20 гадоў. Па інфармацыі руху «Маці 328», на сёньняшні дзень у месцах пазбаўленьня волі адбываюць пакараньні паводле крымінальнага артыкула 328 каля 15 тысяч чалавек.
Пэтыцыя за дэкрыміналізацыю лёгкіх наркотыкаў на партале petitions.by сабрала больш за 1400 подпісаў. Паводле Пятра Маркелава, на папяровых носьбітах сабралі больш за 600 подпісаў. У пэтыцыі прапануецца ўвесьці азначэньне малой колькасьці для кожнага зь лёгкіх наркотыкаў і адмяніць крымінальную адказнасьць за абарачэньне «кантраляваных рэчываў» у малой колькасьці.
У шэрагу краінаў сьвету, у тым ліку суседняй Польшчы, дазволена мэдычнае ўжываньне марыхуаны (яна можа дапамагаць пры пэўных хваробах, выпісваецца лекарамі), а ў некаторых краінах дазволена і «рэкрэацыйнае» ўжываньне — для адпачынку. Дзе-нідзе, як то ў Грузіі, дазволена ўжываць і захоўваць малыя дозы марыхуаны.
Паводле некаторых дасьледаваньняў (напрыклад, гэтага або гэтага), марыхуана нібыта менш шкодная за алькаголь ці тытунь, але яе ўжываньне мяняе паводзіны людзей. Мэдыкі сьцьвярджаюць, што з марыхуаны людзі пераходзяць і на цяжэйшыя наркотыкі.