У Магілёве ўводзіцца новы плацеж за карыстаньне жылымі памяшканьнямі ў інтэрнатах. Красавіцкія жыроўкі падаражэюць у сярэднім у паўтара раза. Для сям’і з чатырох чалавек даплата за карыстаньне інтэрнатам сягне пад 70 рублёў.
Уведзены чыноўнікамі новы каэфіцыент разьліку за інтэрнат жыхары лічаць завышаным і неабгрунтаваным. Патрабуюць яго перагледзець і зьменшыць. Заяўляюць, што на Магілёўшчыне «распрацаваныя самыя высокія ў Беларусі расцэнкі».
Камунальнікі абгрунтоўваюць увядзеньне новага плацяжу тым, што ўтрыманьне інтэрнатаў нясе страты арганізацыям, якія імі валодаюць. Абяцаюць, што сродкі, выгаданыя ад новаўвядзеньня, пойдуць на паляпшэньне ўмоваў пражываньня ў інтэрнатах.
Арытмэтыка новаўвядзеньня
Інтэрнаты дзеляцца на тры катэгорыі. У першай — жылыя пакоі з прыбіральняй і кухняй. Калі кухні агульнага карыстаньня — гэта другая катэгорыя. У трэцяй агульныя ня толькі кухні, але і прыбіральні з душавымі.
Ад 3 сакавіка кожная катэгорыя інтэрнатаў займела свой каэфіцыент, празь які і будзе вылічвацца плата за карыстаньне жылымі памяшканьнямі ў іх. Для першай катэгорыі каэфіцыент самы высокі — 1,8375. Для другой — 1,6538. Трэцяя катэгорыя мае самы нізкі каэфіцыент — 1,47, бо ўмовы ў такіх інтэрнатах далёкія ад сучасных уяўленьняў пра камфорт.
Каб вылічыць аплату за карыстаньне жытлом у інтэрнаце, кажуць жыхары, трэба памножыць каэфіцыент, які адпавядае катэгорыі інтэрната, на мэтраж пакоя. У інструкцыі, зацьверджанай аблвыканкамам, мэханізм аплаты за карыстаньне інтэрнатам апісаны больш дэталёва. Там улічваецца яшчэ каэфіцыент месца знаходжаньня інтэрната і яго добраўпарадкаванасьці, а таксама карэктуючыя каэфіцыенты.
Дагэтуль жыхары інтэрнатаў аплачвалі толькі камунальныя паслугі. Як пазначана ў жыроўках — тэхнічнае абслугоўваньне, капітальны рамонт, халоднае і гарачае водазабесьпячэньне, а таксама цепла- ды электразабесьпячэньне. Акрамя таго, з жыхароў вылічвалі плату за карыстаньне ліфтам, санітарнае ўтрыманьне дапаможных памяшканьняў ды абыходжаньне зь цьвёрдымі камунальнымі адкідамі.
Электразабесьпячэньне — самая накладная катэгорыя камунальных выдаткаў, бо ў інтэрнатах напаленая за месяц электрычнасьць дзеліцца на ўсіх жыхароў. Яна забірае зь сямейнага бюджэту блізу 40 працэнтаў ад усёй камуналкі. Асобных электралічыльнікаў у пакоях, як правіла, няма.
Новы ж плацеж для сям’і з чатырох чалавек, якія жывуць у інтэрнатаўскім пакоі другой катэгорыі плошчай 40 квадратных мэтраў, будзе важыць больш, чым электраэнэргія: 66 супраць 43 рублёў.
Жыхары інтэрнатаў: «выдуманыя чыноўнікамі» каэфіцыенты завышаныя
У інтэрнатах заяўляюць: новаўвядзеньні ў аплаце жытла не адпавядаюць даходам тых, хто ў ім жыве. Значная частка прапісаных — гэта сем’і з малалетнімі дзецьмі, а таксама пэнсіянэры. «Выдуманыя чыноўнікамі» каэфіцыенты, кажуць яны, завышаныя і ня ўлічваюць таго, што было зроблена ў інтэрнатах за сродкі жыхароў. Яны настойваюць, што стан інтэрнатаў ня быў абсьледаваны, таму падвышэньне аплаты не абгрунтаванае.
