Госьць «Інтэрвію тыдня» — заснавальнік парталу Tut.by Юры Зісер. Ён тлумачыць, чаму ня бачыць нічога апазыцыйнага ў сьвяткаваньні стагоддзя БНР, заяўляе, што ідэя нацыянальнай дзяржавы даўно памерла, і называе тры фундамэнтальныя каштоўнасьці сваёй кампаніі.
Ня можа нацыянальная ідэя заключацца ў вяртаньні да нейкіх «вытокаў»
— Калі не памыляюся, 25 сакавіка вы ўпершыню ў жыцьці прымалі ўдзел у апазыцыйным мітынгу ў якасьці выступоўцы. Вы не апазыцыянэр, вы прадпрымальнік, якому, вобразна кажучы, ёсьць што губляць. Ці былі ў вас сумневы, калі вас запрасілі выступіць на Дні Волі, наконт таго, ці варта гэта рабіць?
— Я практычна адразу пагадзіўся, бо не лічыў гэтае мерапрыемства апазыцыйным. Што можа быць апазыцыйным у сьвяткаваньні стагодзьдзя БНР? Тым больш што гэтае мерапрыемства падтрымала дзяржава, забясьпечыла ахову, мэдыцыну і гэтак далей. Так, гэты дзень не ўваходзіць у сыстэму дзяржаўных сьвятаў.
Увогуле кажучы, я не павінен займацца палітыкай. Бо мэдыя і палітыка, увогуле кажучы, несумяшчальныя. Альбо я павінен займацца мэдыя — тады быць аб’ектыўным і над схваткай. А калі я за нешта выступаю, то я ўжо не над схваткай, я ўдзельнік і не магу быць бесстароньнім. Таму палітыка мне забароненая маім статусам. Але ў сьвяткаваньні стагодзьдзя БНР я ніякай палітыкі ня бачу. Дый прамова мая была не палітычная.
— Калі казаць пра вашую прамову, то яны выклікала даволі прыкметную дыскусію ў сацыяльных сетках. Найбольш актыўна людзі абмяркоўвалі ваш тэзіс, што нельга прыватызаваць нацыянальную ідэю. Вашы апанэнты адзначалі, што за дзесяцігодзьдзі беларуская нацыянальная ідэя была ўжо сфармаваная ў пэўных рысах, і калі яе мяняць — то гэта будзе ўжо іншая ідэя. Ці вы лічыце, што гэта жывы працэс, над якім трэба працаваць, мяняць?
— Я часткова адказаў на гэтае пытаньне ў сваім выступе. Што будучыня краіны ня можа заключацца ў яе мінулым. Што тое, што было сто гадоў таму ці нават 50 гадоў таму — мяняецца на вачах. Ідэя нацыянальнай дзяржавы памерла 50 гадоў таму, пачала паміраць яшчэ раней.
Тым болей у нашых умовах. У нас поліэтнічная дзяржава, у нас шмат народаў і моваў. Таму нацыянальная ідэя можа ўспрымацца толькі ў грамадзянскім сэнсе, а не ў этнічным ці моўным. Ня можа нацыянальная ідэя заключацца ў вяртаньні да нейкіх «вытокаў». Бо за сто гадоў усё зьмянілася.
Яшчэ мяне крытыкавалі, што я адмовіўся падчас прамовы вымавіць «Жыве Беларусь». У многіх людзей чорна-белае мысьленьне. Яны лічаць, што калі я не хачу ўключаць гэтыя словы ў сваю прамову, то я супраць. У многіх аднамернае мысьленьне, яны гэта ўспрынялі так, што я супраць незалежнасьці. Большага трызьненьня і прыдумаць нельга.
— Вы, здаецца, адзіны, хто з трыбуны 25 сакавіка выступаў па-расейску. Мяркую, калі б вы захацелі — то маглі б выступіць па-беларуску. Але вы вырашылі, што па-расейску вам будзе выступаць лепш. Якія тут у вас былі аргумэнты?
