Дзяржпрамнагляд Беларусі выявіў больш за тысячу парушэньняў бясьпекі на аб’ектах масавага знаходжаньня людзей, гаворыцца ў паведамленьні ведамства.
З 27 па 30 сакавіка Дзяржпрамнагляд праверыў 987 «патэнцыйна небясьпечных аб’ектаў» (ліфтаў, эскалятараў, травалятараў, кацельных, аб’ектаў газаразьмеркавальнай сыстэмы і газаспажываньня) у 160 гандлёва-забаўляльных цэнтрах і іншых аб’ектах масавага знаходжаньня людзей.
Па выніках праверак выяўлена 1062 парушэньні патрабаваньняў прамысловай бясьпекі. 71 з усіх выяўленых парушэньняў ствараюць пагрозу ўзьнікненьня надзвычайных сытуацый.
Паводле ведамства, выкарыстаньне ўсіх небясьпечных аб’ектаў прыпыненае да ліквідацыі парушэньняў.
Масавыя праверкі пажарнай бясьпекі аб’ектаў пачаліся ў Беларусі на загад Аляксандра Лукашэнкі пасьля трагедыі 25 сакавіка ў гандлёва-забаўляльным цэнтры ў расейскім горадзе Кемерава, дзе ў выніку пажару, паводле афіцыйных дадзеных, загінулі 64 чалавекі, у тым ліку больш за 40 дзяцей.
Раней Міністэрства надзвычайных сытуацый Беларусі выявіла парушэньні на больш як 75% правераных абʼектаў у Беларусі: паводле кіраўніка МНС Валера Вашчанкі, з 500 правераных аб’ектаў 334 аказаліся «не гатовыя да маніторынгу». Па выніках першага этапу праверак ведамства склала інтэрактыўную мапу. На ёй нанесеныя першыя 334 правераныя аб’екты, на якіх выяўленыя парушэньні.