Жыхары спасылаюцца на палажэньне «Аб інтэрнатах», згодна зь якім за ўтрыманьне і рамонт інтэрната мае адказваць дзяржаўная арганізацыя, на балянсе якой ён знаходзіцца. Кажуць, што сваіх абавязкаў тая ня выканала. «Цяпер жа ўсе выдаткі кладуцца на плечы тых, хто жыве ў інтэрнаце», — абураюцца людзі.
Жыхары інтэрната, што ў Магілёве на вуліцы Крупскай, 180, напісалі ў аблвыканкам: за 33 гады, як інтэрнат пабудавалі, яго не рамантавалі. Не мянялі ні ліфтаў, ні электрапліт у кухнях (50–70 працэнтаў часткова або зусім не працуюць), ні сантэхнікі, ні электрыкі. Іх стан у звароце ахарактарызаваны як «жахлівы». Усё, што функцыянуе ў інтэрнаце, настойваюць яго жыхары, — заслуга не дзяржавы, а людзей.
«Чаму нам не далі ў свой час прыватызаваць пакоі ў інтэрнатах? І праблемы зь іх аплатай не было б. Тады нам казалі, што Лукашэнка ня выдаў загад аб прыватызацыі інтэрнатаў. Цяпер жа зь іх спрабуюць зрабіць арэнднае жытло, хоць у абгрунтаваньні ўвядзеньня каэфіцыентаў пра арэнднае жытло ня згадваецца», — кажа жыхарка аднаго з інтэрнатаў, якая назвалася Зояй Паўлаўнай.
Жыхар інтэрната: Давядзецца плаціць, куды падзенесься
Цяпер жыхары інтэрнатаў зьвяртаюцца ў органы выканаўчай улады са спадзевам, што плацеж зьменшаць. Яны настойваюць: у Менску плата за карыстаньне інтэрнатам у разы меншая, чым у Магілёве. Для другой катэгорыі інтэрнатаў жыхар сталіцы плаціць зыходзячы з каэфіцыенту 0,3, а магілёвец мусіць плаціць у пяць разоў болей.
«Просім улічыць, што бальшыня жыхароў — гэта сем’і з малалетнімі дзецьмі з даходамі ад 300 да 350 рублёў, таму сума аплаты за карыстаньне памяшканьнем значна завышаная», — аргумэнтуюць сваю пазыцыю жыхары інтэрната.
У жыхара інтэрната, трыццацігадовага Мікалая — сям’я з чатырох чалавек. Двое зь іх — малалетнія дзеці. Ён кажа, што за пакой у інтэрнаце плаціць значна больш, чым іншы за кватэру.
«У сакавіку я заплаціў за камунальныя паслугі 107 рублёў. У сакавіку гэтая сума складзе ўжо 174 рублі. За 40 квадратных мэтраў кватэры, як плошча майго пакоя, мае знаёмыя плацяць блізу 40 рублёў. Зразумела, што мне падзецца няма куды, таму давядзецца плаціць. Але я не магу ўцяміць, зь якой такой прычыны зьявіўся гэты каэфіцыент», — абураецца Мікалай.
Наступныя суразмоўцы, маладажоны Тацяна і Сяргей, жывуць у пакоі інтэрната трэцяй катэгорыі плошчай 14 квадратных мэтраў. Паводле іхніх падлікаў, новы каэфіцыент зробіць камунальныя паслугі «цяжэйшымі» на 18 рублёў.
«Што мы можам зрабіць? Павысілі плату — ну, ставімся да гэтага як да факту. Супрацьпаставіць мы нічога ня можам. Калі б усе падняліся супраць... А так, як буду супраць, мне скажуць: „Ня згодны — высяляйся“. Мне няма куды. А наагул незразумела, адкуль узялі гэтыя каэфіцыенты. Мы ж плацім больш, чым за кватэру з такой жа плошчай. За наш невялікі пакой будзе выходзіць пад семдзесят рублёў», — кажа Сяргей.
