Беларуская гімнастка Вольга Корбут, якая зьяўляецца чатырохразовай алімпійскай чэмпіёнкай, паведаміла, што маскоўскі музэй спорту адмовіўся вярнуць ёй залаты мэдаль з Алімпіяды 1972 году ў Мюнхэне, скрадзены 46 гадоў таму.
Пра гэта Вольга Корбут паведаміла на сваёй старонцы ў Facebook:
«Вярнулася дадому з Масквы, дзе вельмі павесяліліся. Нават знайшла адзін са сваіх залатых мэдалёў з Алімпіяды-1972 у музэі спорту. Ён быў скрадзены ў мяне ўсяго празь некалькі дзён пасьля заваёвы, і я шукала яго на працягу 46 гадоў.
Музэй адмовіўся вярнуць мне яго, заявіўшы, што гэта ўласнасьць Расейскай Фэдэрацыі. Яны пацьвердзілі, што гэта мой мэдаль, бо на адваротным баку напісана маё імя. Калі-небудзь я вярну яго, мой бой ня скончаны», — адзначыла Корбут.
На Алімпійскіх гульнях у Мюнхэне ў 1972 годзе Вольга Корбут заваявала золата ў вольных практыкаваньнях, на бервяне і ў камандным першынстве. Таксама Корбут выйграла залаты мэдаль праз чатыры гады на Алімпіядзе ў Манрэалі. З пачатку 90-х спартсмэнка жыве ў ЗША.