30 сакавіка ў судзе Барысава і Барысаўскага раёну абвешчаны прысуд прапаршчыку Ігару Хішчанку з 72-га вучэбнага цэнтру ў Печах.
Яго прызналі вінаватым у службовых злоўжываньнях, зьдзеку з салдатаў, атрыманьні хабару ды іншых злачынствах. Ігар Хішчанка асуджаны на 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці і пазбаўленьнем званьня прапаршчыка.
Адносна 59-й школы 72-га вучэбнага цэнтру суд вынес прыватнае вызначэньне.
Хішчанка і ягоны адвакат яшчэ ня вырашылі, ці будуць абскарджваць прысуд.
Працэс над Ігарам Хішчанкам праходзіў з пачатку сакавіка, суд выслухаў, у тым ліку празь відэасувязь, 18 пацярпелых і 17 сьведак, вывучыў 15 тамоў крымінальнай справы.
Паводле сьледзтва, прапаршчык Ігар Хішчанка ўжываў да вайскоўцаў, якія праходзілі навучаньне ў 72-м вучэбным цэнтры, электрашокер, караў іх за нязначныя парушэньні дысцыпліны ўдарамі па галаве, біў па целе ўказкай і скруткамі з газэт, прымушаў купляць яму ў краме прадукты і цыгарэты, абражаў словамі ды зьдзекаваўся. У тым ліку, паводле сьведак, прапаршчык прымусіў шарагоўца зьесьці цыбуліну за тое, што той зьеў у салдацкай сталоўцы лішні сьняданак.
Катаваў электрашокерам, біў па галаве, забіраў грошы. У Барысаве судзяць прапаршчыка з вучэбкі ў Печах
Збольшага сваю віну Ігар Хішчанка ў судзе прызнаў, у тым ліку тое, што караў недазволенымі мэтадамі сваіх падначаленых. Ён тлумачыў гэтыя ўчынкі тым, што ня мог інакш навесьці парадак і дысцыпліну. Як і на сьледзтве, прапаршчык папрасіў у судзе прабачэньня ў пацярпелых.
Як вынікае з матэрыялаў справы, злачынствы Ігара Хішчанкі адбываліся ў 2016 і 2017 гадах. Праверка дзеяньняў прапаршчыка пачалася ўвесну 2017 году, а ягоная крымінальная справа была завершаная і перададзеная ў суд ужо пасьля сьмерці ў 72-м вучэбным цэнтры салдата Аляксандра Коржыча.