Аляксандар Лукашэнка даручыў шукаць новыя рынкі на фоне праблемаў з пастаўкамі прадуктаў у Расею. Пра гэта ён заявіў падчас рабочай паездкі ў Дзяржынскі раён.
«Што тычыцца экспарту, шукайце іншыя рынкі, — цытуе Лукашэнку БелТА. — Калі Расея нас не разумее і разумець ня хоча, ну што ж, сустрэнемся з прэзыдэнтам пасьля інаўгурацыі, абмяркуем дэталёва і капітальна ўсе пытаньні. Калі яны вырашылі нас нахіляць незразумела за што, тады будзем шукаць сваё шчасьце ў іншым месцы. Нельга на адным рынку ўвесь час сядзець».
Дамовы па пастаўках беларускай малочнай прадукцыі ў Расею яшчэ не падпісаныя, працягваюцца перамовы.
«Хтосьці адкаты атрымаў за тое сухое малако з Новай Зэляндыі, — сказаў Лукашэнка. — Што прывезьлі, чым народ кормяць? Іх праблема. Яны гэтага не разумеюць і разумець ня хочуць. Таму што ўсюды адкаты. А мы павінны бачыць свае інтарэсы. Мы ім дрэннага нічога не вязём. Дый самі кантралёры кажуць: каб у Расеі было так, як у Беларусі. Таму будзем вызначацца сёлета. Добрую справу робім — і на каленях пастаянна стаім».
Удзельнікі нарады казалі, што захады расейскага боку ў блякаваньні паставак з шэрагу беларускіх прадпрыемстваў зьвязаныя з пастаўкамі ў Расею вялікага аб’ёму сухога малака з Новай Зэляндыі. Дадатковая беларуская прадукцыя, у сваю чаргу, прымушае зьніжаць цэны на расейскім рынку.