У Валакаламску ўлады раздаюць жыхарам маскі і рэсьпіратары

Людзі ў ахоўных камбінэзонах на мітынгу ў Валакаламску 24 сакавіка дамагаюцца закрыцьця сьмецьцевага палігону «Ядрава»

Адміністрацыя Валакаламску і прадстаўнікі Міністэрства надзвычайных сытуацый раздаюць мясцовым жыхарам маскі і рэсьпіратары пасьля таго, як 29 сакавіка людзі выйшлі на чарговы мітынг у сувязі з інфармацыяй аб новым выкідзе звалачнага газу на сьмецьцевым палігоне «Ядрава».

Улады вырашылі закупіць ужо другую партыю сродкаў індывідуальнай абароны і раздаваць іх жадаючым.

У Валакаламску ад 30 сакавіка ўведзены рэжым павышанай гатоўнасьці, і МНС не плянуе ўводзіць рэжым надзвычайнай сытуацыі, паведамляе «Інтэрфакс».

21 сакавіка ў цэнтральны раённы шпіталь Валакаламску зьвярнуліся 50 дзяцей з розных школаў гораду са скаргамі на млоснасьць і галаўныя болі. У горадзе адчуваўся рэзкі пах серавадароду. У прэс-службе мясцовай адміністрацыі пацьвердзілі, што ў ноч на 21 сакавіка адбыўся чарговы залпавы выкід газу з палігону «Ядрава».

Празь некалькі гадзін каля шпіталя, куды даставілі дзяцей, сабраліся больш за сотню чалавек — яны сустрэлі губэрнатара Маскоўскай вобласьці Андрэя Вараб’ёва з крыкамі «Ганьба!», «У адстаўку!», «Забойцы!». Вараб’ёву ўдалося выйсьці з кальца людзей толькі праз 10–15 хвілін. Да шпіталя прыехалі супрацоўнікі АМАПу.

23 сакавіка губэрнатар вобласьці Андрэй Вараб’ёў адправіў у адстаўку кіраўніка Валакаламскага раёну Маскоўскай вобласьці Яўгена Гаўрылава.

«Роспотребнадзор» не знайшоў перавышэньняў гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі шкодных рэчываў у паветры. Галоўныя фэдэральныя тэлеканалы тэму пратэстаў ніяк не асьвятлілі.