11-гадовая цымбалістка са Смаргоняў ня вельмі задаволеная сваёй нечаканай папулярнасьцю. Пра гэта і ня толькі яна распавяла карэспандэнтам Свабоды.
Your browser doesn’t support HTML5
Насьця Ванеева стала вядомай на ўсю Беларусь 1 красавіка, калі расейскі Першы канал паказаў яе выступ у адным з тэлешоў. Вядучы Максім Галкін прадставіў Насьцю як музыку зь «Белоруссии», але тая запярэчыла. «Правільна казаць „зь Беларусі“», — сказала яму дзяўчынка.
«Цымбалы — вельмі прыгожы інструмэнт, — кажа Насьця Свабодзе. — Прыгожы, звонкі. Такі беларускі проста».
Дзяўчынка займаецца музыкай пяць гадоў. Ходзіць у клясу цымбалаў смаргонскай музычнай школы імя Агінскага. Там нас сустракаюць словамі пра тое, што ад самага ранку няма адбою ад журналістаў.
«Звоняць і звоняць, нават у Канадзе бачылі пра нашу Насьцю», — кажа настаўніца музыкі Вольга Анатолеўна.
Насьця неаднойчы ўдзельнічала ў конкурсах, аднак знакамітай прачнулася 2 красавіка 2018 году. Ня столькі праз валоданьне сваім інструмэнтам, колькі праз размову на роўных з расейскай зоркай Максімам Галкіным.
«Прыехалі туды, там рэпэтыцыі, здымкі. Я хвалявалася, — кажа Насьця пра свой візыт у Маскву на Першы канал. — Але потым неяк дала рады і ўжо не хвалявалася. Я часта выступаю... А гэты момант з Галкіным... Я не спрачалася зь ім, проста падправіла. Каб правільна называў краіну, у якой я жыву».
Насьця кажа, што на цымбалах грае самую розную музыку. Любіць і народныя мэлёдыі, і клясыку. Больш за іншае ёй падабаецца граць польку. Да сваёй нечаканай папулярнасьці Насьця ставіцца неадназначна.
«Я бачыла ў інтэрнэце ролік, — кажа яна. — Але стаўлюся да гэтага па-рознаму. Мне ня вельмі падабаецца гэты шум. Падабаецца, што пішуць пра тое, як я граю. А вось наконт таго, што я яго паправіла, — ня вельмі. Я не хацела рабіць на гэтым акцэнт. Хацела толькі, каб мяне правільна аб’явілі. Увогуле ня думала, што гэты момант пакажуць... Я тут нарадзілася, гэта мая Радзіма, і яе павінны правільна называць».
Ад Галкіна ў Насьці Ванеевай таксама засталіся неадназначныя ўражаньні.
«У прынцыпе, ён нядрэнны, — кажа беларуска. — Аднак вельмі шмат жартаваў і перабіваў мяне... Потым пагадзіўся, што правільна гаварыць «Беларусь».
Насьця ня ведае, ці зьвяжа сваё жыцьцё з музыкай. «Яшчэ так шмат усяго», — кажа яна. Але калі працягне займацца, то хацела б граць на цымбалах. У канцы красавіка паедзе ў Менск на чарговы конкурс, дзе спадзяецца заняць першае месца.