Выдаткі на адзначэньне 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі склалі 58 917 рублёў. Пра гэта сьведчыць публічная справаздача кампаніі #БНР100, апублікаваная на сайце 1863x.com.
Хто і колькі ахвяраваў?
Падчас краўдфандынгу на Дзень Волі сабралі 58 860 рублёў. На сьвяткаваньне стагодзьдзя БНР праз краўд-пляцоўку talaka.org ахвяравалі 1025 чалавек — агулам гэта 36 860 рублёў.
Збор сродкаў #БНР100 стаў рэкордам беларускага краўдфандынгу паводле колькасьці фундатараў. Найбольшую суму праз «Талаку» ахвяраваў IT-спэцыяліст Барыс Яўсеенка, які жыве за мяжой, — 2505 рублёў. Больш пра яго нічога невядома — фундатар не захацеў агучваць інфармацыю пра сябе.
Радыё Свабода ўжо пісала, што Яўсеенка натхніўся прыкладам іншага праграміста Ўладзіслава Чачоткіна і вырашыў ахвяраваць на 5 рублёў больш. Чачоткін ахвяраваў на сьвяткаваньне 100 гадоў БНР 2500 рублёў. Свой удзел у краўдфандынгу інфарматык патлумачыў прыналежнасьцю да Беларусі і жаданьнем удзельнічаць у жыцьці грамадзтва.
Айцішнік, які ахвяраваў 1000 эўра на #БНР100, напісаў сучасныя «Лісты з-пад шыбеніцы»
Спонсары «Сьвята Незалежнасьці» ўсе разам ахвяравалі 14 000 рублёў. Генэральным партнэрам кампаніі стала інфармацыйнае агенцтва БелаПАН, таксама ахвяравалі свае сродкі кампаніі «Цесьляры» і Svaje.by, гульнявая прастора «Quvalda» і сувэнірная крама «Мой модны кут». Вырабіць прома-прадукцыю для раздачы напярэдадні Дня Волі дапамагла Рада БНР, выдаткаваўшы 5000 рублёў.
Іншымі шляхамі на Дзень Волі назьбіралі 3000 рублёў. Гэта наяўныя ахвяраваньні, пераказы на банкаўскія карткі, электронныя грошы і іншае. Як паведаміў Свабодзе Эдуард Пальчыс, арганізатары атрымалі ахвяраваньні і крыптавалютай — 0,125 Ether, гэтыя сродкі пайшлі на прамоцыю акцыі.
Куды пайшлі грошы?
Найбольшыя выдаткі пайшлі на сцэнічнае і канцэртнае абсталяваньне — 24 000 рублёў. Сюды ўвайшлі сцэна памерам 10 на 12 мэтраў, гукавая тэхніка, экран для сцэны і электрычныя генэратары.
Тэхнічны райдэр і сабекошт выступаў музыкаў склалі 6240 рублёў. Менскія арганізатары #БНР100 давалі грошы і на арганізацыю музычных выступаў у Гомлі, Баранавічах, Берасьці і Горадні.
«Нельга сказаць, што мы музыкам нічога не давалі звыш (тэхнічнага райдэру — РС), але гэтыя сумы нельга назваць ганарарамі», — пракамэнтаваў Эдуард Пальчыс памер ганарараў за выступы на Дні Волі.
У тэхнічны райдэр і сабекошт выступаў увайшлі праезд музыкаў з розных пунктаў Беларусі, іх начлег і харчаваньне, а таксама арганізацыя грымэрных, запіс фанаграмаў беларускіх гімнаў і новай песьні Лявона Вольскага.
«Толькі дзесяць чалавек з гурту Dzeciuki пакуль прыехалі, пакуль разьмясьціліся, пераначавалі, зьехалі. Яны мо яшчэ сваімі грашыма даплачвалі», — сказаў Пальчыс.
На выраб прома-прадукцыі, банэраў і відэа, на іншую прамоцыю акцыі пайшло 8783 рублі.
«Каля 1660 даляраў пайшло толькі на друк розных флаераў, макетаў, праграмак», — распавёў Свабодзе Павел Белавус.
Арганізатары адзначаюць, што часткова грошы на выраб прома-прадукцыі выдаткавала Рада БНР у выгнаньні. За 5000 рублёў ад Рады БНР арганізатары вырабілі 5000 апасак, 5000 значкоў, 15 000 буклетаў і 50 000 налепак. Гэтая прадукцыя разышлася яшчэ да 25 сакавіка.
Паводле Белавуса, у Дзень Волі ля Опэрнага тэатру раздалі 40 тысяч флаераў і буклетаў з тэкстамі беларускіх гімнаў. Гэтай прадукцыі хапіла не на ўсіх удзельнікаў сьвяткаваньня.
Каля 5000 рублёў пайшло на таргетаваную рэкляму і прамоцыю ў сацыяльных сетках, сказаў Павел Белавус. У справаздачы адзначаецца, што каманда SMM-спэцыялістаў і таргетолягаў працавала задарма.
Падчас канцэрту «Сьвята Незалежнасьці» сцэну ахоўвалі 15 прафэсійных канцэртных ахоўнікаў. Акрамя супрацоўнікаў міліцыі, арганізацыю працы якіх Менгарвыканкам узяў на сябе, на Дні Волі працавалі 50 дружыньнікаў і 60 валянтэраў. Разам з гэтым на арганізацыю фудкорту і інфармацыйнага цэнтру, харчаваньня валянтэраў, арэнду радыёстанцыяў пайшло 2809 рублёў.
На акцыі напярэдадні Дня Волі выдаткавалі 2400 рублёў. Сюды ўвайшлі арганізацыя «Сьпеўнага сходу» 20 сакавіка і ўрачыстага прыёму 24 сакавіка.
Your browser doesn’t support HTML5
Падзеі кампаніі #БНР100 адбываліся ня толькі ў Менску. На арганізацыю гэтых імпрэзаў, паводле справаздачы, пайшло 1635 рублёў. Асобныя краўд-кампаніі прайшлі на арганізацыю «Сьвята Незалежнасьці» у Горадні, Берасьці і Слуцку, але гэтыя кампаніі не сабралі 100% неабходных сродкаў. Таксама менскія арганізатары выдаткоўвалі сродкі на «Сьвята Незалежнасьці» у Баранавічах, Гомлі і Любліне.
На працу прыбіральняў на пляцоўцы ля Опэрнага пайшло 5105 рублёў, на выплату падаткаў і банкавых камісіяў — 2945 рублёў.
Арганізатары засталіся ў мінусе
Паводле Эдуарда Пальчыса, у патрэбе арганізатары выдаткоўвалі свае грошы і не лічылі іх. Справаздача з выдаткаў апублікаваная прыблізна, а рэальныя выдаткі былі большымі.
Паводле справаздачы, арганізатары не атрымоўвалі заробку за сваю працу, а рэклямная каманда і дызайнэры працавалі задарма.
У Менску Дзень Волі — 2018 праводзіўся з дазволу гарадзкіх уладаў. Паводле розных ацэнак, адсьвяткаваць 100 год незалежнасьці БНР на пляцоўцы ля менскага Опэрнага тэатру 25 сабраліся ад 11 да 50 тысяч чалавек. Афіцыйных лічбаў менская міліцыя не называла, атрымаць камэнтар Свабодзе не ўдалося. Па колькасьці ўдзельнікаў гэта найбольш масавы Дзень Волі ў ХХІ стагодзьдзі. Паводле падлікаў праваабаронцаў, вядома пра 120 затрыманьняў па ўсёй Беларусі 25 сакавіка.