— Па-першае, мне так прасьцей. Усё-ткі я не вучыў беларускую мову ў школе, я вучыў украінскую. А па-другое, гэта ў пэўнай ступені было пытаньнем прынцыпу. Не сакрэт, што пераважная большасьць жыхароў Беларусі рускамоўныя. Таму мне падалося важным данесьці свой мэсыдж да рускамоўных. Бо для беларускамоўных і безь мяне там было шмат сьпікераў. Мне падалося важным выступіць на расейскай мове, каб адысьці ад адчуваньня нейкай сэкты.
Улады прыглядаюцца да магчымасьці легалізаваць 25 сакавіка
— Камэнтуючы ў Фэйсбуку паводзіны ўладаў у дзень 25 сакавіка, вы ўжылі слова «амбівалентныя». Магчыма, каб не ўжываць слова «шызафрэнічныя» — настолькі яны былі супрацьлеглыя ў некаторых праявах. Чым гэта тлумачыцца? Яна самі спалохаліся свайго лібэралізму і вырашылі паддаць звычайных рэпрэсій, каб народ не забываў, дзе знаходзіцца?
— Я думаю, гэта быў пробны камень, і таму ўлада шарахалася ў розныя бакі. То дазволіць, то прымусіць студэнтаў расьпісвацца, каб не ішлі. Са стужачкамі ўнутры можна, а звонку нельга. Хаця ў гэтым няма ніякай лёгікі, бо гэтая сымболіка не забароненая. Я бачыў людзей, якія хадзілі па горадзе зь бел-чырвона-белымі фарбамі на шчоках, і іх ніхто не чапаў.
1944 год ні па якіх мерках ня можа быць сьвятам незалежнасьці. Патрэбна нейкая іншая дата — альбо 1991 год, альбо 1918
Лёгікі ў дзеяньнях уладаў было мала. Я думаю, яны прыглядаюцца да магчымасьці легалізаваць гэты дзень. Бо 3 ліпеня... Мы ўсе шануем ахвяраў Другой усясьветнай вайны, але 1944 год ні па якіх мерках ня можа быць сьвятам незалежнасьці. Патрэбна нейкая іншая дата — альбо 1991 год, альбо 1918.
Улада як палівала брудам усіх, хто зь ёй ня згодны, так і палівае
— Як вы ставіцеся да працэсу, пра які адны пішуць, другія адмаўляюць яго існаваньне — збліжэньня розных Беларусяў? Мяркую, важна менавіта вам задаць гэтае пытаньне — бо вы стаіце паміж гэтымі выразнымі барыкадамі.
— Сур’ёзнага збліжэньня я ня бачу. Улада як палівала брудам усіх, хто зь ёй ня згодны, так і палівае. Мне спадабалася нататка ў «Нашай Ніве», якая дала загаловак «Што напісалі дзяржаўныя СМІ пра Дзень Волі?» Адкрываю артыкул, і бачу адно слова — «Нічога». Гэта бліскучая нататка. Але гэта ўжо прагрэс — хаця б ня лаялі.
БТ прысьвяціла Дню Волі 28 сэкундаў. Астатнія дзяржаўныя мэдыя прамаўчалі
Зь іншага боку, зацятыя прыхільнікі поглядаў стогадовай даўнасьці ненавідзяць усіх, хто гаворыць на расейскай мове, ненавідзяць Расею, ненавідзяць усіх, хто думае ня так, як яны. Мая прамова была накіраваная на аб’яднаньне беларусаў — каб яны заняліся агульнай справай, умацаваньнем незалежнасьці і грамадзянскай супольнасьці.
Я ўвогуле чытаю Tut.by адзін ці два разы ў дзень
— Вы на пачатку нашай размовы сказалі, што не павінны займацца палітыкай. Але як палітыка ўмешваецца ў справы Tut.by? Рэдакцыя, як вы неаднаразова заяўлялі, дзейнічае ад вас дастаткова незалежна. Але ў чым тады ваша функцыя?
