Ісьляндка Гатльдоўра Ґіда Махтыясдоўхтыр сфатаграфавала прэзыдэнта краіны Гудні Торлясыюса Ёўганэсана непадалёк ад яго рэзыдэнцыі. Прэзыдэнт бегаў і зьбіраў сьмецьце.
Пра гэта паведамляе Чэскае радыё.
Журналісты тлумачаць, што ў прэзыдэнта ўсё ў парадку з галавой і, насамрэч, гэта ніякі не незвычайны занятак.
Тое, што рабіў прэзыдэнт, называецца плогінг (Plogging) — гэта швэдзкае слова, якое ўтварылася ад двух іншых: «падчапіць» і «бегчы».
Гэта вельмі папулярная ў Швэцыі новая тэндэнцыя і новы від фітнэс-актыўнасьці, калі людзі бегаюць трухам і адначасова зьбіраюць сьмецьце ў пакеты. Нехта робіць гэта на самоце, іншыя практыкуюць плогінг парамі, трымаючы разам пакет для сьмецьця.
Цяпер плогінг робіцца папулярным ў скандынаўскіх краінах і ў сьвеце наагул.
Прэзыдэнт Ісьляндыі вядомы тым, што актыўна падтрымлівае ісьляндзкіх спартоўцаў і наведвае спаборніцтвы з іх удзелам. Вядомыя таксама аматарскія відэа-ролікі, якія прэзыдэнт запісваў разам з жонкай для падтрымкі, напрыклад, ісьляндзкіх футбалістаў.