Губэрнатар Кемераўскай вобласьці Аман Тулееў 1 красавіка папрасіў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна аб адстаўцы па ўласным жаданьні пасьля пажару ў ГЦ «Зімовая вішня», які забраў жыцьці як найменей 64 чалавек.
Пра гэта паведаміла прэс-служба адміністрацыі Кемераўскай вобласьці: «Губэрнатар Кемераўскай вобласьці Аман Тулееў зьвярнуўся да прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна з заявай аб адстаўцы па ўласным жаданьні».
Тулееў і Лукашэнка
У 1990-ыя гады Аман Тулееў актыўна падтрымліваў Аляксандра Лукашэнку ў ягоных расейска-беларускіх інтэграцыйных памкненьнях. У 1998 годзе, калі адбываліся страйкі шахтароў, Аляксандар Лукашэнка наведаў Кузбас і падпісаў першае пагадненьне аб супрацы.
У 2014 годзе віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка на даручэньне кіраўніка Беларусі ўручыў Аману Тулееву беларускі Ордэн Пашаны «за значны асабісты ўклад у разьвіцьцё эканамічных, навукова-тэхнічных і культурных сувязяў паміж Беларусьсю і Кемераўскай вобласьцю Расеі». Раней у 2002 годзе Аляксандар Лукашэнка ўзнагародзіў Амана Тулеева Ордэнам Дружбы народаў.
У 2014 годзе падчас прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх СМІ, Аляксандар Лукашэнка, адказваючы на пытаньне галоўнага рэдактара газэты «Кузбас», сказаў, што яго і Амана Тулеева зьвязвае даўняе шматгадовае сяброўства.
Тулееў і трагедыі на шахтах
Кемераўскі губэрнатар Аман Тулееў займаў пасаду больш за 20 гадоў. За гэты час яму ня раз даводзілася разьбірацца з наступствамі трагедый.
Восем гадоў таму ў Междурэчанску прайшла сэрыя мітынгаў — гарнякі ды іхныя семʼі выйшлі пратэставаць пасьля аварыі на шахце Распадзкая. Ад выбухаў загінуў 91 чалавек, пацярпелі яшчэ амаль сто. Шахтароў абурыла адмова абвясьціць нацыянальную жалобу.
Губэрнатар прыехаў у Междурэчанск на наступны дзень пасьля сутыкненьняў АМАПу з пратэстоўцамі. І патлумачыў — пратэставаць выходзілі зусім не гарнякі, а «беспрацоўныя і лідэры злачынных груповак».
Праўда, паліцыя ня выявіла сярод затрыманых злачынцаў. І нават меркаваны рэцыдывіст Антон Герасімаў аказаўся простым шахтаром.
За тры гады да гэтага, у 2007 годзе, адбыўся выбух яшчэ на адной шахце — Ульянаўскай — забраў жыцьці 110 чалавек. Тады са спачуваньнямі таксама нешта пайшло ня так. У тэлеграме Аману Тулееву Ўладзімір Пуцін казаў аб страшнай трагедыі на іншы шахце, Юбілейнай. У Кемераўскай вобласьці тады сумна жартавалі, што Юбілейнай ёсьць чаго баяцца. Праз два месяцы ў выніку аварыі там загінулі 39 чалавек.
Аман Тулееў заяўляў, што адказнасьць за аварыі нясе ўласьнік абедзьвюх шахт — «Южкузбассуголь». І патрабаваў адклікаць у кампаніі ліцэнзіі. Праўда, калі стала вядома, што «Южкузбассуголь» толькі што цалкам перайшоў пад кантроль холдынгу «Евраз Груп», які належаў Раману Абрамовічу, губэрнатар спыніў гэтыя захады.
Тулееў і захопы закладнікаў
Зрэшты, Аман Тулееў у крытычных сытуацыях знакаміты зусім не спачуваньнямі, а вызваленьнем закладнікаў. Усё пачалося ў далёкім 1991-м, у разгар прэзыдэнцкай гонкі. Тулееў апынуўся побач з чалавекам, які захапіў у закладніцы 7-гадовую дзяўчынку. Ён прапанаваў замест яе сябе. І тады стаў знакаміты на ўсю краіну.
Праз некалькі гадоў Тулееў уратуе трох пасажыраў і кіроўцу аўтобуса, якіх захапіў чалавек з гранатай. Пасьля гэтага — перамовы са злачынцам, які пагражаў падарваць таксі, і вызваленьне супрацоўнікаў банку ад рабаўніка.
«Кузбаскі сацыялізм»
Праблемы жыхароў Кузбасу Тулееў звычайна вырашае ў ручным рэжыме: то звольніць галоўнага ўрача хуткай дапамогі, то раскрытыкуюць уладальніка гандлёвай сеткі. Плюс, падтрымка сіротам, маламаёмасным, і вэтэранам. У асноўным за кошт бізнэсу. У рэгіёне гэта называюць «кузбаскім сацыялізмам».
Да сваякоў загінулых у гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня» Тулееў вырашыў не прыяжджаць — сказаў, каб не ствараць нязручнасьцяў сваім картэжам.
Чыноўнік МНС аб трагедыі ў Кемераве: закрытыя запасныя выхады, няспраўная сыстэма супрацьпажарнай абароны
Тулееву 73 гады, Кемераўскую вобласьць ён узначальваў больш за 20 гадоў, чатыры разы пераабіраўся кіраўніком рэгіёну з вынікам ад 93,5 да 96,69% галасоў. Яго паўнамоцтвы на чарговым губэрнатарскім тэрміне заканчваліся ў 2020 годзе.
Выканаўцам абавязкаў кіраўніка вобласьці прызначаны віцэ-губэрнатар Сяргей Цывілеў. Менавіта ён падчас стыхійнага мітынгу перад гарадзкой адміністрацыяй Кемерава абвінаваціў людзей, якія страцілі родных — у прыватнасьці Ігара Вострыкава, які страціў трох дзяцей, жонку і сястру — у жаданьні «папіярыцца на трагедыі». Пазьней Цывілеў з выбачэньнямі стаў на калені перад мітынгоўцамі.