Прэзыдэнты трох краінаў Балтыі на сустрэчы ў Белым доме 3 красавіка папросяць прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа зрабіць больш для стрымліваньня Расеі.
Прэзыдэнтка Літвы Даля Грыбаўскайце, прэзыдэнт Эстоніі Керсьці Кальюлайд і прэзыдэнт Латвіі Раймандс Вэюаніс зьяўляюцца аднымі з самых актыўных крытыкаў Расеі ў Эўразьвязе і прыбылі зь візытамі да Трампа пры зьмяшаных сыгналах аб тым, што ён хоча ў дачыненьні Крамля.
Вашынгтон нядаўна ўвёў новыя санкцыі супраць Расеі і выслаў 60 расейскіх дыпляматычных работнікаў у адказ на атручваньне былога расейскага выведніка Сяргея Скрыпаля ў Вялікай Брытаніі. У той жа час прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп асабіста прапанаваў сустрэцца з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным падчас нядаўняга тэлефоннага званка.
Адзін з высокапастаўленых службоўцаў Літвы паведаміў агенцтву France-Presse, што балтыйскія лідэры папросяць Трампа часьцей выкарыстоўваць супрацьракетныя комплексы Patriot для вайсковых вучэньняў у краінах Балтыі. Чыноўнік сказаў, што Літва, Латвія і Эстонія таксама хочуць стаць часткай эўрапейскага супрацьракетнага шчыта.
«Я спадзяюся, што Злучаныя Штаты і іншыя саюзьнікі ўсьведамляюць, што паветраная прастора балтыйскіх дзяржаў павінна быць лепш абароненай», — заявіла прэзыдэнтка Літвы Грыбаўскайце перад пачаткам візыту грамадзкай тэлерадыёкампаніі LRT.
У 2017 годзе альянс NATO разгарнуў чатыры шматнацыянальныя батальёны ў Польшчы і краінах Балтыі, гэта зьяўляецца часткай захадаў у стрымліваньні магчымых дзеяньняў Расеі; таксама амэрыканскія вайскоўцы адправілі батарэю Patriot у Літву для вучэньняў. Віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс у ліпені падняў пытаньне магчымага разгортваньня комплексаў Patriot і ў суседняй Эстоніі.