У чарговым кніжным аглядзе — навінкі перакладных бэстсэлераў ад менскага прыватнага выдавецтва «Логвінаў».
1. Узі Вайль. «Буржуазія задаволена не да канца». Пераклад з іўрыту Паўла Касьцюкевіча. Апавяданьні і скетчы
Майстар кароткай прозы, ізральскі пісьменьнік і сцэнарыст Узі Вайль добра вядомы беларускаму чытачу па публікацыях у газэтах «Наша Ніва», «Мы яшчэ тут!», а таксама ў часопісе ARCHE і «Начной чытанцы» Радыё Свабоды. Яго апавяданьне «Чалавек, які скраў Сьцяну Плачу» ў 2009 годзе дало назву першай анталёгіі ізраільскай прозы па-беларуску.
У кнізе сабраныя апавяданьні і скетчы аўтара, якія моцна розьняцца паводле мэтаду: адны зь іх — рэалістычныя, іншыя — фантастычныя, трэція — містычныя, але ўсе яны маюць справу зь няўлоўнай сутнасьцю шчасьця, каханьня, сьмерці і болю, прыпраўленыя стракатай блізкаўсходняй рэчаіснасьцю.
2. Лэсь Бэлэй. «Ліхія дзевяностыя: любоў і нянавісьць ва Ужгарадзе». Пераклад з украінскае Ліды Наліўкі. Літаратура факту
Лэсь Бэлэй — сучасны ўкраінскі паэт, публіцыст, кандыдат філялягічных навук, спадчынны мовазнаўца. «Ліхія дзевяностыя: любоў і нянавісьць ва Ужгарадзе» — ягоная першая кніга рэпартажаў. Гэта спроба культуралягічнага нарысу эпохі дзевяностых: трансфармацыі, дэфіцыт, дзікі капіталізм, спроба выжываньня, шоп-туры ў суседнюю Польшчу, крымінал, кантрабанда, зьяўленьне поп-культуры... Кніга — кантынэнт гісторый на зломе эпох, вядомы і зразумелы таксама і беларусам.
3. Сяргей Пясецкі. «Яблычак». Пераклад з польскае Віктара Шукеловіча
«Яблычак» — першы раман зь «Менскае трылёгіі» Сяргея Пясецкага, слыннага польска-беларускага празаіка. Аўтар з уласьцівым яму калярытнасьцю расказвае пра закрыты і поўны таямніц зладзейскі асяродак Менску пачатку XX стагодзьдзя. Дзеяньне ў рамане разгортваецца ў часы абвяшчэньня БНР, раньняй вясною 1918 году, калі Першая сусьветная вайна ператварыла Менск у прыфрантавы горад, куды з усіх канцоў Эўропы і былой Расейскай імпэрыі з надзеяй на вялікі і хуткі заробак сьцягнуліся зладзеі, прастытуткі і махляры.
4. Чак Паланюк. «Байцоўскі клюб». Пераклад з ангельскае Сержа Мядзьведзева. Раман. Сэрыя «Амэрыканка»
Першае правіла Байцоўскага клюбу — не гаварыць пра Байцоўскі клюб. І калі ты трымаеш у руках гэтую кнігу — значыцца, нехта яго парушыў. Думаеш, мы тут проста б’ём адно аднаму морды? Памыляесься. Сэнс ня ў бойцы. А ў тым, хто ты, калі выходзіш на бой. У тым, з чым ты насамрэч бʼесься. З кім ты насамрэч б’есься. Нідзе не адчуваеш сябе настолькі жывым, як у Байцоўскім клюбе. Тут усе мы ня тыя, хто ў рэальным жыцьці. Мы сапраўдныя. Свабодныя. Шчасьлівыя. Ведаеш, чаму? Не? Прачытаеш — дазнаесься. Толькі нікому пасьля не кажы, згода?
Гэтая кніга — перавыданьне культавага раману ў сэрыі «Амэрыканка».
5. Эміль Гакл. «Нормы камічных паводзін». Пераклад з чэскае Сяргея Сматрычэнкі і Вольгі Патапавай. Раманы
Раманы «Пра бацькоў і дзяцей» і «Нормы камічных паводзін» зьвязваюць між сабой постаці дзьвюх асобаў — апавядальніка (у якім мы пазнаём многія рысы самога аўтара) і ягонага бацькі. Чытач выпраўляецца на прагулянку з галоўнымі героямі, у размовах якіх чаргуюцца ўспаміны, дзіцячыя траўмы ці камэнтары актуальных ды гістарычных падзей, і з гэтага паўстае цэльны вобраз ня толькі жыцьця апавядальніка, але і ўсёй чэхаславацкай эпохі.