Да 1 красавіка Савет міністраў Беларусі павінен быў прыняць пастанову аб тым, як так званыя «дармаеды» маюць аплочваць камунальныя і іншыя паслугі.
25 студзеня 2018 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 1 «Аб зьмяненьні дэкрэта № 3», у якім даў даручэньне чыноўнікам ураду распрацаваць сыстэму 100-адсоткавай аплаты беспрацоўнымі некаторых тарыфаў паслуг, якія субсыдуе дзяржава.
Прэс-сакратар прэм’ер-міністра Ўладзіслаў Сычэвіч раніцай 4 красавіка паведаміў Свабодзе, што пастанова ўраду яшчэ не прынятая.
«Калі яна будзе прынятая, дакумэнт адразу ж будзе разьмешчаны на афіцыйным сайце Саўміну», — патлумачыў прэс-сакратар.
На ўдакладняльныя пытаньні — ці распрацавана пастанова ўвогуле, на якім этапе знаходзіцца дакумэнт, калі чакаць яго — спадар Сычэвіч не адказаў, маўляў, сачыце за сайтам.