Пачынаючы ад сёньня, у рубрыцы «Варта» раз на тыдзень будуць зьяўляцца адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў.
Абапіраючыся на некаторыя ўзоры падобных анкетаў у заходніх пэрыядычных выданьнях, мы падрыхтавалі два дзясяткі пытаньняў, якія паступова будзем рассылаць розным чытачам, просячы іх адказаць па магчымасьці своечасова і вычарпальна.
Аб’ёму тэкстаў не абмяжоўваем — можна адказваць і па старонцы на адно пытаньне. Чым менш фармальны і больш суб’ектыўны адказ, тым лепш для ўсёй справы. Калі рэспандэнт палічыць нейкае пытаньне неістотным для свайго чытацкага досьведу, можа яго абмінуць.
У першую чаргу будзем прасіць адгукнуцца на нашу апытанку «людзей слова» — пісьменьнікаў, перакладчыкаў, журналістаў... Яны, як нам падаецца, найлепш разумеюць, пад якой пагрозай апынулася культура чытаньня і сама кніжная культура ў наш тлумны век карцінак і мэмаў у інтэрнэце. Гэта яшчэ не «451 градус паводле Фарэнгейта», але тэмпэратура ўжо даўно перавысіла ўсе дапушчальныя нормы...
Давайце дзяліцца досьведам і радасьцю ад чытаньня літаратуры, памеры якой перасягаюць адну пракрутку тэксту на экране нашых лэптопаў.
Давайце чытаць пра тое, як файна чытаць файную літаратуру.
Ну і давайце чытаць файную літаратуру.
Наша першая апытанка ТУТ.