Жыхар інтэрната: Каб дамагчыся справядлівасьці, варта аб’ядноўвацца інтэрнатамі
У адным з магілёўскіх інтэрнатаў жыве актывіст аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Алег Аксёнаў. Камэнтуючы сытуацыю з новым плацяжом, ён прыгадаў, што летась жыхары ягонага інтэрната спрабавалі разабрацца з расцэнкамі за электрычнасьць https://www.svaboda.org/a/28210861.html. Яны вінавацілі ўладальніка ў беспадстаўным завышэньні тарыфаў. Свайго не дамагліся.
«Практыка паказвае, што дамагчыся нечага паасобку, як гэта было з расцэнкамі за электрычнасьць, немагчыма. Пазьней высьветлілася, што тарыфы былі завышаныя ня толькі ў нашым інтэрнаце, і калі б мы аб’ядналіся, то змаганьне было б больш эфэктыўным, — кажа партыец. — Цяпер нам неабходна аб’ядноўвацца інтэрнатамі, каб дамагчыся зьніжэньня плацяжу, які невядома як вылічваўся. Для мяне зразумела, што жыльлёва-камунальная гаспадарка выкарыстоўвае інтэрнаты, каб зарабляць і мець прыбытак».
Актывіст настойвае: дзяржава апошнія гады не ўкладала грошы ў паляпшэньне камфорту пражываньня ў інтэрнатах. Самі жыхары, кажа ён, зьбіралі талакой сродкі, каб «жыць у іх па-людзку». Суразмоўца зьвяртае ўвагу, што ў ягоным інтэрнаце не адзін год цячэ дах — і зваротаў камунальнікі ня чуюць.
На думку актывіста, новы плацеж дае глебу для росту сацыяльнага напружаньня, якое дасьць сябе знаць, калі жыхары інтэрнатаў атрымаюць жыроўкі з новымі расцэнкамі. Ён адзначае, што і цяперашнія ня ўсім па кішэні, таму нямала даўжнікоў. З новым плацяжом колькасьць тых, хто ня можа плаціць за інтэрнат, значна вырасьце, прагназуе Алег Аксёнаў.
Камунальнік: цяпер бясплатных дзяржаўных кватэраў няма. Ёсьць камэрцыйнае жытло
Камунальнікі тлумачаць, што плацеж за карыстаньне жылымі памяшканьнямі ў інтэрнатах быў уведзены ў 2013 годзе Жыльлёвым кодэксам, а летась Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю распрацавала мэтадычкі-рэкамэндацыі, як яго налічваць. Пастанова аб вызначэньні гэтай аплаты зацьверджана старшынём Магілёўскага аблвыканкаму Ўладзімерам Даманеўскім сёлета 18 лютага.
У абласным упраўленьні жыльлёва-камунальнай гаспадаркі кажуць, што ў насельніцтва «ўзьніклі пытаньні» да новага плацяжу, і цяпер экспэрты «прапрацоўваюць магчымасьці якіх-кольвек зьменаў па гэтай аплаце». З насельніцтвам праводзіцца тлумачальная праца, кажуць камунальнікі. Разглядаецца пытаньне пра зьніжэньне каэфіцыенту.
Начальнік аддзелу жыльлёвага фонду ўпраўленьня абласнога ЖКГ Артур Гарбакоўскі кажа: дадатковых крыніц фінансаваньня ў арганізацый, якія абслугоўваюць інтэрнаты, няма. Таму «за кошт сабраных ад новага плацяжу сродкаў» плянуецца паляпшаць умовы пражываньня ў інтэрнатах: мяняць пліты на кухнях, санітарна-тэхнічнае абсталяваньне.
Суразмоўца нагадаў, што ў дзяржаўным жыльлёвым фондзе ўжо няма бясплатных дзяржаўных кватэраў, а ёсьць камэрцыйны жыльлёвы фонд.
Паводле камунальнікаў, на Магілёўшчыне 100 інтэрнатаў. Страты па іх утрыманьні сягаюць 100 тысяч рублёў, і гэтае сума расьце. Большасьць інтэрнатаў належаць раённым жыльлёва-рамонтным эксплюатацыйным упраўленьням.