Турэцкі суд выдаў ордэр на арышт мусульманскага клірыка Фэтхулаха Гюлена, які знаходзіцца ў ЗША, і яшчэ семярых чалавек за меркаваную датычнасьць да забойства пасла Расеі ў Турэччыне. Пра гэта паведамляе дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Турцыі.
19 сьнежня 2016 году турэцкі паліцыянт Мэўлют Алтынташ, які быў не на службе, стрэліў ва ўпор у расейскага амбасадара Андрэя Карлава на фотавыставе ў Анкары і забіў яго. Алтынташ быў застрэлены паліцыяй.
Анаталійскае агенцтва паведаміла ў панядзелак, што Фэтхулах Гюлен і іншыя сем асоб абвінавачваюцца ў спробе «зьнішчыць канстытуцыйны парадак» і што яны «плянавалі гэтае забойства».
Турэцкія ўлады сьцьвярджаюць, што забойца Карлава меў сувязі з Гюленам, які таксама быў абвешчаны ў вышук Турэччынай за нібыта арганізацыю няўдалага дзяржаўнага перавароту ў ліпені 2016 году. Гюлен адпрэчвае гэтыя абвінавачваньні. ЗША адмаўляюцца выдаць Гюлена Турэччыне, называючы абвінавачваньні ў яго адрас палітычна матываванымі.
Турэччына заяўляе, што забойства пасла было накіравана на тое, каб падарваць турэцка-расейскія стасункі.