— Магчыма, як любы заснавальнік, я нейкі сьцяг. Людзі мяне атаясамліваюць з рэдакцыяй, многія думаюць, што я сяджу і вычытваю кожны з 200 матэрыялаў кожны дзень. Насамрэч я ўвогуле чытаю Tut.by адзін ці два разы ў дзень. Многія ўвогуле ня ведаюць, што я праграміст, а не журналіст, і ніколі ня меў адносінаў да працы рэдакцыі. Яны незалежныя, яны робяць што хочуць.
А я нясу адказнасьць, апраўдваюся. Нападкі ідуць і справа, і зьлева. Адны лічаць нас апазыцыйным СМІ, іншыя — прадзяржаўным, што мы выданьне КДБ. На самой справе мы незалежныя, і многім гэта вельмі цяжка зразумець. Я ня ўмешваюся ў рэдакцыйную палітыку, не спрабую ўплываць на працэсы. Гэта прынцыпова, і гэта заходні падыход, калі рэдакцыя працуе, а ўласьнік лічыць грошыкі.
— У любым выпадку ўласьнікі задаюць сваім аўтарытэтам і поглядамі нейкі накірунак для свайго СМІ. Усе ведаюць, што CNN — пераважна за дэмакратаў, Fox — за рэспубліканцаў. Кірунак падыходаў Tut.by вызначаецца толькі рэдакцыяй, ці вы як заснавальнік калісьці ўсё ж задалі нейкія асноўныя прынцыпы?
— Напэўна, усё пачалося з нашага галоўнага рэдактара — Марыны Золатавай. Я ўплываў як мінімум тым, што выбіраў, хто будзе галоўным рэдактарам, і выбіраў асабіста рэдактараў, калі я яшчэ займаўся найманьнем. Шмат чаго ў любой арганізацыі залежыць ад каштоўнасьцяў першай асобы. «Рыба гніе з галавы». Але яна можа і квітнець. Так што нейкі ўскосны мой уплыў, відавочна, ёсьць. Але не прамы.
Адзін знаёмы бізнэсовец, заглыбіўшыся ў працу Tut.by, зьдзіўляўся — «Што гэта ўвогуле за фірма, дзе Зісер нічым не кіруе?» Але я сапраўды ня ўмешваюся, я даю магчымасьць людзям рабіць тое, што яны лічаць патрэбным. І гэта адна з трох фундамэнтальных каштоўнасьцяў нашай кампаніі — свабода, сумленнасьць і права на памылку.
— Часам людзі ў тых жа сацыяльных сетках разважаюць на тэму, як улада ўплывае на незалежныя СМІ. Адкажыце на пытаньне, якім цікавяцца многія — як улада ўплывае на Tut.by? Ці ёсьць нейкія званкі, размовы, пажаданьні?
— Вядома, да нас зьвяртаюцца дзяржаўныя органы з самымі разнастайнымі просьбамі. Самая частая — «Здыміце публікацыю». Але мы не здымаем, бо гэта адразу ўсе заўважаць. Здымаюцца публікацыі, можа, некалькі разоў на год, калі там ёсьць факты, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці. Улічваючы, што мы ставім 200 публікацый у суткі — такое вельмі рэдка, але бывае. Аднак калі камусьці проста не падабаецца артыкул, мы нічога не здымаем. Мы не павінны гэта рабіць, бо іначай страцім давер карыстальнікаў.
Усе сайты сёньня роўнадаступныя, усё дасягаецца адным клікам, і ўсё бясплатна. Чалавек выбірае той ці іншы сайт дзеля даверу і рэпутацыі. Таму мы тлумачым, што ня можам нічога зьняць, і ўсё. Вядома, часта нездаволеныя, скардзяцца — але працуем, пакуль не зачыняюць.